Поставчане поделились, что им чаще всего вспоминается во время новогодних праздников

Общество

Навагоднія клопаты, святочны настрой, чаканне цуда… Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў пастаўчан, што ім найчасцей успамінаецца ў гэты час.

Поставчане поделились, что им чаще всего вспоминается во время новогодних праздников

Мар’яна Сіповіч:

— 31 снежня 1983 года. Тады я ўпершыню стала мамай. Жылі на здымнай кватэры і збіраліся на Новы год да бацькоў мужа. Я шынкавала салату аліўе, смажыла катлеты. І раптам адчула, што святочны стол падрыхтаваць не паспею. Муж быў яшчэ на працы. Выклікала «хуткую» — і апынулася ў радзільным аддзяленні. У 23.15 на свет з’явіўся наш Павел.

Віктар Шымковіч:

— Самыя светлыя ўспаміны звязаныя з дзяцінствам. Хараство навагодніх свят асабіста я пачынаў адчуваць задоўга да іх, калі з мамай думалі, які мне падрыхта­ваць маскарадны касцюм. У той час ку­піць гатовы магчымасці не было. Мама добра шыла і мела шмат фантазіі. Запомніўся касцюм мушкецёра. Я не мог дачакацца ранішніка, каб апрануць яго і здзівіць сяброў шпагай, шыракаполым капелюшом. Тады я адчуваў сябе сапраўдным героем!

Юлія Дунец:

— Калі ёлкі былі вялікімі… Гэта не проста фраза. Гэта пра бесклапотнае дзяцінства, праведзенае побач з бацькамі, бабуляй і дзядулем. З узростам той час успамінаецца ўсё часцей і часцей. Я любіла пераднавагоднюю мітусню ў нашай сям’і: мама наводзіла парадак у доме, бабуля гатавала стравы на святочны стол. Чамусьці ў нас абавязкова былі на ім пельмені. Іх ляпілі ўсёй сям’ёй. Гэта быў своеасаблівы рытуал, які суправаджаўся шчырымі размовамі, смехам.

Дзядуля прыносіў з лесу высокую, да столі, елку — сімвал хатняй утульнасці і цяпла, навагодняга настрою. Цацкі былі ў асноўным самаробныя. Мы з сястрой кожны год іх абнаўлялі: выразалі сняжынкі, рабілі ланцужкі з паперы. Вешалі на галінкі цукеркі, пячэнне. За гадзіну да бою курантаў сям’я садзілася за стол. Усе чакалі «Голубой агонёк». Апоўначы дзеці запальвалі бенгальскія агні. І гэта была чароўная ноч!

Валянціна Масінкевіч:

— У мяне настальгія па навагодніх прадстаўленнях, якія ладзіліся ў нашым цешалаўскім клубе, калі ім загадвала Гераніма Танана — асоба творчая, ініцыятыўная. Пад яе кіраўніцтвам рыхтавалі пастаноўкі, касцюмы. Гледачы былі ў захапленні ад выступлення на сцэне Ганны Дубовік, Анатоля Тананы, Фелікса Дубовіка і іншых. Збіралася поўная зала вяскоўцаў — такая адна дружная сям’я. Пасля спектакля накрывалі сталы, гучалі песні, пары кружыліся ў танцах. Як шкада, што час беззваротны!

Антон Пятроўскі:

—10 гадоў назад у апошнія дні снежня я стаў удаўцом: сонца зайшло — месяц не ўзышоў. Якімі змрочнымі былі дні ў адзіноце! Неяк сыны ўгаварылі паехаць у санаторый. Там за адным столікам са мной сядзела жанчына, якая асвятліла маё жыццё. Адносіны паміж намі доўжыліся паўтара года. Нарэшце я зрабіў ёй прапанову. Некаторыя асуджалі, маўляў, які з цябе жаніх з шасцю дзясяткамі гадоў за плячыма. Але я слухаў сваё сэрца. Летась 31 снежня мы са Святланай распісаліся. Мінулы год быў сапраўды светлым і шчаслівым. Удзячны яму за гэта!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.