Дамашні стартавы матч пастаўчан. ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 1:1

Спорт и туризм

ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 1:1

Дамашні стартавы матч пастаўчан адбыўся пры падтрымцы амаль двухсот гледачоў, сярод якіх быў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. На працягу гульні нашы мелі адчувальную тэрытарыяльную і гульнявую перавагу, але дабіцца поспеху не змаглі.

Ужо на 9-й хвіліне атакуючы паўабаронца Дзмітрый Кундра пасля памылкі апекуна выйшаў на ўдарную пазіцыю, але не перайграў вопытнага варатара Дзмітрыя Данькоўскага. Сенненцы адышлі ў глухую абарону і разлічвалі толькі на рэдкія контратакі. У сярэдзіне тайма іх апорнік Аўраам Тумашэвіч скарыстаўся пазіцыйнай памылкай абаронцаў пастаўчан: на хуткасці ён уварваўся ў штрафную пляцоўку і трапна прабіў у верхні вугал — 0:1.

Дамашні стартавы матч пастаўчан. ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 1:1

Нашы ўзмацнілі націск, але тры завяршальныя ўдары прасвісцелі над перакладзінай. На 41-й хвіліне цэнтрфорвард Герман Чалей па-майстэрску абыграў абаронцу саперніка, перадаў дакладны пас Уладзіміру Камісарчуку, які зраўняў лік. Пастаўчане перад свістком на перапынак маглі выйсці наперад, але мяч адбіла перакладзіна. У другім тайме яны адразу пайшлі вялікімі сіламі наперад. На жаль, яшчэ двойчы трапілі ў верхнюю стойку варот. На 48-й хвіліне прыгожа стрэліў Г. Чалей, але спартыўнае шчасце ад нас адвярнулася. У далейшым гульня перайшла ў спакойны рытм. Наша каманда правяла серыю замен, аднак абвастрыць ход упартага паядынку змагла толькі ў канцоўцы.

Варатар саперніка выцягнуў з вугла небяспечны ўдар пастаўчаніна Максіма Голубева. Перад фінальным свістком двойчы небяспечна атакаваў рэзервовы апорны паўабаронца Уладзімір Дзя­ме­нцьеў, але яго стрэлам не хапіла дакладнасці. Сенненцы радаваліся нічыёй, а засмучанымі пакінулі стадыён Лагавенка, Пучынскі (Галяш), Голубеў (к), Маршын, Камісарчук (Дзяменцьеў), Кундра (Касенка), Звяруга, Цыўнель (Жылевіч), Каралёнак, Чалей (Чатовіч), Дзеўгуць (Курыловіч). У нашай групе «А» (вышэйшая ліга) яшчэ два матчы прынеслі такія вынікі: «Гарадоцкія львы»—
«Газавік» (Віцебск) — 0:4, ФК «Міёры»—«Полацк-2019» — 1:2.

Чарговы выязны матч пастаўчан у Оршы перанеслі на канец чэрвеня. Пяты тур яны прапусцяць, а 14 чэрвеня дома памераюцца сіламі з гарадокцамі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.