З гэтага панядзелка для аказання медыцынскай дапамогі жыхарам сельскай мясцовасці з Пастаў штодзень пачаў выязджаць перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт.
Пастаўская ЦРБ атрымала ФАП на колах у другой палове кастрычніка па лініі цэнтралізаваных закупак Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой міні-амбулаторыю на базе грузавога аўтамабіля «МАЗ», фургон якога раздзелены на тры пакоі: гінекалагічны кабінет з адпаведным абсталяваннем, пакой чакання для пацыентаў і кабінет для правядзення асноўных медыцынскіх аглядаў і маніпуляцый. У машыне маюцца абагравальнікі і кандыцыянер для круглагадовага камфортнага знаходжання медработнікаў і наведвальнікаў, рукамыйнікі, кварцавыя лямпы, некалькі крыніц сілкавання: бензінавы генератар і акумулятары для работы без падключэння да электрычнай сеткі. Кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы даўкамплектавала ФАП электракардыёграфам, наборам неабходных лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, і 3 лістапада ён упершыню выйшаў на маршрут.
Пакуль на перасоўным ФАПе працуе толькі памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе аддзялення ўрачоў агульнай практыкі Андрэй Пупкевіч. Да яго на месцы выезду далучаецца фельчар, які адказвае за дадзены ўчастак раёна. У далейшым у вёскі будуць выязджаць таксама неабходныя там вузкія спецыялісты: кардыёлаг, гінеколаг, хірург і інш. Складзены графік выездаў на месяц, зацверджаны галоўным урачом ЦРБ і намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам. Ён размешчаны на сайце райбальніцы, а таксама ёсць у фельчараў, якія загадзя папярэджваюць вяскоўцаў пра прыезд ФАПа.
У аўторак паназіраць за яго работай у вёсцы Рудзевічы Навасёлкаўскага сельсавета вырашыла карэспандэнт «ПК». Перш чым прыбыць туды, ФАП заехаў у Навасёлкі, каб забраць з сабой медыцынскую сястру агульнай практыкі мясцовай урачэбнай амбулаторыі Алу Сукманаву. У 10 гадзін раніцы ў цэнтры Рудзевіч яго ўжо чакалі 9 мясцовых жыхароў, якіх напярэдадні Ала Мар’янаўна запрасіла па тэлефоне на прыём.
Адной з тых, хто прыйшоў праверыць здароўе, была 75-гадовая Фаіна Іжмайловіч. Жанчыне зрабілі электракардыяграму, узялі кроў на біяхімічны і агульны аналіз, змералі тэмпературу цела, артэрыяльны і ўнутрывочны ціск і зрабілі прышчэпку ад грыпу.
— Вельмі рада, што да нас будзе прыязджаць перасоўны ФАП, — гаварыла пенсіянерка пасля прыёму. — Амаль усе жыхары вёскі майго ўзросту, і нам складана даехаць у бальніцу ў Паставы або ў навасёлкаўскую амбулаторыю. Цяпер трапіць да ўрача можна без праблем.
— Мяне непакоіць артэрыяльны ціск, ды і цукар высакаваты, — дзялілася Вера Лешчык. — У бальніцы бываю нячаста. А тут яна сама прыехала дадому. Як не прыйсці і не праверыцца?! Перасоўны ФАП — вялікая зручнасць для людзей. Дзякуй таму, хто ўсё гэта прыдумаў і арганізаваў.
Задаволены новай паслугай таксама 69-гадовы Сяргей Волкаў. Асаблівых нараканняў на здароўе ён не мае. Адзіная праблема з маладосці — бяссонніца. Мужчына спадзяецца, што медыкі дапамогуць яе вырашыць.
У Рудзевічах перасоўны ФАП знаходзіўся да 12 гадзін. Затым накіраваўся ў Прамышляды, дзе на прыём запісаліся 4 чалавекі.
— У панядзелак мы з Алай Мар’янаўнай былі ў Грэйцеве і Курсевічах, — расказваў Андрэй Пупкевіч. — Прынялі 19 пацыентаў. Яшчэ да трох інвалідаў І групы з ампутацыйнай куксай прыехалі непасрэдна дамоў. Праводзілі стандартныя абследаванні і працэдуры. Двум пацыентам з артэрыяльнай гіпертэнзіяй пасля аказання дапамогі на месцы парэкамендавалі звярнуцца да ўрача-спецыяліста, каб скарэкціраваць лячэнне.
Павел Качан, галоўны ўрач УАЗ «Пастаўская ЦРБ»
— Аказанне медыцынскай дапамогі на сяле — адна з прыярытэтных задач у рэалізацыі палітыкі нашай дзяржавы. На Пастаўшчыне вялікая колькасць населеных пунктаў знаходзіцца далёка ад райцэнтра і стацыянарных ФАПаў. Там пражываюць у асноўным пажылыя людзі, якім асабліва патрэбна медыцынскае назіранне і многія з якіх не могуць самі дабрацца ў лячэбную ўстанову. Для іх і створаны перасоўны ФАП. На ім можна прайсці медагляд, здаць аналізы, зрабіць электракардыяграму, набыць неабходныя лекавыя сродкі.
Алена Шапавалава



