В Поставской ЦРБ — пополнение: 7 молодых специалистов приступили к работе

Важное Здравоохранение

Кожны год у жніўні калектывы прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны, як і ўсёй рэспублікі, папаўняюцца выпускнікамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прыходзяць на свае першыя рабочыя месцы. Уліваюцца новыя сілы і ў армію медыцынскіх работнікаў раёна. Сёлета тут цёпла сустрэлі трох урачоў і чатырох прадстаўнікоў сярэдняга звяна.

Для маладых спецыялістаў арганізавалі нефармальнае знаёмства паміж сабой, з кіраўніцтвам медустановы і раёна ў форме чаявання ў кафэ райбальніцы, на якое запрасілі намесніка старшыні райвыканкама Станіслава Чымбурга і інспектара аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта Марыю Сапроўскую.

У пачатку сустрэчы маладыя людзі коратка расказалі пра сябе: як завуць, адкуль родам, што скончылі і кім будуць працаваць. Аказалася, з сямі чалавек толькі трое мясцовыя. Гэта выпускніцы Віцебскага і Полацкага дзяржаўных медыцынскіх каледжаў Ксенія Тарасевіч з Камай, Валерыя Коўзан са Старога Двара і Лізавета Казловіч з Варапаева. Ксенія заняла пасаду фельчара-лабаранта ў паліклініцы ЦРБ, Валерыя стала памочнікам урача агульнай практыкі ў амбулаторыі ў 5-м гарадку, а Лізавета — медсястрой хірургічнага аддзялення ў райбальніцы.

В Поставской ЦРБ — пополнение: 7 молодых специалистов приступили к работе

Выпускнік Аршанскага медкаледжа Леў Камісараў, які з’яўляецца памочнікам урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, прыехаў у Паставы з Горак Магілёўскай вобласці. Як і нашы дзяўчаты, ён мэтавік, вучыўся па накіраванні галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. Урач-хірург Ілья Кляшторны родам з Лепельскага раёна, скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Там жа вучылася ўраджэнка Пінска Брэсцкай вобласці Алена Дзейнак. Яна па спецыяльнасці ўрач агульнай практыкі. Ганна Кудласевіч — са Століншчыны, спецыяльнасць псіхіятра-нарколага атрымала ў Гродзенскім медуніверсітэце. Абедз­ве дзяўчыны — зямлячкі Станіслава Чымбурга, які вырас у г. п. Лагішын Пінскага раёна і абрадаваўся такому нечаканаму факту. Яны мелі мэтавыя накіраванні і працаўладкаваны ў ЦРБ.

Пазнаёміўшыся, Ста­ніслаў Уладзіміравіч пацікавіўся ўражаннямі маладых спецыялістаў ад першых дзён работы і тым, дзе яны пасяліліся. Маладыя людзі расказалі, што прынялі іх добра, адразу замацавалі настаўнікаў. Пакуль уліваюцца ў калектыў, знаёмяцца са сваімі абавязкамі і сутнасцю работы. Атрымалі так званыя пад’ёмныя, а прадстаўнікі сярэдняга медперсаналу — яшчэ і выплату ў памеры былой стыпендыі. Абсалютна ўсе здымаюць жыллё па дагаворы найму, 50% платы за яго кампенсуе ЦРБ. У цэлым умовы пражывання задавальня­юць. Тым не менш кожнага ціка­віць пытанне атрымання арэнднага жылля.

— Сёння незанятых арэндных кватэр няма, — шчыра прызнаўся Станіслаў Чымбург. — Але па вуліцы Юбілейнай завяршаецца будаўніцтва 60-кватэрнага дома, здаць які павінны ў канцы гэтага — пачатку наступнага года. Там у нас 5 арэндных кватэр, 4 з іх адда­дзім медработнікам. Зусім хутка пачнецца ўзвядзенне 40-кватэрнага выключна арэнднага дома ў 6-м гарадку. Акрамя таго, як толькі будуць вызваляцца занятыя зараз кватэры, іх таксама будзем даваць вам. З вопыту работы магу сказаць, што на працягу года мы стараемся забяспе­чыць арэндным жыллём усіх, каму яно патрабуецца.

Адна з дзяўчат паці­ка­ві­лася, ці могуць даць у арэнду бытавую тэхніку, у прыватнасці пральную машыну.

— На жаль, не, — адказаў Станіслаў Уладзіміравіч. — Але вы можаце звярнуцца ў Беларусбанк па льготны крэдыт для маладых спецыялістаў на набыццё мэблі і бытавой тэхнікі. Таксама ёсць выгадны крэдыт «На родныя тавары».

Хлопцаў непакоіла пытанне праходжання тэрміновай ваеннай службы, бо яны ўжо атрымалі павесткі з райваенкаматаў, але хацелі б пачаць працаваць на новым месцы. Ім прадстаўнік раённай улады паабяцаў хадайнічаць перад ваеннымі камісарыятамі аб праходжанні службы ў рэзерве. Былі і іншыя пытанні і адказы на іх. Пры гэтым Станіслаў Чымбург прапанаваў маладым людзям пры ўзнікненні складаных сітуацый звяртацца непасрэдна да яго і прадыктаваў свой нумар тэлефона.

— Нам вельмі хочацца, каб вы засталіся на Пастаўшчыне пасля заканчэння абавязковай адпрацоўкі, — зазначыў ён. — Гарадок у нас невялікі, але ўсё неабходнае для жыцця ёсць. Недалёка Мінск, з якім добрыя транспартныя зносіны. А самае галоўнае — тут ціха, спакойна і вельмі прыгожа, нямала месцаў, дзе можна адпачыць і цікава правесці вольны час. Я сам прыехаў сюды 16 гадоў назад і палюбіў гэты край.

У сваю чаргу інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі райвыканкама Марыя Сапроўская зазначыла, што для маладых лю­дзей у раёне праводзіцца шмат мерапрыемстваў, і заклікала прысутных актыўна ўдзельнічаць у іх. Галоўная медыцынская сястра, старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ Алена Кузьмінова расказала пра гарантыі работнікам установы, прапісаныя ў калектыўным дагаворы, і мерапрыемствы, якія ла­дзяцца прафкамам, а таксама ўручыла невялікія падарункі ад яго.

На развітанне Станіслаў Чымбург пажадаў маладым медработнікам плённай працы і задавальнення ад яе, каб з часам у іх не знікла жаданне дапама­гаць лю­дзям і не ачарсцвела душа.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.