Energy Expo-2026: пастаўчане пабывалі на найбуйнейшым энергетычным форуме краіны

Образование

З 27 па 30 кастрычніка ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры праходзіў ХХХ Беларускі энергетычны і экалагічны форум Energy Expo-2026, які сабраў больш за 200 кампаній і арганізацый з 9 краін свету. За чатыры дні пабываць на гэтым маштабным мерапрыемстве змаглі каля 38 тысяч чалавек. Сярод іх — навучэнцы інжынерных груп пастаўскіх СШ №1 і №2 імя Н. М. Асяненкі.

— На форум нас запрасілі па лініі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, — расказвала настаўнік фізікі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Таццяна Пракаповіч, якая суправаджала групу школьнікаў з Пастаў. — Ездзілі туды ў мінулы чацвер 10 вучняў 10-га і 11-га класаў нашай школы і 8 — першай гарадской. У праграме было наведванне міжнароднай спецыялізаванай выставы «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра». На ёй беларускія і замежныя кампаніі прадставілі свае распрацоўкі ў названых галінах. Спачатку для нас правялі экскурсію, а потым мы самі хадзілі па BELEXPO і разглядалі ўсё.

Energy Expo-2026: пастаўчане пабывалі на найбуйнейшым энергетычным форуме краіны

Па словах Таццяны Іванаўны, уразіў і сам выставачны цэнтр — шыкоўны будынак плошчай каля 10 000 м², і прадстаўленыя мадэлі розных агрэгатаў — усе аўтаматызаваныя, нашпігаваныя электронікай. Часам цяжка было зразумець, як яны зроблены і працуюць. Распрацоўкі выклікалі жывы інтарэс у вучняў. Старшакласнікі засталіся ўражаныя таксама прадстаўнікамі кампаній, якія расказвалі пра тэхнічныя навінкі і абмяркоўвалі іх паміж сабой. Яны сталі для школьнікаў прыкладам, на каго раўняцца і дзеля чаго варта вучыцца.

На выставе было шмат інтэр­актыўных пляцовак для дзяцей, якія наведалі пастаўчане. Яны паўдзель­нічалі ў конкурсах, паразгадвалі рэбусы, шарады і атрымалі невялікія прызы.



— Інжынерная група ў нашай школе працуе ўжо трэці год. І штогод мы ездзім на мерапрыемствы, звязаныя з профілем навучання. Звычайна запрашаюць на дзень адчыненых дзвярэй у БНТУ, з якім заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, а таксама на «Кірмаш вакансій» у ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай. Многія выпускнікі групы паступаюць у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Самых лепшых хлопцаў я арыентую на энергетычны факультэт, які добра ведаю, бо там вучыўся мой сын. Зараз яго студэнтамі з’яўляюцца трое былых вучняў школы. Упэўненая, што наведванне выставы Energy Expo паспрыяе праф­арыентацыі.

Таццяна Пракаповіч



Алена Шапавалава
Фота даслала Таццяна Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.