Штогод напярэдадні 1 верасня педагогі краіны збіраюцца на вялікія нарады, каб падвесці вынікі работы за мінулы навучальны год і паставіць задачы на наступны. На Пастаўшчыне жнівеньская педагагічная канферэнцыя прайшла 28 жніўня ў раённым Доме культуры, куды з’ехаліся настаўнікі, выкладчыкі і выхавальнікі з усіх устаноў дашкольнай, агульнай, спецыяльнай і дадатковай адукацыі.
Пляцоўка для сустрэчы і абмену
Як заўсёды, у фае РДК разгарнулася прэзентацыя школ, Пастаўскай гімназіі, дзіцячых садоў і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яны прадставілі напрамкі сваёй работы, напрацоўкі і дасягненні. Выстава — не пустая фармальнасць. Яна дае педагогам магчымасць убачыць штосьці цікавае і карыснае ў калег і прымяніць гэта ў сябе, з’яўляецца пляцоўкай для сустрэчы і абмену ўражаннямі пасля працяглага летняга водпуску. Вось і цяпер настаўнікі з інтарэсам разглядалі друкаваныя, фота- і відэаматэрыялы, нешта жыва абмяркоўвалі паміж сабой.
Не засталася без увагі і фотавыстава рэспубліканскага фотачэленджа «Сям’я — гэта… І жанчына ў ёй — …», прымеркаваная да Года беларускай жанчыны, якую падрыхтаваў Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пастаўскага раёна. Яна складалася са здымкаў з жыцця ў тым ліку замяшчальных сем’яў і сем’яў спецыялістаў устаноў адукацыі раёна.
Ёсць чым ганарыцца і над чым працаваць
З фае педагогі перамясціліся ў глядзельную залу, дзе з дакладам выступіў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. Ён падрабязна прааналізаваў усю работу з дзецьмі і падлеткамі, праведзеную ў мінулым навучальным годзе садамі, школамі і цэнтрамі дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Гаварыў не толькі пра дасягненні — а іх нямала ў выглядзе перамог у розных конкурсах, праектах, акцыях, спартыўных і творчых спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, — але і пра недапрацоўкі, што неабходна зрабіць у гэтым навучальным годзе.
Так, у плане выхавання асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць грамадзянска-патрыятычнаму напрамку, інфармацыйнай бяспецы непаўналетніх у сетцы Інтэрнэт, прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў і суіцыдаў. Не менш важна забяспечыць кантроль занятасці навучэнцаў, умоў іх пражывання і выхавання, своечасова прымаць меры па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей. У дзіцячых садах на першым месцы стаяць бяспечныя і здароўезберагальныя ўмовы знаходжання выхаванцаў. Неабходна таксама павышаць даступнасць і варыятыўнасць адукацыі з улікам патрэб дашкольнікаў і іх бацькоў.
Павышэнне якасці адукацыі — галоўная задача школ. Пры ўсіх поспехах: даволі вялікая колькасць вучняў, якія скончылі школу з залатым або сярэбраным медалём, набралі на цэнтралізаваных экзаменах максімальныя 100 балаў — сярэдні бал здачы ЦЭ па раёне склаў 62,4, што ніжэй за абласны паказчык (66 балаў). У параўнанні з мінулым годам знізіўся працэнт паступлення нашых выпускнікоў у ВНУ. Менш школьнікаў, якія навучаліся ў групах інжынернай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, вырашылі стаць дыпламаванымі інжынерамі і ваеннаслужачымі, а прафесію аграрнага профілю не выбраў ніводны з 36 выпускнікоў аграрных класаў і груп. У сувязі з гэтым усім установам адукацыі неабходна ўзяць на кантроль правядзенне прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, правесці дэталёвы аналіз паступальнасці і вызначыць дакладны падыход да адкрыцця профільных класаў і груп.
Плюс 12 педагогаў
Якасць работы ўстаноў адукацыі напрамую залежыць ад прафесіяналізму педагагічных кадраў і забяспечанасці імі, пра што таксама ішла размова на канферэнцыі. У самым яе пачатку прысутным у зале былі прадстаўлены 12 маладых спецыялістаў, якія па размеркаванні прыехалі працаваць у наш раён. У асноўным гэта выпускнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава і Полацкага каледжа ВДУ. Пяцёра вучыліся па мэтавым дагаворы. Маладыя педагогі накіраваны ў гарадскія СШ №1, №2 імя Н. М. Асяненкі, №3, №4 імя В. Ф. Франтова і Навасёлкаўскую СШ імя А. А. Валодзькі, 1-ы, 5-ы і 6-ы дзетсады горада, сацыяльна-педагагічны цэнтр і раённы цэнтр дзяцей і моладзі.
Запрасіўшы навічкоў на сцэну, ім уручылі кветкі і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. З віншаваннямі і пажаданнямі на старце працоўнай дзейнасці да іх звярнуліся тыя, хто крыху раней пачаў свой прафесійны шлях.
Падзякаваў за дапамогу і работу
У дакладзе Павел Трава не абмінуў і пытанні летняга аздараўлення дзяцей, падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Ён адзначыў, што на забеспячэнне бяспекі навучэнцаў і педагогаў, бягучыя і капітальныя рамонты кабінетаў і харчаблокаў, набыццё мэблі, абсталяванне спартыўных пляцовак і добраўпарадкаванне тэрыторый з раённага бюджэту сёлета было выдзелена больш за 2 мільёны 200 тысяч рублёў. Кіраўнікі некаторых устаноў прыцягвалі таксама спонсарскія сродкі для ўмацавання матэрыяльнай базы.
Павел Юр’евіч падзякаваў кіраўніцтву раёна, усім педкалектывам і асабіста вельмі многім педагогам за вялікую, самаадданую работу, якая дазволіла ў мінулым навучальным годзе дабіцца значных вынікаў у развіцці сістэмы адукацыі Пастаўшчыны і як след падрыхтавацца да 1 Верасня.
— Мы жывём у век імклівых змен. Пры гэтым адно застаецца нязменным — вялікая роля настаўніка. Наперадзе ў нас новыя планы і новыя задачы. Для іх рэалізацыі ў сістэме адукацыі ёсць галоўнае — людзі, якія любяць сваю справу і разумеюць, што ў іх руках будучыня нашых дзяцей, — падсумаваў ён, пажадаўшы калегам паспяховага года, удачы ва ўсіх справах, дабрабыту і здароўя.
Даклад начальніка аддзела дапоўнілі выступленні настаўнікаў СШ №1 і Дунілавіцкай СШ Мікалая Бузанава і Марыі Жынь, метадыста РЦДМ Аксаны Малькевіч, выхавальніка дзетсада №2 Вікторыі Корзан. Яны падзяліліся з прысутнымі вопытам работы з высокаматываванымі вучнямі пры падрыхтоўцы іх да прадметнай алімпіяды, па арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей, вывучэнні імі гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, а таксама па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў.
Працягваць павышаць якасць адукацыі
Акрамя работнікаў сістэмы адукацыі, на канферэнцыі прысутнічалі ганаровыя госці. Аднаму з іх — старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыю Кісялёву — было дадзена слова.
— Аналізуючы праблемы, складаныя пытанні, мы разумеем, куды нам рухацца далей і як зрабіць так, каб наша сістэма працавала лепш, — гаварыў Юрый Мікалаевіч, падняўшыся на сцэну. — Практычна па ўсіх ключавых напрамках адукацыйнай сферы Пастаўшчына знаходзіцца ў лідарах. Наш аддзел па адукацыі прызнаны найлепшым у Віцебскай вобласці. Па выніках удзелу школьнікаў у прадметнай алімпіядзе і па спартыўных дасягненнях мы ў ліку найлепшых раёнаў Віцебшчыны. За ўсім гэтым — каласальная праца настаўнікаў і выхавальнікаў. Дзякуй вам вялікі! Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам педагагічнай працы, якія, маючы права на заслужаны адпачынак, працягваюць працаваць у школе, выходзяць на замену настаўнікаў.
Кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна павіншаваў педагогаў з пачаткам навучальнага года, пажадаў, каб ён быў напоўнены новымі перамогамі і дасягненнямі. Пры гэтым заўважыў, што сёлета краіна ўступіла ў новую пяцігодку, і, як і ўсе галіны народнагаспадарчага комплексу, сістэма адукацыі будзе працаваць па новай дзяржаўнай праграме «Беларусь інтэлектуальная». Яна складаецца з трох падраздзелаў, назвы якіх — «Дзіцячы сад і школа: тэрыторыя поспеху», «Дзеці і моладзь — будучыня Беларусі» і «Прафесійныя кадры» — сведчаць пра тое, чым павінны займацца педагогі. Мэты і задачы, пастаўленыя перад імі, засталіся практычна нязменнымі: трэба павышаць якасць адукацыі, яе канкурэнтаздольнасць з улікам запытаў рынку працы і патрэб эканомікі, выхоўваць у дзецях высокія духоўна-маральныя якасці і патрыятызм.
Развіталіся з кіраўнікамі
На жнівеньскай канферэнцыі прынята ўзнагароджваць найлепшых педагогаў раёна. Не адступілі ад гэтай традыцыі і сёлета. З той толькі розніцай, што на сцэну запрасілі тых, хто пакідае сваю кіраўніцкую пасаду, выходзячы на пенсію. Гэта намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Русалоўская, дырэктары: Пастаўскай гімназіі — Славамір Каранеўскі, Лынтупскай СШ — Наталля Кузьмінова, РЦДМ — Валянціна Ромель, загадчыкі дзіцячых садоў: №4 — Святлана Нагановіч, №5 — Ірына Зубкевіч, варапаеўскага — Людміла Талстыка. Пад апладысменты прысутных ім уручылі Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, Падзякі старшыні райвыканкама, падарункі ад прафкама, яшчэ раз шчыра падзякавалі за працу.
Алена Шапавалава










