Чемпионат Беларуси по футболу. Вторая лига. «Нива» (Толочин)–ФСК «Поставы» – 1:0

Спорт и туризм

Пад праліўным дажджом

«Ніва» (Талачын)–ФСК «Паставы» – 1:0

Гэты матч праходзіў на стадыёне «Меліяратар» у Талачыне і з-за шэрага абставін аказаўся для нашай каманды няпростым. Па-першае, давялося гуляць пад ліўнем на слізкім полі. Па-другое, у складзе нашай каманды адсутнічала 5 асноўных ігракоў.

Тым не менш ужо ў самым пачатку сустрэчы пастаўчане маглі адкрыць лік: на 4-й хвіліне левы нападаючы Яўген Ясюковіч выскачыў без перашкод на вароты саперніка. На жаль, яго збілі ў штрафной пляцоўцы. Аднак віцебскі суддзя не палічыў гэта парушэннем правілаў і не прызначыў пенальці. Паядынак стаў больш нагадваць рэгбі, чым футбол, а мацнейшыя фізічна талачынцы гэтым скарысталіся. На 33-й хвіліне капітан «Нівы» Арцём Сляцкі далёкім пасам вывеў на ўдарную пазіцыю Мікіту Гарбенку, і той не прамахнуўся — 1:0.

Фота Антона Чаляя

У другім тайме сапернік усёй камандай адышоў да сваіх варот і стаў гуляць на ўтрыманне ліку. Зламаць яго абарону на мокрым газоне было амаль што немагчыма. Канцоўка гэтага напружанага матча стала нервовай. Пасля трох папярэджанняў і выдалення за зрыў атакі абаронцы талачынцы засталіся ў меншасці.

У нашых з’явілася магчы­масць правесці тры галявыя камбінацыі. Аднак звесці гульню да нічыёй не ўдалося.

На выездзе ў Талачыне саступілі саперніку Чашун, М. Зелянкевіч, Рогач, Цыунель (Маршын), Касенка, Дзеўгуць (Давідоўскі),Звяруга, Павініч, Ясюковіч, Вілейта (к), Чалей.

На старце 2-га круга дзеючы чэмпіён — віцебскі «Газавік» — нечакана страціў важныя ачкі і згуляў на сваім полі ўнічыю (0:0) з ФК «Сянно». Наш наступны сапернік — ФК «Лепель» — быў разгромлены дома міёрцамі з лікам 0:7. У іншых матчах тура зафіксаваны наступныя вынікі: «Гарадскія львы» (Гарадок)—ФК «ДЮСШ-Орша» — 7:2, «Велес-2020» (Віцебск)—«Полацк-2019» — 4:0.

24 ліпеня на гарадскім стадыёне ФСК «Паставы» пазмагаецца з лепяльчанамі, а затым на выездзе — з віцебскім «Велесам».

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.