Земледельцы Поставщины готовят почву под новый урожай

Сельское хозяйство

Асноўныя сельскагаспадарчыя работы завершаны. Але тэхніка на палях не змаўкае. Земляробы рыхтуюць глебу пад новы ўраджай, прымяніўшы надзейны аграпрыём — ворыва. Па раёне зябліва трэба ўзняць на плошчы 16 000 гектараў. Згодна з інфармацыяй райсельгасхарчу, на 6 лістапада ўзарана 5 265 га.

Найбольшы працэнт зробленага — у ААТ «Хацілы-агра». З запланаваных 1 374 гектараў узарана 935, што скаладае 68%. У аўторак пры дарозе на Курты ўбачыла трактар з плугамі. Вырашыла даведацца, хто на ім працуе. У маладым механізатары, які адкручваў нейкую запчастку, пазнала Віктара Крупеніна. Упершыню з ім пазнаёмілася некалькі гадоў назад. Хлопец тады працаваў памочнікам камбайнера ў хацілаўскага механізатара Уладзіміра Банькоўскага. Памятаю, што тады вопытны камбайнер хваліў свайго памочніка. Прыемна было зноў суст­рэць Віктара ў Хацілах.

— Я родам з Сурвілішак, — расказваў. — Калі вучыўся ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы і трэба было вызначацца з месцам праходжання практыкі, папрасіўся ў ААТ «Хацілы-агра». Гаспадарка моцная, шмат добрага чуў пра ўмовы працы, зарплату. Быў вельмі задаволены, калі дырэктар даў згоду. На працягу трох практык я прыглядаўся да мясцовых механізатараў, яны — да мяне. Думаю, што і кіраўніцтва гаспадаркі тады ацэньвала мяне. Атрымаўшы дыплом, уладкаваўся сюды на пастаянна. Праўда, папрацаваў усяго дзень, і мяне прызвалі на тэрміновую службу.

Земледельцы Поставщины готовят почву под новый урожай

Віктару Крупеніну прапаноўвалі застацца служыць па кантракце, але яго цягнула да зямлі і тэхнікі. Таму вярнуўся ў Хацілы. Адразу даверылі новы МТЗ-82. Давер стараўся апраўдаць. Праз год за Віктарам замацавалі і энерганасычаны трактар. Калі ажаніўся, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзеліла сям’і добраўпарадкаваную кватэру, дзе ўжо падрастае 4-месячны Цімур.

— 13 лістапада будзе два гады, як я ў Хацілах, — працягваў Віктар. — Удзячны вопытным механізатарам за кожную падказку, навуку, маладым — за тое, што прыязна прынялі мяне ў механізатарскую сям’ю. У адным доме жывём з Андрэем Мальцам, на адной лесвічнай пляцоўцы — з Арцёмам Чашуном. Сябрую таксама з Аляксандрам Бучам і іншымі. А вось уздым зябіва сёлета як ніколі цяжкі. Калі ўзорваў поле пасля кукурузы, за дзень атрымлівалася гектараў па 10. Пераехаў на іншае — без буксіроўкі не абыхо­дзіцца. Гектары 3-4 усяго ўдаецца ўзараць. Тэхніка псуецца. Вось і цяпер чакаю запчастку, якую павінен прывезці аграном.

«Ніва» галоўнага тэхнолага хацілаўскіх палёў Канстанціна Кульманскага прымчала хутка. Віктар прыняўся мяняць шланг, а Канстанцін Кульманскі заклапочана гаварыў пра складанасці сёлетняга ворыва.

— Сёння ў полі працуюць Андрэй Малец-старэйшы, Мікалай Чашун, — расказваў. — Аляксандр Сарока, Аляксандр Буча і Віктар Нікалаеў стаяць на рамонце ў майстэрні. Добра, што ў нас заўсёды ў наяўнасці неабходныя запчасткі, механізатары іх мяняюць і зноў уключаюцца ў работу. Трактары энерганасычаныя, на іх можна працаваць з 8-9-корпуснымі плугамі. А паколькі вельмі мокра, араць даводзіцца толькі 5-корпуснымі. Пра якія тэмпы можна гаварыць?

У той жа час усе разумеюць: чым больш зябліва будзе ўзнята восенню, тым лягчэй пройдзе вясенняя пасяўная. Таму і рупяцца, наколькі гэта магчыма.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.