Другую суботу ліпеня ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» кожны год чакаюць з нецярпеннем і асаблівым хваляваннем — у гэты дзень тут ладзіцца душэўнае свята. На ім падводзяць вынікі работы сельгаспрадпрыемства за першае паўгоддзе, аналізуюць дасягненні, абмяркоўваюць планы на будучыню, ушаноўваюць найбольш руплівых і адказных работнікаў. Не стаў выключэннем і сёлетні год.
Навасёлкаўскі брэнд
Шчодрая і гасцінная навасёлкаўская зямля зноў сабрала разам тых, чыімі рукамі ствараецца дабрабыт нашага краю. Штогадовае карпаратыўнае свята для працаўнікоў і ветэранаў ААТ «Навасёлкі-Лучай» даўно стала брэндам не толькі самой гаспадаркі, але і ўсяго Пастаўскага раёна. На яго прыязджаюць аматары паласавацца юшкай ад рыбгаса «Навінкі», шашлыкамі мясцовых вытворцаў, наталіцца выступленнем знакамітых артыстаў, сустрэцца са знаёмымі, патанцаваць на дыскатэцы і палюбавацца феерверкам.
Гэтая прыгожая і душэўная традыцыя, закладзеная былым кіраўніком гаспадаркі Алегам Валодзькам, жыве і мацнее. Сённяшнія маштабныя святкаванні ладзяцца па ініцыятыве цяперашняга дырэктара прадпрыемства Юрыя Шымчыка. Гэта свята збірае разам не толькі работнікаў, але і іх сем’і, ветэранаў працы, жыхароў навакольных вёсак і ганаровых гасцей з раёна і вобласці.
І на гэты раз за высокія паказчыкі ў рабоце навасёлкаўцам дзякавалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, дырэктар малочнага завода Георгій Касцень, былы старшыня райвыканкама і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эдуард Казура.
Пра вынікі работы за паўгоддзе ў сваім дакладзе расказаў Юрый Шымчык. Ён назваў дзясяткі прозвішчаў тых, хто ўнёс найбольшы ўклад ў веснавую пасяўную кампанію, корманарыхтоўку. Адзначыў аператараў машыннага даення, загадчыкаў ферм, галоўных спецыялістаў, работнікаў падсобных цэхаў, дзякуючы руплівай працы якіх з кожным годам павышаюцца вытворчыя паказчыкі, укараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі. Кіраўнік гаспадаркі шчыра падзякаваў усім за адданасць справе, прафесіяналізм і гатоўнасць працаваць на агульны вынік, нягледзячы на капрызы надвор’я.
Залог поспеху – людзі
Сельская гаспадарка патрабуе штодзённай самааддачы, цярплівасці і сапраўднай любові да роднай зямлі. ААТ «Навасёлкі-Лучай» — адно з найбуйнейшых па пасяўных плошчах і адно з найлепшых па выніках валавога збору збожжа на Віцебшчыне, што пацвярджае высокі клас механізатараў, аператараў машыннага даення, аграномаў, вадзіцеляў, жывёлаводаў. Іх старанная праца, памножаная на сучасныя тэхналогіі, дазваляе гаспадарцы ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі.
Падчас святочнага мерапрыемства пад бурныя апладысменты прысутных на сцэну адзін за адным падымаліся героі гэтага дня — перадавікі вытворчасці. Найлепшыя атрымалі заслужаныя Ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. Кіраўніцтва прадпрыемства і запрошаныя ганаровыя госці асабіста паціскалі рукі тым, хто нястомнай працай забяспечвае харчовую бяспеку і развіццё роднага краю.
Асаблівая ўвага на свяце заўсёды ўдзяляецца ветэранам працы. Менавіта іх вопыт стаў тым падмуркам, на якім сёння дасягаюцца новыя рэкорды. Прыемна было бачыць побач з пасівелымі майстрамі зямлі маладую змену. У гаспадарцы працуюць 364 чалавекі, 35 з іх ва ўзросце да 31 года, 42 — пенсійнага ўзросту. Сярэдні ўзрост працуючых — 47 гадоў.
Для такога вялікага сельгаспрадпрыемства рабочых рук магло б быць і больш. Другі год тут у жывёлагадоўлі працуюць 9 чалавек з Туркменістана. Есць патрэба і ў спецыялістах. Па мэтавых дагаворах адукацыю атрымліваюць 7 чалавек.
Асобнай старонкай свята стала ўзнагароджанне самых дбайных гаспадароў населеных пунктаў Навасёлкаўскага сельсавета. Таблічкі «Дом узорнага парадку» ім уручыла старшыня сельвыканкама Дзіяна Пякарская. Былі адзначаны і найбольш актыўныя дэпутаты мясцовага Савета.
Музычны падарунак ад Сяргея Славянскага
Ушанаванне найлепшых працаўнікоў — гэта не толькі афіцыйныя справаздачы, узнагароджанне, але і магчымасць для вяскоўцаў адпачыць душой, сустрэцца з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы і атрымаць асалоду ад добрага настрою. Яшчэ адна добрая і любімая ўсімі традыцыя навасёлкаўскага свята — выступленне знакамітых беларускіх артыстаў. Сёлета яскравым упрыгажэннем мерапрыемства стаў канцэрт папулярнага і таленавітага спевака, народнага любімца Сяргея Славянскага. Яго з’яўленне на сцэне гледачы сустрэлі авацыямі. Артыст падарыў прысутным свае найлепшыя хіты, напоўненыя душэўнасцю, шчырасцю і сапраўднай беларускай энергетыкай. Знаёмыя мелодыі падпявалі ўсім аграгарадком.
Для найменшых удзельнікаў мерапрыемства працавалі батуты, прадаваліся розныя прысмакі.
Свята ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» у чарговы раз даказала: тут умеюць не толькі выдатна і самааддана працаваць, але і ярка, прыгожа адпачываць. Наперадзе ў аграрыяў новыя працоўныя будні і адказная жніўная кампанія. Няхай жа гэты святочны запал натхняе іх на новыя працоўныя подзвігі і багаты каравай!
Анна Анішкевіч








