У аграноміі ёсць строгі пратакол вядзення сельскагаспадарчых работ. Адным з яго пунктаў з’яўляецца адбор маналітаў. Гэта абавязковы этап маніторынгу перазімоўкі азімых.
У ААТ «Камайскі-агра» восенню азімымі культурамі засеялі 2 249 гектараў. 1 032 га адвялі пад пшаніцу, 537 — пад ячмень, 805 — пад рапс. З галоўным аграномам гаспадаркі Аксанай Касяковай адпраўляемся ў поле ля Дварчан, каб узяць маналіт ячменю.
— Мы ўжо адвыклі ад такой колькасці снегу і вялікіх маразоў, якія былі сёлетняй зімой і прымусілі аграрыяў пахвалявацца, — гаварыла Аксана Альфрэдаўна. — Хаця снежнае покрыва — гэта своеасаблівая коўдра для маладых азімых. Яна стварае пэўны мікраклімат паміж глебай і знешнім асяроддзем і нават пры мінус 30 градусах ахоўвае вузлы кушчэння раслін ад вымярзання. Пакуль вялікіх праблем у плане зімоўкі азімых не бачу, і рызыкі для будучага ўраджаю няма. Маналітны метад прызнаны найбольш дакладным сярод традыцыйных спосабаў дыягностыкі азімых культур.
Спыняемся ля поля, дзе пасеяны азімы ячмень. Па глыбокім снезе прабіраемся да патрэбнага ўчастка. Аксана лапатай разграбае снег і акуратна, каб не пашкодзіць раслінкі, выкопвае кавалак у два сумежныя радкі шырынёй каля 30 сантыметраў і глыбінёй — каля 20. Звяртаю ўвагу на тое, што раслінкі насычанага зялёнага колеру. Аднак, як кажа спецыяліст, гэта яшчэ не гарантуе іх жыццядзейнасці. Як і пажоўклыя расліны не заўсёды азначаюць гібель пасеваў. Рашаючае значэнне мае стан карнявой сістэмы і вузла кушчэння.
Галоўны аграном ААТ «Камайскі- агра» Аксана Касякова:
«Маналіт даставім у цёплае памяшканне для паступовага адтайвання і далейшага назірання. Праз некалькі дзён пачнецца вегетацыя раслін, і можна будзе меркаваць пра стан культуры. На аснове атрыманых вынікаў маніторынгу жыццядзейнасці азімых зможам даць ацэнку перазімоўцы раслін і выбраць метад далейшага іх догляду».
Анна Анішкевіч

