Напярэдадні свят валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа разам з яе старшынёй Таццянай Шахавай завіталі да пастаўчанкі Тамары Дзеўгуць, навялі парадак у доме, пагутарылі з гаспадыняй.
— У пераднавагоднія дні ў нашай краіне праводзяцца шматлікія дабрачынныя акцыі, — расказвала Таццяна Шахава. — Падчас іх прадстаўнікі розных арганізацый імкнуцца падарыць святочны настрой не толькі дзецям, але і пажылым людзям, ахінуць іх увагай і клопатам. Не застаецца ў баку ад гэтай справы і раённая арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа. Сёння са мной працавалі навучэнкі 1-га курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Надзея Турон, Анастасія Невяроўская і Вікторыя Сварцэвіч, якія набываюць прафесію повара. Асабліва цікава ім было паслухаць успаміны Тамары Іванаўны.
Тамара Дзеўгуць — ураджэнка Бешанковіцкага раёна. У свой час скончыла тэхналагічнае аддзяленне Мінскага тэхнікума савецкага гандлю і па размеркаванні трапіла ў Наваполацкі трэст сталовых і рэстаранаў, працавала тэхнікам-тэхнолагам, затым загадвала сталовай хімкамбіната. Там і пазнаёмілася з будучым мужам.
— Мы, напэўна, і засталіся б у Наваполацку, калі б мяне не падвяло здароўе, — расказвала. — Урачы парэкамендавалі жыць бліжэй да сасновага лесу. Мой Мікалай тады выбраў Нарач, а пазней перабраліся ў Паставы.
Тут Тамара Іванаўна працавала ў розных кропках грамадскага харчавання. Работа была вельмі няпростая і адказная. Каму толькі ні гатавала абеды! Калі Прэзідэнт Беларусі прыязджаў у наш райцэнтр даваць старт прыроднаму газу, паміж поварамі было размеркавана, хто якія стравы гатуе. Іванаўна частавала фаршыраваным шчупаком, і Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў яе прафесіяналізм.
Калі атрымала права на заслужаны адпачынак, звольнілася. Стала часцей наведваць храм. А там ёй прапанавалі прыбіраць памяшканні нядзельнай школы. Расказвала, што доўга вагалася: стрымлівала гордасць, маўляў, як я, у падпарадкаванні якой былі повары, кухонныя работнікі, буду працаваць са швабрай? Урэшце, згадзілася.
— Праз гэту пакору так шмат пачэрпнула для душы! — гаварыла Тамара Дзеўгуць. — Хадзіла на заняткі рэлігіі, потым — на факультатыў. 11 гадоў не разлучалася са швабрай. А яшчэ гатавала сняданак для дзетак, якія прыходзілі ў царкву нашча. Прычасціўшыся, яны забягалі на пышныя аладкі, духмяную гарбату. Не аднойчы мела гонар накрываць стол для епіскапа і іншых высокіх духоўных асоб.
Доўгі час Тамара Іванаўна служыла бедным, адзінокім, нямоглым, гатуючы супы ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, які валанцёры развозілі па адпаведных адрасах. Два гады таму жанчына перанесла складаную аперацыю і стала менш фізічна актыўнай. Вельмі рада, што яе не забываюць валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.
— Мы атрымалі задавальненне ад таго, што зрабілі штосьці карыснае, — гаварылі дзяўчаты. — А яшчэ Тамара Іванаўна як вопытны повар падзялілася з намі сакрэтамі гэтай прафесіі.
Анна Анішкевіч

