«Проявились гены»: Татьяна Петух из Постав возродила искусство вытинанки

Важное Культура

Адным з відаў традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі з’яўляецца выцінанка — ажурнае сіметрычнае выразанне з суцэльнага ліста паперы. У 2021 годзе гэтаму віду народнай творчасці надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай краіны, а праз год ён увайшоў у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

З Кітая – у беларускі побыт

Мастацтва выразання ўзораў з паперы зарадзілася ў Кітаі, дзе была адкрыта тэхналогія вырабу гэтага матэрыялу. Праз Блізкі Усход папера і выразкі з яе трапілі ў Заходнюю Еўропу, атрымаўшы тут шырокае распаўсюджанне. Спачатку папяровымі карункамі дэкарыравалі дзяржаўную дакументацыю. Іх наклейвалі на складзены дакумент, а зверху ставілі сургучную пячатку. А потым дзякуючы будаўніцтву папяровых фабрык выцінанка перайшла ў народную культуру.

Першае прадпрыемства па вытворчасці паперы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з’явілася ў 1522 годзе ў Вільні. З таго часу яны сталі ўзводзіцца ва ўсіх мястэчках, дзе жылі заможныя асобы — магнаты, якія маглі сабе гэта дазволіць. У Паставах паперня працавала ўжо ў пачатку XVIII стагоддзя. Знаходзілася яна насупраць вадзянога млына, у будынку якога цяпер размяшчаецца Дом рамёстваў «Стары млын», і выпускала некалькі відаў паперы: белую спажывецкую, з вадзянымі знакамі, вошчаную і кардон, а таксама наборы для пісьма і паштоўкі.

«Проявились гены»: Татьяна Петух из Постав возродила искусство вытинанки

Мяшчане, а за імі і вяскоўцы хутка ацанілі ўласцівасці паперы — таннага і простага ў апрацоўцы матэрыялу — і сталі выкарыстоўваць яе для ўпрыгажэння інтэр’еру. У канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя ажурныя папяровыя выразкі можна было ўбачыць практычна ў любым доме ў выглядзе фіранак на вокнах, абажура лямпы, дэкору палічак для посуду і шафаў для адзення, сурвэтак і настольнікаў. Выцінанкамі ўпрыгожвалі абразы святых і вазоны з кветкамі, засцілалі лаўкі, каб яны не пэцкаліся. Таксама іх укладвалі на зіму паміж аконнымі рамамі, прыкрываючы мох, які ўбіраў вільгаць, каб акно не пацела. З паперы была і ўся абрадавая атрыбутыка. З яе рабілі вясельны вянок нявесце, упрыгажэнні для каравая, магілы і труны нябожчыка і інш. Перад Калядамі дарослыя разам з дзецьмі майстравалі з паперы аб’ёмныя ёлачныя цацкі — калядную зорку, сняжынкі, шышкі, гірлянды.

Выразалі выцінанкі звычайнымі і вялікімі спружыннымі нажніцамі, якімі ў вёсцы стрыглі авечак, або абрэзаным наўскос нажом. На Пастаўшчыне пасля Першай сусветнай вайны для гэтых мэт выкарыстоўвалі таксама гільзы ад патронаў. Іх адтуліны падточвалі і зміналі ў выгля­дзе квадрата, ромба, паўмесяца. Такі прабойнік ставілі на скла­дзеную ў шмат слаёў паперу, якую цяжка было прарэзаць, і з дапамогай малатка рабілі дзіркі патрэбнай формы. Малюнкі выцінанак нашы продкі бралі з ткацтва і вышыўкі, у аснове якіх ля­жыць народны арнамент. Была і сілуэтная рэзка — птушак, дрэў, млыноў, іншых аб’ектаў.

«Проявились гены»: Татьяна Петух из Постав возродила искусство вытинанки

Далёка не кожны, узяўшы ў рукі нажніцы, мог выразаць ажурны ўзор: аднаго старання тут мала, патрабуецца яшчэ і талент. У вёсках былі майстрыхі, якія рабілі выцінанкі па просьбе аднавяскоўцаў. Іх шанавалі і паважалі не менш, чым карункапляцельшчыц і вышывальшчыц. Падчас вячорак дзяўчаты назіралі за тым, як працуюць сапраўдныя выцінаншчыцы, і імкнуліся пераняць рамяство. Папяровы «скарб» таксама ўваходзіў у пасаг нявест.

З развіццём тэкстыльнай прамысловасці мастацтва выразання карункаў з паперы паступова пачало сыходзіць у нябыт: рукатворныя рэчы сталі лічыцца прыкметай галечы. Знікнуць яму не далі аматары народнай творчасці, якія ў канцы мінулага стагоддзя пачалі адраджаць старажытнае рамяство. Сёння майстры па выцінанцы ёсць практычна ў кожным куточку Беларусі.

«Проявились гены»: Татьяна Петух из Постав возродила искусство вытинанки

Праявіліся гены

На Пастаўшчыне адраджэннем выцінанкі занялася будучы дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух. Захапілася ёю падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Рэзаць вучылася па работах вядомых у Беларусі майстроў, паўтараючы іх. Калі ў 1995 годзе прыйшла працаваць у «Стары млын», пачала вывучаць традыцыйны від творчасці. Гэтаму пасадзейнічаў першы рэспубліканскі конкурс па выцінанцы, на які трэба было ­ехаць. У яго абласным туры Таццяна Мікалаеўна атрымала дыплом за паспяховы творчы дэбют. Потым былі іншыя конкурсы, у тым ліку ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». І з усіх вярталася з узнагародамі. А ў 2021 годзе атрымала статус народнага майстра па выцінанцы.

Рыхтуючыся да яго прысваення, жанчына даведалася пра цікавы факт з гісторыі свайго роду. Родная цётка расказала ёй, што Таццяніна прабабуля Александрына, страціўшы ў Першую сусветную вайну мужа, адна выгадавала шасцярых дзяцей дзякуючы выцінанцы, якую рабіла і прадавала на былой рыначнай плошчы ў Паставах. Выразаць яна магла практычна ўсё — ад фіранкі на акно да вясельнага вянка. «Магчыма, у мяне праявіліся праз пакаленні яе гены», — кажа праўнучка майстрыхі.

«Проявились гены»: Татьяна Петух из Постав возродила искусство вытинанки

У стварэнні выцінанкі Таццяна Мікалаеўна, як і яе продак, дасягнула вялікага майстэрства, знайшоўшы свой адметны напрамак і стыль. У дэкаратыўных пано яна любіць адлюстроўваць букеты, архітэктуру горада, народныя святы. Кожную работу пачынае з пошуку ідэі і тэмы.

— Часам ідэі прыходзяць да мяне ў сне, — расказвала падчас сустрэчы. — Але найчасцей бяру іх з назіранняў за прыродай і навакольным светам. Бывае, іду на работу і бачу, як прыгожа схіляюцца дрэвы або адлюстроўваюцца ў вадзе домікі каля ракі. Убачанае пераношу на паперу і пачынаю выразаць. Выкарыстоўваю розныя спосабы складання паперы, а іх існуе чатыры. Асноўны — гэта разетка, сімвал сонца. Са скла­дзенага разеткай ліста можна выразаць сняжынку, зорку, промні. З дапамогай гармонікавага складання атрымліваецца сюжэт, які паўтараецца шмат разоў. Так раней рабілі гірлянды на ёлку. Веернае складанне выкарыстоўваецца для выразання кроны дрэва, а складзены напалам ліст дае выцінанцы люстраную сіметрыю.

Традыцыйная беларуская выцінанка была ў асноўным белага колеру, радзей — чорнага або чырвонага. Сёння палітра яе фарбаў намнога багацейшая. Як мастак Таццяна Мікалаеўна вельмі лю­біць колер і для кожнай пары года выбірае свой. Калі выразае зімні сюжэт, бярэ сінюю ці блакітную паперу, вясенне-летні — чырвоную і зялёную, асенні — аранжавую або карычневую. Часам спалучае ў адной рабоце некалькі колераў. Не пазбягае і белага з чорным, бо выцінанка — гэта графіка.

Творчыя працы майстра можна ўбачыць не толькі на выставах у Пастаўскім Доме рамёстваў і Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Яны ўпрыгожваюць кнігу вядомага мясцовага паэта і краязнаўца Ігара Пракаповіча «Рубаі беларускія», знаходзяцца ў прыватных калекцыях за мяжой. На нядаўняй выставе дасягненняў нашай краіны «Мая Беларусь» у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO выцінанка Таццяны Петух была раздрукавана на адным з банераў, які паказваў Беларусь культурную і турыстычную.

Сакрэтамі свайго майстэрства жанчына дзеліцца з іншымі — дарослымі і дзецьмі. Праводзіць майстар-класы, вядзе гурток «Папяровы млын», дзе спалучае сучасныя напрамкі мастацтва вырабу кампазіцый з паперы са старажытнай выцінанкай. І спадзяецца, што ў яе справы будуць паслядоўнікі.

Алена Шапавалава
Фота аўтара і з архіва Таццяны Петух



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.