Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка – пісьменніка Аркадзя Нафрановіча.
Ужо 10 гадоў, як Аркадзя Іосіфавіча няма з намі. Яго жыццёвы шлях завяршыўся 15 сакавіка 2015-га. Але слова пісьменніка і памяць пра яго жывуць. А на шматкватэрным доме ў аг. Камаі, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. На ёй — выгравіраваны партрэт земляка і яго радкі: «Верным сынам, а не важным панам я сваёй зямлі стараўся быць».
У многіх вершах ён прызнаваўся Радзіме ў любові:
Беларусь мая – святло рамонкаў,
Жытніх каласоў адвечны звон.
Я табе, найродная старонка,
Самы нізкі аддаю паклон.
А вось радкі пра наш горад:
Паставы – ужо шэсць вякоў
Гучыць гэта слова над светам.
У ім і людская любоў,
І ўзрушаны голас паэтаў,
І водгук далёкіх падзей,
І радасць набыткаў, і слава…
Да сонца – вышэй і вышэй –
Імкнуць вечна нашы Паставы.
З глыбокай павагай Аркадзь Нафрановіч ставіўся да кіраўніка краіны. У мінулым годзе ўбачыла свет шыкоўная, багата ілюстраваная кніга «Наш Прэзідэнт». Яе аўтары — такія вядомыя ў краіне асобы, як Аляксандр Радзькоў, Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў, Аляксандр Карлюкевіч. Дык вось, у адным з дадаткаў да гэтай кнігі змешчаны паэтычныя радкі Аркадзя Нафрановіча, які ўдзельнічаў у фальклорным конкурсе рэспубліканскай газеты «Звязда». Хіба гэта не гонар?
У творчай спадчыне нашага земляка — кнігі «Мядзельскі мерыдыян», «Святло Нарачы», «У пошуках ісціны», «З дарог памяці», «Горад музыкі і сонца», «Выбранае». А ў зборнік «Мелодыі роднага краю» ўвайшло 17 песень і рамансаў на яго словы і музыку вядомага беларускага кампазітара Мікалая Пятрэнкі, з якім пісьменнік сябраваў. (Тут варта сказаць і пра тое, што Аркадзь Іосіфавіч іграў на акардэоне і мандаліне, выдатна спяваў.)
Таленавіты аўтар, член Беларускага саюза пісьменнікаў, ён пісаў і прозу. У 2001 годзе атрымаў абласную літаратурную прэмію імя У. Караткевіча за кнігу «Мая Адысея», у якой апавядае, як падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты вывезлі яго сям’ю ў рабства ў Германію і як яму, сямігадоваму хлопчыку, даводзілася працаваць на фабрыцы непадалёк Франкфурта-на-Майне. У кнізе «Сейбіты дабра і мудрасці» цікава расказвае пра 100 самых таленавітых настаўнікаў з Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Што такое праца на ніве адукацыі, Аркадзь Іосіфавіч ведаў з уласнага вопыту, бо выкладаў гісторыю, геаграфію, музыку і спевы ў янкішскай, мулярскай, камайскай школах. А як плённа ён у сааўтарстве з Уладзіславам Лапушынскім папрацаваў над двухтомнікам «Пра людзей, з якімі ішоў па жыцці»!
Творчасць Аркадзя Нафрановіча цесна звязана і з нашай газетай. Ён актыўна ўдзельнічаў у літаратурным аб’яднанні, якое працавала пры раёнцы, яго вершы друкаваліся на яе старонках і ў альманаху «Рунь». Таксама яны з’яўляліся ў абласным і рэспубліканскім друку. Аркадзь Іосіфавіч часта заходзіў у рэдакцыю. І не толькі для таго, каб прынесці свае вершаваныя або празаічныя радкі, але і каб агучыць нейкую праблему, прапанаваць журналістам тэму для асвятлення на старонках газеты, абмеркаваць падзеі ў раёне і краіне. Ва ўсім адчувалася яго грамадзянская годнасць. А душа праяўлялася ў вершах — светлых, кранальных, праўдзівых. Хочаце дакрануцца да іх — завітайце ў раённую ці камайскую бібліятэку або ў бібліятэку Камайскай СШ, дзе захоўваюцца кнігі земляка.
Фаіна Касаткіна
