У пятніцу ў рамках рэспубліканскай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Прафсаюзы дзякуюць аграрыям за хлеб» Пастаўшчыну наведаў старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі. Мэта візіту — падзякаваць работнікам мясцовага лясгаса, якія сёлета задзейнічаны на ўборцы ўраджаю.
Разам са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аксанай Пашкевіч, дырэктарам Пастаўскага лясгаса Андрэем Залеўскім Юрый Шумскі накіраваўся непасрэдна ў поле, дзе сустрэўся з вопытнымі механізатарамі лясгаса Віктарам Партасевічам і Сяргеем Дунцом. Абодва — прафесіяналы сваёй справы, штогод дэманструюць высокія вынікі як на асноўным месцы работы, так і на жніве.
Віктар Партасевіч шчыруе на палях ААТ «Сцяг Перамогі-агра», а Сяргей Дунец дапамагае ўбіраць ураджай хлебаробам ААТ «Ярэва-агра». Змяніўшы звыклы інтэр’ер лясных масіваў на збожжавыя палеткі, яны ўпэўнена кіруюць камбайнамі, выдатна ведаюць тэхніку, умеюць аператыўна ліквідаваць любыя няспраўнасці і працуюць ад світання да змяркання, каб убраць ураджай хутка і без страт.
Падчас кароткага перапынку Юрый Шумскі выказаў шчырыя словы захаплення працавітасцю і высокай грамадзянскай адказнасцю абодвух механізатараў і ўручыў Віктару Партасевічу і Сяргею Дунцу памятныя падарункі ад галіновага прафсаюза.
Акрамя прыемнай місіі ўзнагароджання, у цэнтры ўвагі прафсаюза знаходзіліся пытанні арганізацыі працы камбайнераў. Юрый Шумскі пацікавіўся, як наладжана харчаванне на месцах, ці выконваюцца ўсе нормы аховы працы і тэхнікі бяспекі ў гарачы жніўны перыяд.
Камбайнеры адзначылі, што ўмовы для працы створаны добрыя, гарачыя абеды прывозяць своечасова, а тэхніку яны падрыхтавалі належным чынам. Таму і настрой у экіпажаў баявы — працаваць толькі на максімальны вынік. Дарэчы, Віктар намалаціў ужо 650 тон збожжа, Сяргей — амаль 400.
На развітанне госці пажадалі механізатарам спрыяльнага надвор’я, лёгкага палетка і безаварыйнай работы. У сваю чаргу, Віктар Партасевіч і Сяргей Дунец падзякавалі за ўвагу і падтрымку, запэўніўшы, што прыкладуць усе намаганні, каб ураджай 2026 года быў убраны своечасова.
Юрый Шумскі, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў лесу і прыродакарыстання:
— Жніво набірае тэмпы. Яго галоўнымі героямі застаюцца хлебаробы. Прыемна адзначыць, што традыцыйна плячо аграрыям падстаўляюць і прадстаўнікі іншых сфер дзейнасці, у тым ліку і работнікі лясной гаспадаркі. Уборка — гэта агульнанацыянальная справа, ад якой залежыць дабрабыт кожнага беларускага дома. Мы ганарымся тым, што работнікі лясной галіны не застаюцца ў баку ад важнай місіі. Іх праца ў полі — прыклад сапраўднага патрыятызму, высокай дысцыпліны і адданасці роднай зямлі. Прафсаюзы заўсёды бачаць, цэняць і падтрымліваюць чалавека працы.
Анна Анішкевіч
Фота Аляксандра Іванькова


