Для выпускнікоў школ лета — гэта час не толькі адпачынку, але і паступлення ў выбраныя імі вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. І калі ў ВНУ ўступная кампанія ўжо завяршылася, то ў ССНУ яшчэ працягваецца. Прымаюць дакументы ў абітурыентаў і ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы, дзе на днях пабывала карэспандэнт «ПК».
Уступная кампанія тут стартавала 15 чэрвеня, калі юнакі і дзяўчаты, якія заканчвалі каледж, здавалі выпускныя экзамены. На іх месца неабходна набраць 142 навічкі. Кантрольныя лічбы прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі складаюць 77 чалавек, на ўзровень сярэдняй спецыяльнай — 50 чалавек на дзённую форму навучання і 15 — на завочную платную. На ўзроўні ССА залічэнне ўжо адбылося. Дакументы на дзённае аддзяленне прымалі з 18 ліпеня па 3 жніўня, на завочнае — з 18 ліпеня па 10 жніўня.
— Мы набралі дзве групы па 25 чалавек будучых тэхнікаў-механікаў і повараў 5-га разраду, а таксама групу бухгалтараў-платнікаў, — расказвала дырэктар каледжа, старшыня прыёмнай камісіі Ірына Літовец. — На кожную спецыяльнасць быў конкурс 1,6-1,7 чалавека на месца. У тэхнікаў-механікаў ён адбыўся нават сярод мэтавікоў. Нам неабходна было забяспечыць падачу 11 мэтавых накіраванняў, а абітурыентаў з імі прыйшло 12.
Зараз актыўна ідзе набор першакурснікаў на ўзровень ПТА. Прымаць дакументы на яго пачалі 15 чэрвеня і скончаць 23 жніўня, 24-га адбудзецца залічэнне. Сфарміраваць трэба таксама тры групы з 26 і 25 чалавек. Першая будзе атрымліваць кваліфікацыі слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, вадзіцеля грузавога аўтамабіля катэгорыі С і трактарыста-машыніста катэгорый C, D, F. Другая — кваліфікацыі электраманцёра, вадзіцеля грузавога аўтамабіля катэгорыі С і трактарыста-машыніста катэгорый C, D. Трэцяя група — кандытараў 3-га разраду і прадаўцоў 4-га разраду.
— Падлеткі ахвотна паступаюць на ўсе напрамкі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — працягвала Ірына Пятроўна. — Найбольшай папулярнасцю карыстаецца група, дзе можна атрымаць прафесію электраманцёра. Тут ужо конкурс. Упэўненая, будзе ён і на іншыя спецыяльнасці. План па паступленні мы ўжо зараз выканалі на 110%.
Сярод абітурыентаў не толькі мясцовыя хлопцы і дзяўчаты. Пастаўскі каледж штогод выбірае нямала жыхароў суседніх раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей. Традыцыйна едуць яны і сёлета. Геаграфія даволі шырокая: Мядзел, Нарач, Глыбокае, Відзы, Браслаў, Шаркаўшчына і нават Мінск. Гэта вынік вялікай прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца педагагічным калектывам, выдатнай прафесійнай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы і пастаяннага клопату пра навучэнцаў. Так, дзякуючы намаганням дырэктара каледжа цяпер кожную другую пятніцу ажыццяўляецца падвоз хлопцаў і дзяўчат з Шаркаўшчынскага раёна на аўтобусе дамоў, што паспрыяла іх паступленню ў ПДК.
Пацвярджэннем стаў наступны факт. Пакуль я размаўляла з Ірынай Літовец і адказным сакратаром прыёмнай камісіі Вікторыяй Шубелькай, падаваць дакументы прыехала жыхарка аграгарадка Васюкі Лізавета Якімовіч. Дзяўчына скончыла 9 класаў у Шаркаўшчыне і вырашыла звязаць далейшы лёс з прафесіямі прадаўца і кандытара. На пытанне, чаму паступае менавіта ў пастаўскі каледж, Ліза і яе маці, якая суправаджала дачку, адказалі:
— Тут вучацца знаёмыя і добра адзываюцца пра гэту навучальную ўстанову. Яна знаходзіцца не так далёка ад нашага дома, дабірацца куды апошнім часам стала зручней. Акрамя таго, у Паставах у нас жывуць родныя, на дапамогу якіх у выпадку чаго можна разлічваць.
Алена Шапавалава


