«Мне вельмі падабаецца мая прафесія. Калі бачу вынік сваёй работы, тое, што дапамагаю ратаваць людзей, адчуваю гордасць і вялікую радасць», — прызналася ў размове з карэспандэнтам «ПК» старшая медыцынская сястра-анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Ірына Тумаш. І дадала: «Асабліва люблю працаваць у аперацыйнай. Гэта было маёй марай».
У штаце шпіталя Ірына Аляксандраўна ўжо тры дзесяцігоддзі. Прыйшла сюды ў чэрвені 1995-га пасля заканчэння Барысаўскага медыцынскага вучылішча. Асаблівасці работы анестэзіста спасцігала на практыцы. Кажа, вельмі шмат у прафесійным плане даў тагачасны начальнік аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі, анестэзіялогіі і рэанімацыі, як яно тады называлася, Сяргей Старавераў. Ён праводзіў з маладзенькімі, нявопытнымі медсёстрамі заняткі з вядзеннем імі канспектаў. Затым былі 3-месячныя курсы па анестэзіялогіі і рэанімацыі, прайшоўшы якія, Ірына стала хутка здаваць на катэгорыі і ў 33 гады атрымала вышэйшую. А ў 2014-м кіраўніцтва шпіталя назначыла яе на пасаду старшай медыцынскай сястры.
Абавязкаў у жанчыны больш чым дастаткова. Яна — правая рука начальніка аддзялення. Прысутнічае пры здачы медсёстрамі-анестэзістамі змен. (Яны прымаюць сейф, наркотыкі і псіхатропы, а таксама пацыентаў з усімі назначэннямі і маніпуляцыямі з імі.) Выпісвае і атрымлівае ў аптэцы неабходныя лякарствы і расходныя матэрыялы. Аказвае неадкладную і анестэзіялагічную дапамогу хворым. Падчас аперацый уводзіць названыя ўрачом прэпараты, дапамагае яму пры інтубацыі, пастаноўцы катэтараў, спінамазгавой анестэзіі, назірае за станам пацыентаў у аперацыйнай і палаце рэанімацыі. Выязджае ў складзе брыгады рэанімабіля ў іншыя воінскія часці, каб даставіць хворых адтуль у розныя лячэбныя ўстановы рэспублікі. Акрамя таго, складае графікі-табелі рабочага часу ўрачоў, медыцынскіх сясцёр і малодшага медперсаналу, графік праходжання медсёстрамі курсаў павышэння кваліфікацыі. Кожную раніцу правярае выкананне тэхнікі бяспекі на рабочых месцах і інш.
— Нягледзячы на тое, што рабочы дзень у мяне з 8 да 17 гадзін, на працу могуць выклікаць у любы час: ноччу, у выхадны, — расказвала Ірына Тумаш. — Я і блізкія ўжо прывыклі і спакойна ставімся да гэтага. А дачка, нават бачачы ўсе асаблівасці прафесіі, прыняла рашэнне таксама пайсці ў медыцыну. Зараз яна працуе эпідэміёлагам-гігіеністам у Мядзеле.
За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў Ірына Аляксандраўна не раз адзначалася кіраўніцтвам шпіталя і Дзяржпагранкамітэта, мае шэраг грамат, падзяк, юбілейны медаль «90 год на варце граніцы» і нагрудны знак выдатнасці «За дапамогу органам пагранічнай службы». Ветлівая, камунікабельная, яна лёгка знаходзіць агульную мову з падначаленымі і кіраўніком падраздзялення. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці медустановы: адгукаецца на любую ініцыятыву — ці то гэта спартыўнае мерапрыемства, ці то добраўпарадкаванне.
Алена Шапавалава

