У межах праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» ў раённым Доме культуры ладзілася фальклорная гасцёўня.
Яе вядучая Алена Слядзеўская пазнаёміла прысутных з беларускім нацыянальным фальклорам, які з’яўляецца адным з самых багатых сярод славянскіх народаў. Гэта казкі, легенды, абрады, народная музычная творчасць, абрадавая кухня, гульні і іншае. На мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі розных пакаленняў, але найбольш было падлеткаў. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў віктарынах, адгадвалі загадкі, называлі народныя святы, дапаўнялі прымаўкі, успаміналі павер’і і прыкметы.
У якасці гасцей на свята беларускасці арганізатары запрасілі загадчыка Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяну Петух і таленавітага музыканта, самабытнага майстра народных інструментаў Валянціна Жагулу з ансамблем «Заранка» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко, якім доўгі час Валянцін Пятровіч кіраваў, і найбольш здольных навучэнцаў гэтай школы.
Таццяна Петух расказала пра жаночыя галаўныя ўборы, якія насілі нашы продкі, прадэманстравала, як іх завязваць. А потым запрасіла ахвотных распісваць яйкі пасхальнымі ўзорамі.
Беларускі фальклор немагчыма ўявіць без народных песень і музычных інструментаў. Незлічоную іх колькасць прывезлі з сабой госці з Варапаева. І пра кожны інструмент цікава і пазнавальна расказалі. А яшчэ была магчымасць пачуць іх гучанне. Музыкі мянялі ў сваіх руках гармонікі, цымбалы, дудачкі, самаробныя шумёлкі, скрыпкі, жалейку, колавую ліру, дуду і іншае — і гукі кожнага інструмента зачароўвалі.
Валянцін Жагула не толькі таленавіты музыкант, але і майстар па вырабе музычных інструментаў. Яго залатымі рукамі зроблены дуда, якую называюць беларускай валынкай, дудачкі, шумёлкі, трашчоткі і, вядома, ж цымбалы. На гэтых інструментах іграюць «заранкаўцы», гучаць яны ў віцебскім і наваполацкім музычных каледжах, а таксама ў Расіі, Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі. Літаральна нядаўна дыятанічныя цымбалы Валянціна Жагулы, змайстраваныя на ўзор вырабленых народным майстарам Іосіфам Новікам з Пожарцаў, адправіліся ў Віцебскую абласную філармонію.
Традыцыі беларускай музычнай спадчыны настаўнікі Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко перадаюць сваім вучням, якія таксама выступілі перад удзельнікамі мерапрыемства. У ролі музыкантаў маглі паспрабаваць сябе і гледачы.
Спецыялісты Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Марына Вярцінская і Вікторыя Курто расказалі пра стравы абрадавай кухні. Была магчымасць іх прадэгуставаць.
Свята атрымалася пазнавальным і насычаным.
Анна Анішкевіч







