22 снежня – Дзень энергетыка
Напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў завітала ў Пастаўскі РЭС, каб пацікавіцца справамі калектыву.
Без сур’ёзных пашкоджанняў
— Са сваімі задачамі спраўляемся, — пачула ў адказ ад начальніка Мікалая Ожэля. — Пра гэта сведчыць стабільнае забеспячэнне ўсіх галін народнай гаспадаркі і насельніцтва электраэнергіяй. Сёлета праведзены капітальны рамонт 40 кіламетраў высакавольтных ліній і 29 кіламетраў — нізкавольтных. Даведзены да ладу 113 падстанцый, агледжаны ўсе аб’екты энергазабеспячэння, няспраўнасці і дэфекты ліквідаваны. Завершана рэканструкцыя ліній у Галбеі, Мягунах, на некаторых вуліцах Камай і Варапаева. Уведзены ў эксплуатацыю 2 трансфарматарныя падстанцыі ў мікрараёне забудовы вуліц Юблейнай—Кляра. Працягваюцца работы па замене вулічных свяцільняў на энергазберагальныя. З пачатку года іх заменена 1 218. Акрамя таго, ачышчаем ад хмызнякоў прасекі пад высакавольтнымі лініямі.
Год для энергетыкаў раёна прайшоў без сур’ёзных пашкоджанняў электрычных сетак. Такі адносна спакойны рытм работы быў не толькі таму, што прырода амаль не падносіла сваіх разбуральных сюрпрызаў. Гэта звязана і са значна большай надзейнасцю сучасных электрасетак. Сёлета, на шчасце, наш раён стыхія абмінула. А вось на дапамогу калегам са Шклоўскага раёна ў ліпені выязджала зборная брыгада майстроў Андрэя Літынскага і Аляксандра Юркаўлянца.
Своеасаблівым экзаменам, які паспяхова вытрымалі пастаўскія энергетыкі, стала электразабеспячэнне шматлікіх аб’ектаў з вялікай спажывецкай магутнасцю, задзейнічаных на спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі».
Эксперыментуюць
Апошнім часам у РЭС паступае нямала заявак ад насельніцтва на падключэнне электраацяплення і гарачага водазабеспячэння. А для гэтага ў многіх населеных пунктах трэба рэканструяваць старыя лініі электраперадачы ў больш магутныя. У філіяле «Глыбоцкія электрасеткі» сёлета вырашылі паэксперыментаваць, распрацаваўшы і падрыхтаваўшы прэзентацыю па новаўвядзенні пры падключэнні электраацяплення. Ідэю падтрымала абласное кіраўніцтва і міністр энергетыкі. Сутнасць яе ў тым, што ў домаўладанні ўстанаўліваюць рэле кантролю напружання, якое будзе рэгуляваць падачу электраэнергіі. У гэтым ацяпляльным сезоне ім ужо будуць карыстацца некалькі жыхароў Муляр, Логавінцаў і Кашыц. Калі яны застануцца задаволеныя, то распрацоўцы дадуць зялёнае святло.
«Хуткая дапамога» арганізацыі
Так нярэдка называюць дыспетчарскую службу РЭС, дзе арганізавана кругласутачнае дзяжурства. Яна — цэнтр прыняцця важных аператыўных рашэнняў. Дыспетчары забяспечваюць безаварыйную работу абсталявання, кіруюць ўсімі тэхнічнымі працэсамі на падстанцыях і рэжымамі работы электрасеткі, арганізуюць выезды брыгад і пастаянна знаходзяцца з імі на сувязі, кантралююць сітуацыю. Ім прыходзіцца весці перамовы як з абслуговым персаналам, так і са спажыўцамі электраэнергіі. А гэта патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і тактоўнасці.
Кіруе работай аператыўна-дыспетчарскай службы РЭС Дзмітрый Сярухін. Умела каардынуюць дзейнасць электраманцёраў, кантралююць стан ліній электраперадачы і абсталявання падстанцый дыспетчары Анатолій Вяршыла, Аляксей Студзянкоў, Андрэй Марціновіч, Аляксандр Багушэвіч. Усе яны заслугоўваюць самых шчырых слоў пахвалы. А Павел Вярцінскі сёлета ўдастоены ганаровага звання «Выдатнік Беларускай энергасістэмы».
Калектыў прафесіяналаў
— Мне пашчасціла ўзначальваць такі зладжаны і добрасумленны калектыў, — гаварыў Мікалай Ожэль. — Пра прафесіяналізм работнікаў сведчыць многае. Напрыклад, дыспетчар Аляксей Студзянкоў, электраманцёр Яўгеній Вежан і электраманцёр-вадзіцель Арцём Врублевіч у складзе каманды філіяла «Глыбоцкія электрасеткі» ўдзельнічалі ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства і заваявалі 1-е месца. Пасля гэтага абаранялі гонар РУП «Віцебскэнерга» на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Брэсце. Там наша брыгада таксама прызнана адной з найлепшых.
Штогод напярэдадні прафесійнага свята энергетыкі атрымліваюць узнагароды розных узроўняў. Сёлета Ганаровай граматай РУП «Віцебскэнерга» адзначаны начальнік планава-тэхнічнай групы Алег Саўлевіч, граматамі філіяла «Глыбоцкія электрасеткі» — электраманцёры Арцём Врублевіч, Аляксандр Радко, Іван Сцепаненка, Уладзіслаў Амбрасовіч, вадзіцель Славамір Савіч.
Па словах Мікалая Ожэля, многае ў рабоце калектыву залежыць і ад традыцый, закладзеных ветэранамі энергетычнай галіны раёна. З імі кіраўніцтва падтрымлівае сувязь. Яны дзеляцца сваім багатым вопытам з маладымі работнікамі.
Абнаўленне прадоўжыцца
У наступным годзе будзе пабудавана 17,5 кіламетра ліній электраперадачы. Запланавана рэканструяванне старых ліній у Гуце, Саранчанах, Куртах, Шабанах, Ажараве, на некаторых вуліцах Вярэнек; перападключэнне бытавых абанентаў, якія пражываюць недалёка ад чыгункі і ад яе атрымліваюць электраэнергію. Апошняе закране жыхароў Варапаева, Парыжа, Ясюкоў, Лынтуп, Крукоў. Новая падстанцыя будзе ў Чыгуначнай Казарме, што каля Пастаў.
— Планаў нямала, — сказаў на развітанне Мікалай Ожэль. — Спадзяюся, што іх удасца ажыццявіць.
Фота Анны Анішкевіч



