З 11 мая па 5 чэрвеня ў краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Беларусь супраць тытуню», прымеркаваная да Сусветнага дня без тытуню, які адзначаўся 31 мая. У яе рамках ва ўстановах аховы здароўя Віцебшчыны, у тым ліку нашага раёна, рэалізуецца міні-праект
«Я ведаю свае паказчыкі».
На працягу гэтага тыдня на прыёмах ва ўрачоў агульнай практыкі, у кабінетах дыспансерызацыі і прафілактыкі Пастаўскай ЦРБ, а таксама на ФАПах медыцынскія работнікі прапануюць наведвальнікам змераць артэрыяльны ціск і іншыя паказчыкі здароўя і даюць рэкамендацыі, як палепшыць самаадчуванне. А ў панядзелак памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе перасоўнага ФАПа Наталля Казакевіч пабывала з такой мэтай у Пастаўскім РЭС.
Прайсці міні-дыспансерызацыю на рабочым месцы вырашылі практычна ўсе работнікі прадпрыемства на чале з яго кіраўніцтвам. З 8 гадзін раніцы каля медпункта пачалі збірацца ахвотныя трапіць на прыём да фельчара райбальніцы.
— Можна сказаць, нам пашанцавала, — гаварылі яны. — Не трэба ехаць у паліклініку і стаяць там у чэргах. Акрамя таго, ёсць нагода задумацца пра сваё здароўе.
Усім, хто прыйшоў на прыём, Наталля Казакевіч вымярала не толькі артэрыяльны, але і ўнутрывочны ціск, некаторым — глюкозу ў крыві і здымала кардыяграму. Пры гэтым цікавілася, курыць чалавек або не, паколькі тытунекурэнне адмоўна ўплывае на сардэчную дзейнасць і можа прывесці да інфаркту міякарда. Курыльшчыкам раіла кінуць шкодную звычку і расказвала, як гэта зрабіць.
Нягледзячы на тое, што праект «Я ведаю свае паказчыкі» з прыстаўкай «міні», ён ахопіць не адну сотню жыхароў раёна, бо толькі ва ўрача агульнай практыкі штодзень бывае на прыёме ад 30 да 50 пацыентаў.
Алена Шапавалава

