Для большасці гасцей вечара сустрэчы выпускнікоў, які прайшоў у СШ №2 імя Н. М. Асяненкі ў першую суботу лютага, апошні званок празвінеў 5, 10, 20 гадоў назад. У Івана Чаляя выпускны быў у 1971-м. Мінула 55 гадоў — і ён зноў пераступіў парог роднай школы.
Вяртанне ў школьныя гады
Да пачатку мерапрыемства я прайшлася з Іванам Вацлававічам па калідорах і класах, пачула яго ўспаміны пра дзяцінства і юнацтва, станаўленне ў прафесіі.
Нарадзіўся ў маляніўчым куточку Пастаўшчыны — на хутары Чэцверць каля аднайменнага возера. Там прайшло ранняе дзяцінства. Затым сям’я пераехала ў Паставы. Па вуліцы Піянерскай пабудавалі дом. На той час у кожнай сям’і, якая жыла тут, было па двое-трое дзяцей. Весела бавілі час. У 1 клас Іван пайшоў у СШ №1, якая тады размяшчалася па вуліцы П. Марозава. Вучобу ў другой школе пачаў з 5 класа.
— Радкоў у класным журнале не хапала, каб запісаць усіх вучняў, бо нас было больш за 40, — успамінаў мой суразмоўца. — У 9 клас перайшоў 21 чалавек (з іх толькі 8 хлопцаў). Астатнія паступілі ў тэхнікумы і вучылішчы. Мы былі моцныя ў вучобе і вельмі спартыўныя. Згуртоўваў баскетбол, футбол, хакей, лыжы. Хоць шмат дапамагалі бацькам, час на спорт і забавы знаходзілі.
Іван рана захапіўся фатаграфаваннем. Бацькі купілі яму просценькі фотаапарат. У склепе было абсталявана месца, дзе ён зараджаў фотаплёнку ў апарат, праяўляў яе, рабіў здымкі.
— Я на сем гадоў маладзейшы за Івана, — расказваў яго родны брат Антон. — Але ён не адштурхоўваў мяне ад сябе і сваіх сяброў. Ад брата мне перадалася любоў да фатаграфіі. Калі ён паехаў вучыцца, я стаў паўнапраўным гаспадаром яго фотаапарата. Ваня навучыў мяне таксама збіраць грыбы, лавіць рыбу.
Заходзім у клас, у якім вучыўся Іван. Ён разглядаецца і расказвае, што ў той час тут быў кабінет рускай літаратуры. Праходзіць паміж сталамі і па прозвішчах называе аднакласнікаў, хто дзе сядзеў. Прысаджваецца на калісьці сваё месца. Суседам па парце быў Анатоль Балай. А сімпатызавалі Івану дзяўчаты Таццяна Вінаходава і Таццяна Літвіновіч.
З вялікай павагай успамінаў завуча Антаніну Чарэнку, настаўніка матэматыкі Віктара Крэскіяна. Менавіта прафесіяналізм матэматыка зарадзіў у вучня любоў да гэтага прадмета і даў цудоўны старт у будучыню.
— Віктар Рыгоравіч — моцны матэматык, мудры педагог, — гаварыў Іван Чалей. — Ён меў індывідуальны падыход да кожнага вучня. Задачы задаваў у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Мы з Венем Мацкевічам рашалі іх павышанай складанасці са зборніка для абітурыентаў. Я пастаянна ўдзельнічаў у алімпіядах усіх узроўняў. І ў інстытуце матэматыка мне давалася лёгка.
Іван Чалей ішоў на залаты медаль. Аднак круглым выдатнікам стаў толькі Веньямін Мацкевіч: Івану па рускай мове паставілі выніковую чацвёрку. Яго прозвішча ёсць у спіску сярэбраных медалістаў школы. А медаля няма, бо ў той год выдачу гэтых узнагарод часова адмянілі.
Выбраў Ленінград
У выпусным класе Іван Чалей запісаўся на падрыхтоўчыя курсы пры Белдзяржуніверсітэце, Мінскім радыётэхнічным інстытуце і Ленінградскім тэхналагічным імя Ленсавета. Свой выбар спыніў на апошнім. Пасля двух гадоў вучобы перспектыўнага студэнта па праграме студэнцкага абмену адправілі ў Вышэйшую тэхнічную школу імя Карла Шорлемера ў Германію. Прафесары-выкладчыкі заклалі ў ім моцны фундамент для далейшага росту. Атрымаўшы дыплом, наш зямляк вярнуўся ў ленінградскі інстытут, паступіў у аспірантуру. Затым яго прызвалі ў армію. У той год выпускнікам ВНУ павялічылі тэрмін службы з года да паўтара. Служыў Іван у пскоўскай 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі, якая лічыцца элітай Узброеных сіл Расіі. Пасля арміі прадоўжыў вучобу ў аспірантуры. У 30 гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў у гэтай жа ўстанове на пасадзе старшага інжынера.
І выкладчыцкая, і навуковая дзейнасць
У 1982 годзе Іван Чалей распачаў выкладчыцкую дзейнасць. Паступова падымаўся па кар’ернай лесвіцы: асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт. У час перабудовы пачалі фарміравацца вытворчыя навуковыя кааператывы. Такі стварылі і калегі Івана, уключыўшы яго ў свой склад, у якім было 10 чалавек (з часам штат расшырыўся да 100 чалавек). Пачынаў радавым супрацоўнікам, хутка стаў намеснікам дырэктара. Тут распрацоўвалі камп’ютарныя праграмы. Паступова ад простых перайшлі да стварэння праграм для буйных нафтаперапрацоўчых заводаў. Паралельна Іван пісаў навуковыя работы. Іх у яго больш за 75. Атрымаў ступень доктара тэхнічных навук.
— Падмурак майго станаўлення — малая радзіма. Усё, чаго дасягнуў, — дзякуючы багажу ведаў, атрыманых у школе. А характар і асобу сфарміравалі мае карані, а гэта дарагія сэрцу людзі: дзяды, бацькі, іншыя родныя, сябры. На жаль, многіх з іх ужо няма ў жывых. Але жыве светлая памяць пра іх. І куды б лёс ні закінуў, душа вяртаецца туды, адкуль вытокі.
15 гадоў назад Івана Чаляя запрасілі ў адну з найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі — «Сургутнафтагаз», дзе ён працуе намеснікам начальніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій, паралельна выкладае ў Сургуцкім дзяржаўным універсітэце. Калектыў вытворцаў злучыўся з выкладчыцкім калектывам, разам яны стварылі і атэставалі спецыяльную вучэбную праграму. Па ёй у магістратуры за 10 гадоў навучылі і выпусцілі 100 спецыялістаў для «Сургутнафтагазу».
У сям’і ўсе – айцішнікі
Са сваёй будучай жонкай Іван вучыўся ў адным інстытуце. Але там іх шляхі не перасякліся. Пазнаёміліся ў Германіі, куды Галіна прыехала ў складзе студэнцкага атрада. Вяселле згулялі не адразу: нявесце прыйшлося чакаць каханага са службы. Разам яны ўжо 48 гадоў. Выхавалі сына і дачку. Аляксей з залатым медалём скончыў сярэднюю школу, Аляксандра — з адзнакай ВНУ. У Чаляёў тры ўнучкі і ўнук, які вучыцца ў тым жа інстытуце, які скончыў Іван Вацлававіч.
— У нашай сям’і ўсе — айцішнікі, — расказваў мужчына. — Раней, калі збіраліся на сямейныя святы, толькі пра работу і гаварылі. Цяпер пасталелі і больш разважаем пра жыццё.
Не ў касцюме, а ў мантыі
Са школай, з Паставамі ў Івана Чаляя звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Тут засталося нямала сяброў, з якімі ён заўсёды рады сустрэчы.
— Пасля таго як не стала бацькоў, неабходнасць часта прыязджаць на радзіму адпала, — гаварыў Іван Вацлававіч. — Але з радасцю тут сустракае малодшы брат Антон, дзверы яго дома для мяне заўжды гасцінна расчыненыя. А вось сувязі з аднакласнікамі, на жаль, пагубляліся. Першы раз пасля школы мы сабраліся на пахаванне Вені Мацкевіча. Ён скончыў Ваенна-касмічную акадэмію імя А. Ф. Мажайскага. Даслужыўся да капітана. У 27-гадовым узросце трагічна загінуў на возеры Балхаш у Казахстане. Першыя гадоў дзесяць мы збіраліся на гадавіну яго смерці. Арганізатарам сустрэч доўгі час выступала Святлана Спісок. На жаль, і яе зямны шлях завяршыўся.
Сёлета на школьную сустрэчу з выпуску 1971 года прыйшлі толькі Іван Чалей і Людміла Чатовіч. Іван Вацлававіч выйшаў на сцэну ў мантыі прафесара і падарыў школе ўласную кнігу «Управление техническим обслуживанием производственных систем», а таксама кнігу «Сузор’е беларускага памежжа» пра славутых беларусаў, што жывуць у блізкім замежжы. Ёсць там інфармацыя і пра нашага земляка. Ён з’яўляецца актывістам беларускай дыяспары ў Санкт-Пецярбургу.
Анна Анішкевіч
Фота Антона Чаляя

