Реализуется общереспубликанский проект «Кожная пятнiца — роднае, сваё!»

Общество

«Кожная пятніца – роднае, сваё» — так называецца агульнарэспубліканскі праект, нядаўна аб’яўлены Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь (МАРГ).

Праект накіраваны на папулярызацыю айчынных тавараў, нацыянальных страў, роднай мовы. У ім могуць удзельнічаць як гандлёвыя аб’екты, суб’екты паслуг і грамадскага харчавання, індывідуальныя прадпрымальнікі, так і любы жыхар нашай краіны.

У чым сэнс праекта? Як паведаміла журналістам намеснік міністра МАРГ Святлана Караткевіч, беларускія пакупнікі любяць, купляюць і цэняць айчынныя тавары, але ніколі не бывае лішнім нагадаць пра найлепшае, што вырабляецца ў краіне. Аднак зрабіць вялікі ўклад у агульную справу можна і іншым шляхам: сказаць «добрай раніцы!» знаёмаму, «дзякуй» — кансультанту ў магазіне. Яшчэ адзін намеснік міністра ўзгаданага міністэрства Алег Дзікун падкрэслівае, што ініцыятыва ў большай ступені датычыць атмасферы і эмацыянальнага складніка, чым продажу.

— Мы хацелі б, каб па пятніцах, калі рух крыху замаруджваецца і ў нас ёсць час перадыхнуць напярэдадні выхадных, беларусы прынялі ўдзел у гэтым праекце. Кожны з нас можа прыйсці на работу ў адзенні або абутку беларускай вытворчасці, а вечарам купіць у магазіне айчынныя прадукты, прыгатаваць з іх нацыянальныя стравы, у коле сям’і або сяброў успомніць пра нашы карані, — гаварыў ён журналістам.

На сайце МАРГ ёсць банер і спецыяльная форма. Запоўніўшы яе, вы пацвердзіце ўдзел у акцыі. А сваімі актыўнасцямі можаце дзяліцца ў сацыяльных сетках з дапамогай спецыяльнага хэтштэга #дзеньроднагасвайго. Праект прапануе нам па пятніцах на­сіць адзенне і абутак беларускай вытворчасці, гатаваць стравы з мясцовых прадуктаў, чытаць і размаўляць на беларускай мове. Ды ці мала што іншае можна прыдумаць, каб адчуць роднае, сваё і сагрэць ім сваё сэрца!

Далучайся! Ствары сваю ўласную пятніцу, бо маленькія дзеянні — вялікая сіла! Азнаёміцца з праектам можна ТУТ.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.