У пятніцу ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» павіншавалі з тысячным намалотам камбайнераў з Мядзельшчыны.
Сёлетняе жніво для аграрыяў ААТ «Навасёлкі-Лучай» было складаным. Збожжавыя і зернебабовыя культуры ў гаспадарцы займалі адну з найбольшых плошчаў у раёне — 3 600 гектараў. Кліматычныя ўмовы перашкаджалі тэмпам уборкі. Сваімі сіламі аператыўна і без страт убраць такую маштабную плошчу станавілася ўсё цяжэй. У гэты крытычны момант выручыла сапраўднае працоўнае братэрства.
Першымі на дапамогу навасёлкаўскім хлебаробам прыехалі камбайнеры сельгасфіліяла Мінскага трактарнага завода «Дзягілі» Мядзельскага раёна Анатолій Варабей і Міхаіл Яноўскі. Дырэктар гэтай гаспадаркі Аляксандр Варашкевіч — ураджэнец Пастаў, і ён неабыякавы да ўсяго, што адбываецца на радзіме. Убраўшы 1 000 гектараў на Мядзельшчыне, Аляксандр Сяргеевіч, разумеючы складанасць сітуацыі, прапанаваў сваім камбайнерам адправіцца ў Навасёлкі.
Гэты выезд стаў для іх асабліва плённым: тут камбайнеры змаглі дабраць тыя тоны збожжа, якія аддзялялі іх ад запаветнай 1 000. Менавіта пастаўская зямля і навасёлкаўскі колас дапамаглі дзягільцам упісаць свае імёны ў кагорту перадавікоў-тысячнікаў сёлетняга года.
Павіншаваць з гэтым дасягненнем Анатолія Вараб’я і Міхаіла Яноўскага і выказаць ім словы глыбокай удзячнасці прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч і дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. Тысячнікам уручылі дыпломы і падарункі.
— Такая дапамога з’яўляецца прыкладам сапраўднай працоўнай салідарнасці і ўзаемавыручкі паміж суседнімі рэгіёнамі, — гаварыў Генадзій Лютынскі. — У напружаны перыяд жніва, калі кожная хвіліна на рахунку, менавіта такое надзейнае партнёрства дазваляе мінімізаваць рызыкі страты ўраджаю. Мы шчыра цэнім дух таварыства і моцнае плячо, якое вы падставілі нашым аграрыям у гэты адказны час. Асобна хочацца падзякаваць кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства «Дзягілі» за гатоўнасць прыйсці на дапамогу.
— Цяпер Навасёлкі і Дзягілі як гарады-пабрацімы, — пажартаваў Аляксандр Варашкевіч, які таксама далучыўся да віншаванняў.
Удзячнае кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» і камбайнерам ААТ «Хацілы-агра» Уладзіміру Банькоўскаму, Міхаілу Субачу, Ільі Бароўку, сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» — Аляксандру Самковічу і Андрэю Галінскаму, ААТ «Сцяг Перамогі-агра» — Арцёму Маісееву, ААТ «Кураполле-агра» — Уладзіміру Гілю, лясгаса — Сяргею Дунцу, малочнага завода — Мікалаю Адзінцу. Такая працоўная мабілізацыя стала яскравым прыкладам узаемавыручкі, якая здаўна вылучае беларускіх аграрыяў. Таварыскае плячо і большая колькасць тэхнікі дазволілі завяршыць жніво на навасёлкаўскіх палях значна хутчэй.
Анна Анішкевіч


