Замест трэндаў – кажух прабабулі і вішнёўка ад свекрыві. Менавіта так — у народным стылі — адсвяткавалі другі дзень вяселля Арцём і Караліна Шчановічы. Сёння, калі моладзь усё часцей выбірае тэматычныя вечарыны, гэта пара вырашыла зрабіць сапраўдны экскурс у мінулае продкаў.
Караліне — 23, Арцёму — 26. Абодва нарадзіліся і выраслі на Пастаўшчыне: хлопец — у райцэнтры, дзяўчына — у аграгарадку Юнькі. Сёння маладая сямейная пара жыве і працуе ў Астраўцы. Ён уладкаваўся інжынерам на АЭС, яна дыстанцыйна супрацоўнічае з нямецкай кампаніяй. Але самы галоўны дзень у сваім жыцці яны адзначылі на малой радзіме.
Здымкі незвычайнага вяселля, якое адбылося зусім нядаўна, мне трапіліся ў сацсетках. Зацікавіўшыся,чаму маладыя выбралі менавіта такі вобраз, я звязалася па тэлефоне з маці нявесты, якая і падказала нумар дачкі.
— Гэта была спантанная ідэя, — смяялася Караліна. — Першы дзень вяселля быў класічным, прыгожым, але даволі стандартным. А вось на другі хацелася чагосьці незвычайнага. І мы пачалі думаць над канцэпцыяй. Сёстры падкідвалі варыянты, але ніводны з іх не клаўся на душу. І тут ўявілася карцінка: мы з Арцёмам у нацыянальных касцюмах! Прапанавала мужу, і ён з задавальненнем згадзіўся. Падтрымалі нашу нетрывіяльную ідэю і госці.
Адобрыла задумку і маці Караліны — Раіса Дзмітрыеўна Сарока. Па дыпломе настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а сёння — загадчыца дзіцячага садка ў Юньках, яна з захапленнем узяла стварэнне сцэнарыя на сябе.
А вось далей пачалося самае складанае — пошук строяў. Купляць новыя вышытыя касцюмы для ўсёй кампаніі (а яна складалася з 44 чалавек) — задавальненне вельмі дарагое. Насустрач пары пайшлі землякі: у Юнькаўскім сельскім Доме культуры прапанавалі выбраць штосьці са свайго фонду. Для некалькіх гасцей уборы знайшлі, а вось маладым нічога не было даспадобы. Тады яны звярнуліся ў раённы Дом культуры ў 5-м гарадку. Супрацоўнікі, убачыўшы, як моладзь цягнецца да каранёў, настолькі ўзрадаваліся, што расчынілі ўсе засекі:
— Бярыце, кажуць, любыя, колькі панесяце! Выбіраць можна было без абмежаванняў, — працягвала Караліна. — Было вельмі прыемна адчуваць такую цеплыню!
Сэрцам другога дня вяселля стаў сямейны абярэг — кажух, на якім маладажоны па-заліхвацку танцавалі. Як аказалася, гэтаму рарытэту ўжо добрая сотня гадоў!
— Танцы на вывернутым мехам кажусе — старадаўняя беларуская традыцыя, — тлумачыла дзяўчына. — Робіцца гэта для таго, каб у доме заўсёды было багацце. Колькасць шарсцінак сімвалізуе незлічоную колькасць даброт, а сам выраб служыць моцным абярэгам ад злога вока і бласлаўленнем усяго роду. На гэты кажух падчас сваіх вяселляў станавіліся мае бабуля і цётка. А аўчыну для яго калісьці асабіста вырабляла прабабуля для свайго мужа. Вельмі кранула і тое, што мая бабуля ў 80 гадоў узлезла на гарышча сваёй хаты, каб дастаць мне гэты сямейны скарб.
Не менш важным элементам сталі і вышытыя ручнікі: на адзін маладыя станавіліся, а з другога з трапятаннем прымалі каравай. Пакуль госці разглядалі ўзоры, свякроў Караліны частавала гасцей сваёй знакамітай вішнёўкай, настоенай па сакрэтным рэцэпце, а пасля рытуалу з хлебам-соллю гаспадары сядзібы «Гармонія», дзе адзначалася свята, пачаставалі ўсіх наварыстай юшкай.
— Атрымалася вельмі сімвалічна, — разважала суразмоўца. — І надзвычай прыемна, што наш народны каларыт знайшоў водзыў у сэрцы кожнага.
Не забыліся маладыя і яшчэ пра адну прыгожую традыцыю — пляценне вянка з палявых кветак. Для маладой яго стваралі самыя блізкія — родная сястра і хросная маці. Караліна з захапленнем узгадвала, як госці танцавалі бельгійку, якая арганічна ўпісалася ў канцэпцыю свята, і шчыра віншавалі па-беларуску.
Каб адчуць сябе самым багатым чалавекам, не патрэбны гонкі за трэндамі. У эпоху хуткаплынных стыляў маладая пара нечакана для сябе стала стваральнікам самага галоўнага трэнда — вяртання да вытокаў. Упэўненая, што праз сорак гадоў іх унукі таксама станцуюць на гэтым жа кажусе, бо сапраўдныя каштоўнасці не старэюць!
Крысціна Рубель
Фота даслала Караліна Шчановіч



