Сіла духу і чыстая вера: калядны візіт святара да тых, хто ўсё жыццё дапамагаў іншым

Духовность

Напярэдадні Божага Нараджэння каталіцкія святары звычайна наведваюць тых парафіян, якія па стане здароўя не могуць бываць на святой Імшы. Спавядаюць, удзяляюць Камунію, гутараць. Сёлета разам з ксяндзом-канонікам Паўлам Самсонавым, пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага, завітала да адных з такіх людзей.

Была прыемна здзіўленая, калі на парозе кватэры ў адным з дамоў 5 гарадка сустрэла Рома Раманаўна Ракоўская. Жанчыну ведаю даўно. Яна ў свой час працавала ў дыспетчарскай сакунскага аддзялення ААТ «Камайскі-агра». З ёй часта кантактавала па рабоце. Дыспетчар заўсёды магла шмат расказаць пра механізатараў, жывёлаводаў, даць іншую карысную інфармацыю для газетнага матэрыялу. Апошні раз бачыліся з ёй гадоў 12 назад. Рома Ракоўская была ўжо на пенсіі, але ў курсе вясковых спраў, бо з’яўлялася старэйшынам Сакун. І вось сустрэча праз столькі гадоў.

— Не ведала, што вы сталі гараджанамі, — кажу, прывітаўшыся.

Сіла духу і чыстая вера: калядны візіт святара да тых, хто ўсё жыццё дапамагаў іншым

— Жыццё прымусіла, — адказвае. — Не маем сіл жыць у вёсцы. Мне баляць суставы, даймае стэнакардыя, цяжка хадзіць. Муж перанёс чатыры інсульты, паралізаваны правы бок. Не размаўляе. Яму дапамога патрэбна ва ўсім. Відаць, мне лёсам наканавана даглядаць тых, хто не можа з самым простым справіцца самастойна.

Роме было 22, калі яна з родных Старчун выйшла замуж за хлопца ў суседнія Багдзюны. Тры гады маладажоны жылі ў вялікай сям’і: бацькі мужа, сястра і брат. Вельмі радаваліся, калі калгас выдзеліў асобнае жыллё. Неўзабаве пасля таго як перасяліліся, да маладых папрасілася бабуля Генрыха і дажыла з унукамі да 90 гадоў. Пасля яе смерці на рассеяны склероз захварэла свякроў. Бе­гаць за два кіламетры ў Баг­дзюны і паспяваць упраўляцца дома з вялікай гаспадаркай, ха­дзіць на працу было цяжка. Таму забралі бацькоў мужа да сябе. А калі свякроў адышла ў вечнасць, свёкар вяртацца ў свой дом не захацеў. Да сотага дня нараджэння ён не дацягнуў 11 дзён. Дажывала пры Роме і яе маці.

У сям’і Ракоўскіх над матэрыяльным пераважае духоўнае: чалавечнасць, павага адно да аднаго і людзей, у іх на першым месцы «мы», а не «я».

Ахінуць увагай і клопатам Рома Раманаўна старалася не толькі сваякоў, але і вяскоўцаў. Калі была старэйшынам, заўсёды прыходзіла на дапамогу кожнаму, хто да яе звяртаўся.

— Як хутка мінулі гады! — казала жанчына. — Цяпер і нам з Генрыхам без памочнікаў не абысціся. У Сакунах сацыяльным работнікам была Рэгіна Дуброўская. У Паставах кожны вечар прыхо­дзіць дачка, якая жыве таксама ў 5 гарадку. Прыносіць гатовую ежу, прыбірае ў кватэры. Часта з Віцебска прыязджае сын.

Рома Раманаўна расказвала, што веру ў Бога ім перадалі бацькі. У гады атэізму нельга было наведваць касцёл, хоць ад Старчун да Гадуцішак усяго 5 кіламетраў. Прыступаць да першай споведзі і Першай Камуніі дзяцей патаемна вучыў стары чалавек з Сакун. Вянчаліся Ракоўскія 55 гадоў назад у гадуцішскім касцёле познім вечарам і трымалі гэту падзею ў тайне. Жанчына ўспамінала, якая радасць была, калі наступіла свабода веры. Кожную нядзелю былы старшыня калгаса «Дружба» Баляслаў Шылько выдзяляў аўтобус, які збіраў вяскоўцаў з Сакун, Муляр і адвозіў у камайскі касцёл на Імшу. З мужам ездзілі на фэсты ў іншыя парафіі.

— Гляньце ў акно: як добра бачны з нашай кватэры бялюткі касцёл Езуса Міласэрнага, — паказвала Рома Раманаўна. — Здаецца, рукой падаць. А сіл дайсці няма. Малюся дома. Дзякуй ксяндзу Паўлу, які нас наведвае. З ім да нас прыходзіць Езус пад выглядам белага хлеба. Ён дае сілы і цярпенне.

Мая суразмоўца ўспамінала, як чакалі ў іх сям’і Божага Нараджэння, калі за вігілійны стол, накрыты сенам і бялюткім абрусам, садзілася вялікая сям’я. Многае змянілася. Засмучае, што няма здароўя. Але ёсць у Ракоўскіх радасць ад таго, што дачакаліся чарговага свята. І за гэта яны ўдзячныя Богу.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.