Почему арт-деревня Каптаруны стала местом притяжения для известных творческих людей?

Культура

Арт не на жарт

«Каптарунская версія радзімы пакуль што перамагае ў маім асабістым рэйтынгу з моцным адрывам». У гэтым не так даўно на «Фэйсбуку» прызнаўся беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Ён стаў адным з першых удзельнікаў арт-рэзідэнцый, якія сёлета ўпершыню арганізаваны ў маляўнічай вёсцы на самай граніцы з Літвой.

У чым сутнасць новага праекта? Хто яшчэ з вядомых людзей прыехаў на Лынтупшчыну, каб ствараць там свае новыя творы? Па адказ на гэтыя і іншыя пытанні накіроўваюся непасрэдна ў Каптаруны.

Па дарозе ўспамінаю, як шмат культурных мерапрыемстваў ладзілася там летась: была арганізавана работа кінашколы, у мясцовым тэатры з аншлагам прайшла прэм’ера саўнд-тэатр-оперы «Liberato», адбыўся літаратурны фестываль «Міжмор’е літаратур», удзел у якім прынялі госці са Швецыі, Швейцарыі, Германіі, Польшчы…

Першыя ўдзельнікі арт-рэзідэнцый Юлія Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч і Вольга Маслоўская

Сёлета па вядомых прычынах усе масавыя мерапрыемствы адмененыя. Аднак творчае жыццё ў Каптарунах не спынілася.

Любыя цяжкасці — гэта новыя магчымасці, — перакананы заснавальнік арт-вёскі мастак і пісьменнік Артур Клінаў, з якім удалося пагутарыць у той дзень. — Так, з-за сітуацыі з каранавірусам мы былі вымушаныя адмовіцца ад шматлікіх планаў. Але, з іншага боку, змаглі нарэшце ўвасобіць у жыццё задумы, на якія раней ніяк не хапала часу.

Мне даўно хацелася правесці ў Каптарунах арт-рэзідэнцыі. Іх ідэя заключаецца ў тым, каб таленавітыя людзі мелі магчымасць займацца творчасцю ў максімальна спрыяльных для гэтага ўмовах. У Еўропе такія рэзідэнцыі досыць распаўсюджаная з’ява. Мастакі, пісьменнікі ці іншыя творцы прыязджаюць у цікавыя месцы, дзе ў поўным адрыве ад бытавых спраў канцэнтруюцца выключна на рэалізацыі ўласных ідэй і праектаў. Новая абстаноўка, новыя людзі вакол толькі спрыяюць плённай працы. Кажу пра гэта з упэўненасцю, бо і сам неаднойчы ўдзельнічаў у арт-рэзідэнцыях у Швецыі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах, а таму ведаю, наколькі яны карысныя як для асобных творцаў, так і для развіцця сучаснага мастацтва ў цэлым.

Пра маючыя адбыцца рэзідэнцыі (а ў Беларусі ў такім маштабе яны яшчэ ніколі не праводзіліся) Артур Клінаў аб’явіў у «Фэйсбуку». Пры гэтым акцэнтаваў увагу на тым, што іх удзельнікам даецца жыллё і рабочы кабінет (майстэрня). Пытанні з праездам і харчаваннем таксама бяруць на сябе арганізатары. Зацікаўленых папрасілі дас­лаць апісанні праектаў, над якімі яны маюць намер працаваць у Каптарунах. Перавага аддавалася тым, што звязаныя з тэмай пандэміі (мастацтва ў ізаляцыі) і накіраваныя на ўзаемадзеянне з арт-вёскай.

Першымі рэзідэнтамі арт-вёскі сталі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, яго жонка — паэт і перакладчыца Юлія Цімафеева, а таксама мастак, перформер, куратар у галіне сучаснага мастацтва Вольга Маслоўская.

Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева

Наша размова адбылася за круглым сталом на другім паверсе каптарунскага вясковага тэатра, дзе абсталяваны пакой для пражывання гасцей.

Каптаруны — месца асаблівага прыцяжэння для многіх беларускіх творцаў, — адзначыла Вольга Маслоўская. — Я лічу, што гэта адна з найважнейшых пляцовак, дзе сёння адбываецца сучасная культура, сучаснае мастацтва. Я вельмі шчаслівая, што зноў сюды прыехала і атрымала магчымасць займацца сваім мастацтвам, абстрагаваўшыся ад усіх і ўсяго. Чым займаюся? Збіраю матэрыял для сваіх наступных відэаработ з цыкла «Alien» («Чужы») — разважаю ў тым ліку і пра тое, як цывілізацыя перасякаецца, узаемадзейнічае з прыродай, з канкрэтным месцам. У Каптарунах мяне асабліва зацікавілі дзве рэчы: дзікая некранутая прырода і тэатр. Для мяне ён — дзіўнае, нават містычнае месца. Феномен тэатра ў такой глушы сапраўды ўражвае.

У каптарунскім вясковым тэатры — прэм’ера саўнд-тэатр-оперы Liberato. Жнівень 2019-га года.

Колькі па часе рэзідэнты працуюць, а колькі адпачываюць? Гэта пытанне адрасавала пісьменніку Альгерду Бахарэвічу.

У гэтым цудоўным пакоі каля акна я праводжу за камп’ютарам як мінімум 5-6 гадзін, — адказаў ён. — Наогул, творчае жыццё яно такое: правесці мяжу паміж працай і адпачынкам вельмі цяжка. Я ўжо гадоў 20, як перастаў разумець, што такое адпачынак. Ты ходзіш у лес, гуляеш па гэтых каптарунскіх джунглях, ляжыш у высокай траве, а ў галаву прыхо­дзяць новыя і новыя ідэі. Ты думаеш пра творчасць, усё пераасэнсоўваеш, будуеш планы на заўтра.

Тут працуецца вельмі плённа. Тут наогул нейкі рай. Я вельмі рады, што нас сюды запрасілі, ганаруся, што ў Беларусі з’явілася такое месца для мастакоў і літаратараў. За апошнія 15 гадоў мне неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць у розных творчых рэзідэнцыях за мяжой. І кожны раз думаў: ці дажыву да таго часу, калі нешта такое будзе і ў нашай краіне? Дажыў. Каптаруны — мая Еўропа. Шчыра дзякую гаспадарам арт-вёскі за гэты неспадзяваны цуд і за магчымасць працаваць над новымі кнігамі, а таксама за тое, што яны гатовыя ахвяра­ваць на развіццё сучаснай культуры свой час, сілы, сродкі.

Альгерд Бахарэвіч у Каптарунах

Рэдактар часопіса перакладчыцкай літаратуры «ПрайдзіСвет» Юлія Цімафеева ў арт-вёсцы працавала над кнігай перакладаў амерыканскай паэ­тэсы Сільвіі Плат, пісала ўласныя вершы, рыхтавала відэа для праекта «Лета з ПрайдзіСветам».

Паэт і перакладчыца Юлія Цімафеева

Два тыдні арт-рэзідэнцый для першых яго ўдзельнікаў праляцелі імгненна. На змену ім ужо прыехалі новыя — перакладчыца, куратар культурных праектаў Ірына Герасімовіч і фатограф Кацярына Кузьмічова. Наогул, творчыя госці будуць прыяз­джаць сюды яшчэ на працягу двух месяцаў.

Арганізацыя арт-рэзідэнцый — не адзіны клопат Артура Клінава. Нямала ўвагі патрабу­юць і шматлікія госці, якія з вясны прыязджаюць у Каптаруны ў яго аграсядзібу. Гэта не толькі выдатны варыянт ізаляцыі ва ўмовах пандэміі, але і магчы­масць далучыцца да творчай атмасферы, якая тут пануе.

…Ад’язджаючы з арт-вёскі, усміхалася, успамінаючы эпізод размовы з Альгердам Бахарэвічам.

«Ці паспелі пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі? — спытала я ў пісьменніка. «А як жа! — адказаў ён. — Сёння аўталаўка прыяз­джала, у чарзе ўсе разам стаялі…»

Уявіла, як гэта выглядала, і зразумела, што ў гэтым усе Каптаруны. Тут побач гарадскія і вясковыя, знакамітыя і невядомыя, у цесным суседстве — дзікая прырода і праявы цывілізацыі, сучаснае мастацтва і даўні ўклад жыцця. Разам усё гэта і робіць вёску месцам сілы і прыцяжэння, месцам, якое нікому пакідаць не хочацца…

Каптарунскі пейзаж

Іна Сняжкова. Фота аўтара, з архіва Юліі Цімафеевай і арт-вёскі Каптаруны 



Читайте также:
История одного экспоната. Знаете ли вы, что в Поставах еще в XVІІІ веке был кафенгауз?
В 30-х годах ХХ века на Поставщине также были популярны сплавы на каяках
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.