У Лучайскі касцёл вярнуліся гістарычныя копіі партрэтаў Эльжбеты і Антонія Агінскіх

Духовность

Нядаўна ў жыцці лучайскай парафіі адбылася адметная падзея: у храм вярнулася частка яго страчанай спадчыны — з’явіліся копіі гістарычных партрэтаў Эльжбеты і Антонія Агінскіх, чые імёны непарыўна звязаныя з гісторыяй гэтага краю.

Род Агінскіх пакінуў глыбокі след у гісторыі Беларусі, а лучайская парафія была адным з тых месцаў, дзе іх фундатарская дзейнасць адчувалася асабліва моцна. Менавіта Эльжбета Агінская (Пузына) у сярэ­дзіне XVIII стагоддзя стала ініцыятаркай і галоўнай фундатаркай будаўніцтва гэтага прыгожага мураванага касцёла ў стылі позняга барока і класіцызму.

Паводле меркаванняў даследчыкаў, унікальныя партрэты Эльжбеты і Антонія Агінскіх былі напісаны на палатне ў перыяд паміж 1746 і 1752 гадамі. На абодвух у левым верхнім куце намаляваны радавы герб: на фоне гарнастаевай мантыі пад княскай каронай — італьянскі (авальны) шчыт, гарызантальна падзелены на дзве часткі. У верхняй частцы на чырвоным фоне намаляваны Святы Георгій, які забівае дзідай змея. У ніжняй частцы на сінім фоне — выява герба «Агінец», радавога сімвала Агінскіх і Пузынаў.

У Лучайскі касцёл вярнуліся гістарычныя копіі партрэтаў Эльжбеты і Антонія Агінскіх

Партрэт Эльжбеты Агінскай (Пузыны) выдатна захаваўся. Рукой таленавітага мастака адлюстраваны вобраз арыстакраткі ў раскошным строі. Пад гербам у тры рады напісана па-польску: «Эльжбета Агінская — княгіня, кашталянка Мсціслаўская».

На другім партрэце, які захаваўся значна горш, намаляваны пажылы мужчына ў рыцарскіх даспехах. Партрэт падпісаны наступным чынам: «Антоній з Казельска — князь, кашталян Мсціслаўскі».

Доўгія дзесяцігоддзі, ажно да сярэдзіны 70-х гадоў ХХ стагоддзя, арыгінальныя партрэты захоўваліся менавіта ў лучайскім касцёле, упрыгожваючы левую закрыстыю і нагадваючы вернікам і гасцям пра фундатараў святыні. Аднак складаны для рэлігіі і культуры савецкі час унёс свае карэктывы. Шматлікія каштоўнасці з касцёлаў тады альбо знішчаліся, альбо перадаваліся ў дзяржаўныя сховішчы. Лёс лучайскіх партрэтаў склаўся шчасліва: у пачатку 1990-х гадоў яны былі перададзены ў Віцебскі мастацкі музей. Менавіта там, у надзейных руках музейных супрацоўнікаў, партрэты Агінскіх знайшлі свой новы прытулак і беражліва захоўваюцца і цяпер, з’яўляючыся часткай дзяржаўнага фонду.

Нягледзячы на тое, што арыгіналы знаходзяцца ў абласным цэнтры, сувязь паміж мінулым Лучая і яго сучаснасцю не перарвалася. Цяперашні пробашч лучайскага касцёла ксёндз Яўген Міхайлаў вырашыў вяр­нуць выявы фундатараў на іх гістарычнае месца. Святар асабіста наведаў Віцебскі мастацкі музей і пазнаёміўся з арыгіналамі палотнаў. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву са спецыялістамі музея ксяндзу Яўгену ўдалося атрымаць якасны электронны варыянт партрэтаў. Па іх на адмысловай тканіне, якая выдатна перадае тэкстуру і каларыт арыгінальнага жывапісу XVIII стагоддзя, і былі зроблены дакладныя копіі партрэтаў Эльжбеты і Антонія Агінскіх. Сёння яны занялі сваё пачэснае месца ў левай закрыстыі лучайскага касцёла.

Цяпер кожны, хто прыходзіць у лучайскі касцёл, зможа на свае вочы ўбачыць твары тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння святыні.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.