Каля месяца назад на палях раёна завяршылася сяўба яравых зерневых і зернебабовых, кукурузы. Гэта работа была праведзена ў сціслыя тэрміны і з выкананнем усіх агратэхнічных патрабаванняў. Ужо з’явіліся дружныя ўсходы. Радуюць і пасевы азімых. Але, каб стварыць належныя ўмовы для росту культур, раслінкам трэба зрабіць «прышчэпку» супраць пустазелля і падсілкаваць удабрэннямі.
У ААТ «Камайскі-агра» яравыя зерневыя займаюць 1 400 гектараў, 150 га — яравы рапс. Кукуруза пасеяна на 1 450 гектарах, з іх 400 — на зерне. У аўторак каля Гвоздавіч механізатар Уладзімір Карыцька, які добра ведае тэхніку і мае багаты вопыт апрацоўкі пасеваў, «хімічыў» каралеву палёў. Для забеспячэння бесперапыннасці працэсу ваду і гербіцыды ў поле дастаўляў механізатар-ветэран Дзмітрый Дуброўскі. На льготную пенсію ён пайшоў у 55, бо меў неабходны механізатарскі стаж. Ужо амаль 10 гадоў мае права на заслужаны адпачынак, але сядзець дома без справы не змог. А ў гаспадарцы толькі рады таму, што чалавек мае жаданне быць карысным. Рабочыя рукі для аграрыяў ніколі не лішнія.
Механізатараў застала якраз за дазапраўкай. Яны, строга прытрымліваючыся дазіроўкі, хутка справіліся з работай, і Уладзімір Карыцька адправіўся апрацоўваць пасевы. Для гэтага ў гаспадарцы прымяняюць эфектыўны гербіцыд «Метэор», які хутка знішчае пустазелле, не шкодзячы самім культурам.
Пакуль стаяла сухое надвор’е, у «Камайскім-агра» паспелі «прапалоць» 400 гектараў кукурузы на зерне, большую частку кукурузы на сілас, 150 гектараў яравога рапсу. На хімпраполцы быў задзейнічаны дуэт прафесіяналаў — Уладзімір Карыцька і Віктар Тамашэвіч.
Цяпер Віктар пераключыўся на наступны этап агратэхнікі — падкормлівае кукурузу азотнымі ўдабрэннямі, якія спрыяюць інтэнсіўнаму росту раслін. На ўскраіне поля каля Іёдаўцаў стаяў МАЗ, за рулём якога быў вадзіцель Міхаіл Шылько. Сюды на трактары з раскідвальнікам мінеральных удабрэнняў пад’ехаў Віктар Тамашэвіч. Хутка загрузіўшыся, ён зноў памчаў па кукурузным полі, раскідваючы ўдабрэнне. Кукурузу на зерне падкормлівае Валерый Будзько.
— Работам перашкаджаюць дажджы, яны — не памочнікі на хімпраполцы, — гаварыла галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова. — Як толькі ападкі спыняюцца, тэхніка зноў на палетках. Як вядома, ураджай сам па сабе не вырасце: пасевам патрэбны догляд. Падкормка, хімпрополка — абавязковыя ўмовы тэхналагічнага працэсу. Менавіта гэтыя меры дапамогуць захаваць пасевы ад шкоднікаў і забяспечыць атрыманне высокага ўраджаю. Важна не прапусціць патрэбную фазу, інакш «хімія» не прынясе карысці. Для розных культур неабходныя розныя дозы ядахімікатаў. Пасля дажджоў пустазелле хутка пайшло ў рост. Яго трэба хутчэй знішчаць, каб не выцягвала з глебы пажыўныя рэчывы, не перашкаджала ўсходам зерневых і зернебабовых развівацца. Механізатары стараюцца, дзякуй ім за гэта!
Анна Анішкевіч



