Усё большую папулярнасць набывае праект «Кожная пятнiца — роднае, сваё», ініцыяваны Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У ім удзельнічаюць не толькі гандлёвыя сеткі, але і прадпрыемствы і арганізацыі розных форм уласнасці, культурныя і сацыяльныя ўстановы.
У лынтупскiм аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН адна з пятніц была надзвычай цёплай і смачнай. Наведвальнікі аддзялення прыгатавалі нацыянальныя беларускiя стравы — дранікi з мачанкай, бабку і іншыя. Усе з задавальненнем каштавалі традыцыйныя прысмакі і ацэньвалі іх непаўторны смак.
— Нацыянальная кухня кожнай краіны адметная, — гаварыла загадчыца аддзялення Таццяна Валуевіч. — Беларускія прысмакі, на маю думку, асаблівыя, не падобныя да іншых, маюць сваю гісторыю. Галоўны наш прадукт — бульба. Без яе не абыходзіцца ніводны стол. Нездарма нас называюць бульбашамі. На мерапрыемстве мы дэгуставалі прыгатаванае, дзяліліся рэцэптамі страў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
— А ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН у межах праекта «Кожная пятнiца — роднае, сваё» адбыўся моўны батл паміж наведвальнікамі аддзялення і спецыялістамі. Яго ўдзельнікі з захапленнем дэманстравалі веданне беларускай мовы, спаборнічалі ў хуткасці і дакладнасці адказаў, а таксама чыталі любімыя вершы, — расказвала загадчыца аддзялення Наталія Янковіч. — У кожнага было вялікае жаданне яшчэ шырэй адкрыць для сябе багацце роднай мовы.
Стварыць сваю ўласную «родную» пятніцу пад сілу кожнаму. Можна запрасіць да сябе сяброў, накрыць стол смачнымі беларускімі стравамі, пагутарыць пра традыцыі дзядоў-прадзедаў, паглядзець айчынны фільм, арганізаваць конкурс на веданне культуры і нацыянальных каштоўнасцей Беларусі. І ўрэшце атрымаецца прыгожае і шчырае свята.
Далучайся! #ДзеньРоднагаСвайго
Анна Анішкевіч
Фота даслала Таццяна Валуевіч



