У сераду ў СШ №1 г. Паставы пачаўся вочны тур раённага адборачнага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».
Конкурс, які праводзіцца з 1991 года раз на тры гады, стартаваў у канцы 2025-га з завочнага тура. Яго ўдзельнікі — а іх 12 з усіх агульнаадукацыйных устаноў Пастаўшчыны — пісьмова прадставілі ў раённы вучэбна-метадычны кабінет вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці, праект урока, а маладыя настаўнікі (сёлета ўведзена новая намінацыя) — матывацыйнае пісьмо «Першыя крокі ў прафесіі».
Пакуль прадметнае журы ацэньвала гэтыя матэрыялы, педагогі старанна рыхтаваліся да вочнага тура. Ён традыцыйна складаецца з самапрадстаўлення канкурсантаў, якое прайшло 14 студзеня, педагагічнай майстэрні (праходзіць сёння таксама ў СШ №1) і правядзення адкрытых урокаў у незнаёмым класе і іх самааналізу (з 19 па 23 студзеня ў розных установах адукацыі).
Вынікі раённага этапа прафесійнага спаборніцтва падвядуць 27 студзеня ў СШ №3. Тады вызначаць найлепшых у чатырох намінацыях: «Малады настаўнік», «Пачатковыя класы, музыка», «Фізіка, матэматыка, інфарматыка, біялогія» і «Замежная мова».
Алена Шапавалава

