Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага Павел Самсонаў: «З вашай дапамогай прыгажэе храм»

Духовность

Амаль тры гады таму я быў прызначаны пробашчам у маладую пастаўскую парафію Езуса Міласэрнага. Што адчуваў у той час? Прызнаюся: быў і страх, і разгубленасць. Не перад служэннем людзям — з-за будаўніцтва касцёла.

Яго фундамент закладваўся ў крыху прасцейшы час. Пазней свае карэктывы ўнёс COVID-19. Але трэба было прадаўжаць пачатую справу. Будаўнічыя матэрыялы і работа майстроў дарагія, ахвяраванні парафіян мізэрныя, спонсараў няма.

Сваёй занепакоенасцю па­дзяліўся са сваімі братамі ў святарстве. І яны сталі запрашаць у свае парафіі, дзе я адпраўляў Імшы, тлумачыў Божае слова, а мае парафіяне збіралі там ахвяраванні. Дзякуючы гэтаму, як кажуць у народзе, знайшлося за што закласці рукі. У парафіі арганізавалі дадатковы паквартальны збор сродкаў, які працягваецца і цяпер. Пайшоў з працягнутай рукой па калектывах і маліўся, каб людзі мяне зразумелі і падтрымалі. І так адбылося. Адгукнуліся на просьбу аб дапамозе кіраўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны. Не застаўся ў баку ад нашай важнай справы райвыканкам: летась на будаўніцтва выдзеліў 5 тысяч рублёў. За гэта я вельмі ўдзячны.

Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага Павел Самсонаў: "З вашай дапамогай прыгажэе храм"

Сёлета з’явілася магчымасць набыць электронныя званы. Іх называюць голасам Бога, які кліча людзей у свой дом на святую Імшу. Гук званоў успрымаецца як мост паміж зямным і нябесным светам, ён нагадвае пра часовы характар зямнога жыцця і магчымасць — вечнага. Касцельныя званы ствара­юць асаблівую атмасферу ў храме, абуджаюць пачуцці вернікаў, вядуць да Бога. Грошы на іх набыццё ахвяруюць парафіяне. І ў чарговы раз дапамогу ў 5 тысяч рублёў аказаў райвыканкам.

Работы ў будынку касцёла і каля яго яшчэ шмат. У наступным месяцы павінен прыехаць мастак і пачаць маляваць фрэскі на алтарнай частцы. Трэба замяніць часовы алтар,  пакласці плітку на падлогу. І зноў жа на ўсё ўласных фінансаў не хопіць. У Вербную нядзелю з дазволу пробашча касцёла Святога Антонія Падуанскага ксяндза Вадзіма Прасянога і пробашча з Камай і Лынтуп ксяндза Яцэка Хутмана туды адправіліся нашы прадстаўнікі. Вернікі з Мягун, даведаўшыся пра збор, самі праявілі ініцыятыву: сабралі грошы і перадалі нам. На Вялікдзень са згоды ксяндза-пробашча Антона Лагунёнка мы наведаліся ў Дунілавічы.

Дарагія святары! Удзячны вам за братэрскую адкрытасць на патрэбы нашай маладой парафіі, а вашым парафіянам — за зычлівасць і ахвярнасць! Дзякуй яшчэ раз раённай уладзе і асабіста старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку, кіраўнікам калектываў за неабыякавасць да рэлігійнага жыцця католікаў Пастаўшчыны. У нашым касцёле мы молімся за ўсіх ахвярадаўцаў, з дапамогай якіх ужо шмат зроблена. А як прыгожа гучыць арган! Тых, хто яшчэ не чуў, запрашаю ў святыню!

У нядзелю, 12 красавіка, у 15.00 у нашай парафіі адбудзецца фэст ў гонар Божай Міласэрнасці. Гэта наша парафіяльнае свята, бо касцёл носіць тытул Езуса Міласэрнага. А яшчэ з нагоды 25-годдзя майго святарства ў нашым касцёле можна атрымаць поўны адпуст, выканаўшы неабходныя ўмовы (паспавядацца, прыняць Хрыста ў святой Камуніі і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца). Будзем рады бачыць кожнага.

Ксёндз-канонік Павел Самсонаў, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.