«Сытому всегда теплее»: как на фермах в Курополье спасают телят от рекордных морозов

Сельское хозяйство

Сёлетняя зіма стала сапраўдным выпрабаваннем для работнікаў усіх галін, у тым ліку і для жывёлаводаў. У сераду карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася, як змагаюцца з маразамі на малочнатаварным комплексе і новай ферме ў Кураполлі ААТ «Кураполле-агра».

Новая малочнатаварная ферма ў Кураполлі ААТ «Кураполле-агра» размешчана побач з комплексам, пабудаваным даўно. Умовы на ім не такія камфортныя, як на сучаснай ферме. У дзень майго прыезду жывёлаводы перасялялі цялят з прафілакторыя ў памяшканне для групавога дарошчвання. Там адны абнюхвалі новае жыллё, другія браліся за корм.

— Ідуць масавыя ацёлы, — расказвала загадчыца комплексу Святлана Гурзан. — На нашым комплексе нованароджаных цялят на працягу 15 дзён даглядаюць аператары машыннага даення. А праз два тыдні іх аддаюць пад апеку аператара Рэнаты Махрэцкай. У яе яны знаходзяцца практычна да двух месяцаў. Дзякуючы добрасумленным адносінам Рэнаты да сваіх абавязкаў цяляткі адчуваюць сябе добра, прыбываюць у вазе.

«Сытому всегда теплее»: как на фермах в Курополье спасают телят от рекордных морозов

Калі механізатарам зіма дае магчымасць крыху перадыхнуць, падрыхтавацца да новага земляробчага сезону, то ў жывёлаводаў напружанне не спадае на працягу ўсяго года. Больш за тое, зімова-стойлавы перыяд, як правіла, адзін з найбольш адказных, бо жывёлагадоўля для сельгаспрадпрыемстваў у гэты час — асноўная крыніца папаўнення касы.

З загадчыцай новай фермы Маяй Падгайскай пераступаем парог памяшкання, дзе ўтрымліваюцца цяляты, — і адчуваецца цяпло. Тут чыста. Па адзін бок размешчаны цялушкі для абнаўлення статка. Іх даглядаюць Аляксандра і Сяргей Шваяковы. Па другі — домікі для малых цялят. За іх адказная аператар па дарошчванні Жанна Усовіч.

— У  маразы холадна ўсім, у тым ліку жывёле, — расказвала Мая Падгайская. — Зімоўка ў нас праходзіць у штатным рэжыме. Каб цяляткам было камфортна, рэгулярна і дасканала чысцім домікі, насцілаем туды шмат сухой саломы. А яшчэ ў сувязі з паніжэннем тэмпературы паветра павялічылі на 15% выпайку малака, бесперабойна забяспечваем маладняк канцэнтраванымі кармамі. Сытаму заўсёды цяплей. Адзін з найважнейшых фактараў поспеху — на­дзейныя кадры. 

«Сытому всегда теплее»: как на фермах в Курополье спасают телят от рекордных морозов

Жанна Усовіч раней даглядала ў Пашкаве цялушак для абнаўлення статка. Летам ферму там расфарміравалі, і яна перайшла на новую сюды, пра што не шкадуе. Задавальняе ўсё, у тым ліку зарплата: за снежань зарабіла амаль 4 000 рублёў. Цяляты, якіх даглядае, за суткі прыбываюць у вазе па 900 грамаў.

— Клопатаў хапае, — гаварыла жанчына. — Асабліва ў першыя дні жыцця маіх падапечных. Іх, як малых дзяцей, трэба прывучыць піць праз соску, затым — з вядра, пільна сачыць за станам здароўя. Малыя на ласку адказваюць ласкай. Паглядзіце, як цягнуцца пысамі да рукі, любяць, калі іх гла­дзіш, цярэбіш.



Генадзій Лютынскі, першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні

— У папярэднія гады зімы былі мяккімі. Сёлетняя выпрабоўвае і снегам, і моцнымі маразамі. Асаблівай увагі патрабуюць жывёлагадоўчыя фермы. Складана заводзіцца тэхніка, задзейнічаная на падвозцы кармоў. Былі выпадкі, што на некаторых фермах адагравалі сістэму водапаення. Але сур’ёзных збояў у вытворчым цыкле ва ўмовах нізкіх тэмператур не зафіксавана. Дзе аператары машыннага даення, аператары па доглядзе цялят, спецыялісты сумленна выконваюць усе тэхналагічныя патрабаванні, своечасова праводзяць патрэбныя ветэрынарныя мерапрыемствы, а кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў часта бываюць на фермах і строга кантралююць ход зімоўкі, там і прадукцыйнасць малака, і прывагі высокія. Адна з галоўных задач гэтага перыяду — забяспечыць захаванасць маладняку, не дапусціць скарачэння пагалоўя.



Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.