Адна з галоўных тэндэнцый апошняга часу ў жывёлагадоўлі — будаўніцтва сучасных прафілакторыяў для цялят. Узводзяцца яны і ў нашым раёне, у тым ліку на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра».
— Сучасныя прафілакторыі — ключ да паспяховага развіцця галіны, — гаварыў дырэктар гаспадаркі Андрэй Сарапененка. — Мы новы дом для цялят будуем побач з пятровіцкай фермай. Разлічаны ён на 200 галоў маладняку. Агульны кошт будаўніцтва — 460 тысяч рублёў. 230 з іх будуць зрасходаваны на будаўнічыя матэрыялы і аплату працы будаўнікоў, астатнія — на абсталяванне. Праблем з фінансаваннем няма. Падрадчык — прыватная фірма «Галяшбуд», якой кіруе жыхар Варапаева Аляксандр Галяш. Яе работнікі падрыхтавалі пляцоўку, зманціравалі металічныя канструкцыі, забетанавалі падлогу, накрылі дах. Цяпер укладваюць блокі, абшываюць металапрофілем сцены. Будаўнічая брыгада паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі, работы вядзе згодна з графікам.
Памяшканне прасторнае і светлае. Умовы ўтрымання ў ім цялят ад нараджэння да трох месяцаў будуць камфортнымі. Ключавым прынцыпам стане індывідуальны догляд: для кожнага малога прадугледжаны асобны пластыкавы бокс. Іх лёгка мыць, дэзынфікаваць. Гэта паспрыяе лепшаму развіццю цялят і будзе садзейнічаць прафілактыцы захворванняў.
Яшчэ адной інавацыяй стануць два малочныя таксі з пастэрызатарам малака. Гэта сучаснае абсталяванне дазволіць прыгатаваць за адзін раз неабходную колькасць малака для ўсяго маладняку, а дазатар забяспечыць дакладнае размеркаванне порцый.
Акрамя таго, у прафілакторыі ўсталююць аўтаматычную мыйку вёдзер і сосак, сушыльнае абсталяванне. Прадугледжаны і бытавыя памяшканні для работнікаў.
— Цяляты — будучыня малочнага або мяснога статка, — працягваў дырэктар. — Толькі стварыўшы для маладняку камфортныя ўмовы ўтрымання і паўнавартаснага кармлення, можна пазбегнуць яго падзяжу. Добрае развіццё ў першыя тыдні і месяцы жыцця напрамую ўплывае на прадукцыйнасць статка ў далейшым. Інвестыцыі ў сучасныя прафілакторыі і стварэнне аптымальных умоў для вырошчвання цялят — гэта стратэгічны крок да павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі, атрымання якаснай прадукцыі і ўмацавання аграпрамысловага комплексу ў цэлым.
Эдуард Януковіч, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама
— Маштабнае будаўніцтва прафілакторыяў для цялят разгорнута па ўсёй краіне па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі аграпрамысловага комплексу. Згодна з пастановай Савета Міністраў «Аб будаўніцтве аб’ектаў аграпрамысловага комплексу» ў краіне будзе ўзведзена 528 прафілакторыяў, 4 з іх — на Пастаўшчыне: у ААТ «Камайскі-агра», «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра» і на СП «Дунілавічы-агра». Умовы, створаныя ў новых прафілакторыях, значна аблегчаць працу работнікам, дадуць магчымасць павысіць захаванасць маладняку, павялічыць яго сярэднясутачныя прывагі.
Анна Анішкевіч


