Кажуць, жыццё даецца ўсім, старасць — выбраным, даўгалецце — падарунак адзінкам. Да апошніх належыць Вераніка Вырвіч з хутара Франопаль, што ў Навасёлкаўскім сельсавеце: жанчына размяняла другое стагоддзе.
Паехаць разам да юбіляркі запрасіла старшыня сельскага Савета Дзіяна Пякарская. Вераніка Вацлаваўна — мая зямлячка і яшчэ далёкая сваячка. Жыла на хутары Франопаль, што недалёка ад майго Цешалава. Таму мне было цікава ўбачыцца і пагутарыць з доўгажыхаркай.
У дакументах Веранікі Вырвіч дата нараджэння — 3 студзеня 1926 года. Але бацькі ёй расказвалі, што нарадзілася перад Божым Нараджэннем. І пастаянна ў гэтыя дні жанчына прымае віншаванні ад родных і знаёмых. На соты юбілей да яе прыбылі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель і старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч. Падымаемся на другі паверх шматкватэрнага дома ў 6 гарадку. Дзверы адчыняе дачка імянінніцы Ала. Шпарка выходзіць насустрач гасцям і сама юбілярка.
Ну хто ёй дасць 100 гадоў?! Добра чуе і бачыць, прыветна ўсміхаецца і запрашае прайсці далей. Не спяшаецца прысесці, стоячы слухае цёплыя словы віншаванняў, прымае падарункі, у тым ліку паштоўку за подпісам старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка. Славамір Шапель перадае пажаданні ад дырэктара сельгаспрадпрыемства Юрыя Шымчыка. Радасцю свецяцца вочы доўгажыхаркі, яна шчыра дзякуе і не можа паверыць, што столькі паважаных людзей да яе завітала.
— Ці я калі думала, што дачакаюся такога юбілею? — казала. — Колькі было ў маім жыцці падзей і выпрабаванняў! Нялёгкае дзяцінства, апаленая вайной маладосць. Нашу сям’ю разам з іншымі жыхарамі Пухаўкі восенню 1943 года немцы пагналі ў Лынтупы. Збіраліся вывезці на прымусовыя работы ў Германію. Мне з дарогі пашчасціла ўцячы. Вярнулася на папялішча. Прытулілі да сябе добрыя людзі.
Удалося вярнуцца і бацькам Веранікі. Па-новаму будаваліся. У 1946-м у 20-гадовым узросце Вераніка выйшла замуж за Яна Вырвіча з суседняга хутара. Муж быў старэйшы на пяць гадоў. Дзяўчына яму прыглянулася яшчэ падчас вучобы ў школе. Маладая жонка прыйшла ў вялікую сям’ю, дзе жылі бацькі мужа, цётка, дзве незамужнія сястры. Цяжка было абжывацца потым самастойна. Выручала працавітасць. Вырвічы не шкадавалі сіл, трымалі гаспадарку. Вераніка ўмела сама і касіць, і араць.
— Муж працаваў брыгадзірам, ад цямна да цямна быў на рабоце, — успамінала. — А на мне — выхаванне дзвюх дачок, каровы, авечкі, свінні, куры. Накарміўшы скаціну, бегла ў паляводчую брыгаду. Заўжды працавала сумленна, каб і перад іншымі не было сорамна, і грошай зарабіць. Вывучылі дачок, справілі ім вяселлі. Усе маладзейшыя гады прайшлі ў нялёгкай працы. Затое цяпер як сумна без работы!
— Не прыбядняйся, — перабівае дачка. — Рэдка калі сядзіш склаўшы рукі перад тэлевізарам. Заўсёды знаходзіш нейкі занятак: і бульбы начысціш, і бялізну пасцельную папрасуеш, і на кухні прыбярэш. Мама на здароўе пакуль не наракае.
Вераніка Вацлаваўна згаджаецца, што дачакалася райскага жыцця. Калі 25 гадоў назад памёр муж, дачка Ала забрала маці да сябе ў горад. Старасць у жанчыны спакойная і дагледжаная. Другая дачка жыве ў Мінску. У доўгажыхаркі чацвёра ўнукаў, пяць праўнукаў і адна прапраўнучка.
Анна Анішкевіч


