Чэмпіянат беларусі па валейболе. «Атлант» у ролі фаварыта

Спорт и туризм

Чэмпіянат беларусі па валейболе

«Атлант» у ролі фаварыта

У чарговым, 10-м туры першынства краіны сярод каманд 1-й лігі пастаўскі «Атлант» зноў пацвердзіў свой высокі клас. На выездзе ў Віцебску ён правёў дзве бліскучыя сустрэчы, такім чынаў атрымаў 12-ю перамогу ў сезоне і наблізіўся да выхаду ў фінальны раўнд.

«Атлант» (Паставы)–«Камунальнік-2» (Магілёў) – 3:0

Сустрэча з магілёўскім «Камунальнікам-2» мела прынцыповае значэнне, бо ў першым крузе пастаўчане нечакана яму саступілі. На паўторны паядынак нашы выставілі свой наймацнейшы склад, які ўзмацніў вопытны даігроўшчык, кандыдат у майстры спорту Аляксей Лабуць.

Асаблівым гэты дзень стаў для Аляксея Канаша: выхаванец варапаеўскага валейбола адзначаў сваё 27-годдзе. Таварышы павіншавалі яго прама на пляцоўцы, прычым не толькі словамі, але і ўпэўненай гульнёй. Імяніннік таксама не падвёў: выйшаўшы на замену, вынікова завяршыў 5 атак.

Пастаўчане дамінавалі ва ўсіх кампанентах. Пасля роўнага пачатку (7:7) яны выбілі саперніка з прыёму магутнымі падачамі — эйсамі вызначыліся амаль усе ігракі. У другім сэце магіляўчане спрабавалі навязаць барацьбу (11:12), але серыя падач навылет ад Дзмітрыя Палянскага зняла ўсе пытанні. Вынік — 3:0 (25:16; 25:17; 25:15).

Чэмпіянат беларусі па валейболе. «Атлант» у ролі фаварыта

«Атлант» (Паставы)–ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск) – 3:0

Матч супраць салігорскага «Шахцёра» (дзеючага бронзавага прызёра) выдаўся больш напружаным. У першай партыі салігарчане шмат памыляліся, і «Атлант» гэтым скарыстаўся: Аляксей Лабуць удала дзейнічаў на блоку, а Дзмітрый Палянскі зноў выдаў серыю з трох эйсаў запар.

Сапраўдная інтрыга закруцілася ў другім сэце, калі пастаўчане адставалі на 4 мячы. Пераломным стаў выхад на пляцоўку рэзервіста Дзмітрыя Какурнікава, які завяршыў чатыры вельмі важныя атакі. У трэцяй партыі нашы ўвесь час лідзіравалі з адрывам у 2-3 мячы, аднак «Шахцёр» не здаваўся і дагнаў іх — 21:21. У канцоўцы ўмелыя дзеянні Руслана Вяткіна, Ягора Дашкевіча і блока пастаўчан прынеслі камандзе важную перамогу — 3:0 (25:18; 25:21; 25:22).

Лічбы і факты тура

Самымі выніковымі на выез­дзе ігракамі сталі Аляксей Трацэўскі (22 ачкі) і Ягор Дашкевіч (18). Важны ўклад у агульную перамогу ўнеслі Руслан Вяткін (14), Міхаіл Маліёнак і Аляксей Лабуць (па 10), а таксама капітан Сімагасціцкі, Пятрэвіч, Канаш, Палянскі, Какурнікаў, Багдзель і лібера Скалабан і Юзвовіч.

Пакуль нашы землякі перамагалі ў Віцебску, іх асноўныя канкурэнты не гублялі часу: гомельскі «Газавік» адолеў РДВАР (3:0), а гродзенскі «Легіён-2» дома перамог чэмпіёна з Барысава. Брэстаўчане ў пяці партыях адолелі СДЮШАР «ВК Мінск».

Турнірнае становішча

Зараз у актыве «Атланта» 35 ачкоў, каманда ўпэўнена займае 2-е месца ў чэмпіянаце.

Наступны тур «Атлант» правядзе дома. 15 сакавіка пастаўчане прымуць выхаванцаў мінскага вучылішча алімпійскага рэзерву (РДВАР-2009).

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.