2 новых энергонасыщенных трактора доверили сыну и отцу — два Андрея Мальца работают на полях ОАО «Хотилы-агро»

Важное Сельское хозяйство

У пачатку вясны ААТ «Хацілы-агра» набыло два новыя энерганасычаныя трактары. Кіраўніцтва даверыла іх двум Андрэям — бацьку і сыну Мальцам.

Падчас веснавых палявых работ іх можна было бачыць на падрыхтоўцы глебы: Андрэй-старэйшы працаваў на трактары з культыватарам, малодшы — з дыскамі.

У бацькі механізатарскі стаж складае 37 гадоў. За гэты час выконваў абсалютна розныя работы. І ўсё ў яго атрымлівалася. Большасць часу працаваў на «Кіраўцах». І перадапошні праслужыў у адных руках два дзясяткі гадоў. Яго перадалі ААТ «Ярэва-агра», а Альбінавіч перасеў на новы.

— Тэхніка з кожным разам удасканальваецца, — гаварыў Андрэй-старэйшы. — Стараюся разбірацца ў ёй самастойна. Калі што не разумею, падкажа сын. Маладыя хутка ўсё асвойваюць.

2 новых энергонасыщенных трактора доверили сыну и отцу — два Андрея Мальца работают на полях ОАО "Хотилы-агро"

Андрэй-малодшы выхоўваўся ў сям’і, дзе праца і адказнасць займаюць цэнтральнае месца. Бацька — прыклад беражлівых адносін да тэхнікі і адказнасці да механізатарскай справы. Гэта і паўплывала на выбар прафесіі сына. Ён без ваганняў паступіў у Пастаўскі дзяржаўны каледж. Вытворчую практыку прахо­дзіў у ААТ «Хацілы-агра». Усяму вучыўся ў бацькі, прыглядаўся да работы іншых механізатараў. Яны ахвотна дзяліліся ведамі і вопытам, што і дапамагло навічку хутчэй асвоіцца ў прафесіі.

На тэрміновую службу Андрэя прызвалі у брыгаду спецыяльнага назначэння ўнутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь. Была прапанова застацца служыць па кантракце, аднак хлопец, разу­меючы, што яго сапраўднае прызванне — механізатарская справа, прыняў рашэнне вярнуцца ў Хацілы. Што яшчэ раз пацвярджае яго любоў да роднай зямлі і жаданне працягваць сямейную традыцыю.

Пасля службы адпачыў толькі 10 дзён і прыйшоў да дырэктара гаспадаркі з просьбай прыняць на работу. А яму ў якасці заахвочвання адразу даверылі новы «Беларус-1221». І не прагадалі. На працягу 6 гадоў Андрэй пастаянна сярод лепшых на любой рабоце, якую яму даруча­юць. Кожнае жніво ён у ліку тысячнікаў на перавозцы збожжа.

— Не шкадуеш, што не застаўся ў Мінску? — цікаўлюся.

— Ніколькі! — адказвае. — У мяне ўжо ёсць сям’я, падрастаюць сын Захар, дачушкі Лера і Палінка. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзеліла нам добраўпарадкаваную кватэру. Задавальняе зарплата. Побач бацькі. І ў гэтым шчасце.

— Мы з жонкай вельмі рады, што наш Андрэй вярнуўся на радзіму, — казаў бацька. — Так хораша, калі дзеці і ўнукі блізка. І ўсе цягнуцца да тэхнікі. Машыну водзяць і жонка Святлана, і дочкі Алёна і Оля. Старэйшы унук Міша любіць са мной пакатацца ў кабіне трактара.

Мальцы-старэйшыя жывуць у Волахах. Мама Андрэя Святлана — адна з перадавых аператараў машыннага даення МТК «Волахі». Некалькі гадоў назад была ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Так што дзецям ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца.

Новыя «Кіраўцы» пакуль ста­яць у майстэрні ў чаканні корманарыхтоўкі. Бацька рыхтуе КЗР, на якім будзе касіць травы, сын будзе задзейнічаны на адвозцы зялёнай масы ў сянажныя траншэі. Упэўненая, што Мальцы з гонарам справяцца з пастаўленымі задачамі, як заўсёды, паказваючы прыклад прафесіяналізму і адданасці справе.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.