Чэмпіянат Беларусі па валейболе
Пад дыктоўку «Атланта»
Непрыкметна першынство мужчынскіх клубаў 1-й лігі наблізілася да сярэдзіны турнірнай дыстанцыі. У мінулую нядзелю адразу ў пяці гарадах краіны прайшлі паядынкі перадапошняга тура першага круга. Пастаўчане згулялі ў Віцебску, куды яны наведаюцца зімой яшчэ двойчы і правядуць там 4 паўторныя матчы папярэдняга раўнда.
«Марка-ВДТУ-2» (Віцебск)–«Атлант» (Паставы) – 0:3
6 тур. 0:3 (18:25; 17:25; 23:25)
На гульню з рэзервістамі каманды вышэйшай лігі пастаўчане прыехалі загадзя, каб патрэніравацца. На гэты раз у іх адсутнічалі двое вядучых ігракоў, але ім знайшлі замену: у стартавым складзе з’явіліся дыяганальны Руслан Мацкевіч і цэнтральны блакіруючы Мікіта Петух. Абодва дапамаглі «Атланту» дабіцца поспеху, разам набралі 10 важных ачкоў, падалі некалькі эйсаў.
У стартавай партыі нашы адразу завалодалі гульнявой ініцыятывай. Адрыў у ліку дасягнуў шасці мячоў (4:10). На пляцоўцы яны амаль не памыляліся, а на флангах упэўнена атакавалі дыяганальныя нападаючыя Аляксей Трацэўскі і Ягор Дашкевіч. Калі сапернік паспрабаваў узмацніць гульню над сеткай, «Атлант» адказаў шэрагам выніковых камбінацый першым тэмпам і выйшаў наперад. У другім сэце пастаўчане таксама не мелі асаблівых праблем. Галоўны трэнер Павел Вавінскі даў лідарам адпачыць. Прыгожай падачай навылет адразу вызначыўся запасны даігроўшчык Глеб Пучынскі, а найлепшы снайпер Аляксей Трацэўскі (13 ачкоў) перайграў пару разоў трайны блок віцябчан. Наша каманда павялічыла сваю перавагу, але асноўная барацьба была наперадзе.
Зноў пацвердзілася, што дублёры Віцебска валодаюць моцным характарам і змагаюцца да канца. Пры падтрымцы траіх валейбалістаў з галоўнай каманды яны ў заключнай партыі ўвесь час лідзіравалі з розніцай у 3-4 мячы. Канцоўка атрымалася нервовай і напружанай, бо пастаўчане прайгравалі з лікам 18:21. Пасля ўзятага тайм-аўта «Атлант» на складаных падачах Міхаіла Маліёнка дагнаў саперніка. У рашаючы момант Рыгор Дашкевіч і Аляксей Трацэўскі не разгубіліся, правялі выніковыя атакі. Нашы блокам закрылі камбінацыю саперніка і займелі тры матч-болы (21:24). Але два з іх дублёры «Марка-ВДТУ» адыгралі. Нашы трэнеры ўзялі паўторны тайм-аўт, а сапернік у апошняй атацы памыліўся і саступіў.
7-й па ліку перамогі ў сезоне дабіліся Мацкевіч, Петух, Сімагасціцкі, Дашкевіч, Трацэўскі, Маліёнак, Хадзянок, Вяткін, Пучынскі, Юзвовіч і лібера Зарэцкі (к) і Скалабан. У той дзень яшчэ тры сустрэчы завяршыліся прадказальна: «Барысаў-БДУФК-2»—СДЮШАР «ВК «Мінск» — 3:0, ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск)—«Камунальнік-2» (Магілёў) — 3:0, «Газавік-Гомель»—«Энергія-2» (Гомель) — 3:0. Гродзенскі «Легіён-2» адолеў (3:1) выхаванцаў ДЮСШ «ВК «Брэст».
Наша каманда з 21 ачком ідзе другой у чэмпіянаце і на 3 балы адстае ад лідара — гомельскага «Газавіка». Услед за пастаўчанамі размяшчаюцца барысаўчане (18), салігарчане і брэстаўчане (па 14), гродзенцы (12), гомельская «Энергія-2» (11), віцябчане (7), магіляўчане і мінскі «РДВАР-2009» (па 5), СДЮШАР «ВК «Мінск» (4).
27 снежня ў сталіцы «Атлант» памераецца сіламі з выхаванцамі рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Уладзімір Шык

