«Лізэта» – больш за метр — такі даўгунец вырасцілі работнікі Пастаўскага льнозавода.
На полі за Казянамі я пабывала разам з дырэктарам прадпрыемства Алёнай Юрынёнак. Лён тут, як кажуць, стаяў сцяной. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва, спецыялістаў, механізатараў і строгаму выкананню тэхналогій беларускі шоўк вырас густым і высокім.
Механізатары Ігар Аношка, Віктар Ганчар, Віталій Ляўкоў, Мікіта Андрушкевіч, Канстанцін Шэршань, Грыгорый Трушкін на трактарах у счэпцы з камбайнамі вялі церабленне льну з ачэсваннем галовак. Тыя сыпаліся ў прычэпы, а сцёблы роўнымі стужкамі слаліся на зямлю для вылежкі. Дзмітрый Скурацёнак на камбайне абмалочваў галоўкі.
— Насенне льну сорту «лізэта» захаваем для сяўбы на наступны год, — расказвала дырэктар ільнозавода. — Хоць асноўны від дзейнасці прадпрыемства — перапрацоўка льнотрасты, але паколькі мы самі яе вырошчваем, то імкнёмся мець і сваё насенне. Сёлета для сортаабнаўлення закупілі і пасеялі з дзясятак тон элітнага. Культура парадавала.
Вясна выдалася складанай. Спачатку засушыла, і не ўсюды роўнымі былі ўсходы. Надышоў час падкормкі і хімпраполкі — заліло. На заводзе набылі ўсемагчымыя ўдабрэнні, рэгулятары росту, прэпараты для хімічнай апрацоўкі. Але тэхніка ўз’ехаць на палі не магла. Таму 1 500 гектараў пасеваў апрацавалі з дронаў. У сувязі з гэтым выдаткі на вырошчванне культуры павялічыліся, але ёсць надзея, што ўсё акупіцца добрым ураджаем.
Дэбютны выхад на палеткі церабілак адбыўся ў трэцяй дэкадзе ліпеня. Дажджамі, моцным ветрам лён на некаторых участках пакруціла і палажыла. Гэта значна ўскладняе работу церабільнай тэхнікі, запавольвае тэмпы. Пакуль не ўсталявалася сонечнае надвор’е, працаваць з размахам не атрымлівалася, таму на зелянец культуру церабілі выбарачна, у перапынках паміж дажджамі.
Рваць лён можна і ў сырое надвор’е. Умераныя дажджы толькі спрыяюць вылежцы трасты. А каб яна хутчэй прасыхала, пускаюць абарачальнікі. Да таго ж яшчэ патрэбны сонца і вецер. На першых гектарах трасту ўжо зарулонілі. Лён займаў 2 100 га (1 500 — на Пастаўшчыне, 600 — на Браслаўшчыне). На гэтай плошчы не толькі трэба вырваць даўгунец, але і сабраць і звезці ў шохі трасту. І толькі тады можна падводзіць канчатковыя вынікі.
Анна Анішкевіч






