Заслужанае прызнанне: Леанід Руткоўскі ўзнагароджаны знакам «Ганаровы лесавод»

Общество

Сёння – Дзень работнікаў лесу

Памочнік ляснічага I класа Лынтупскага лясніцтва Леанід Руткоўскі напярэдадні прафесійнага свята ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі «Ганаровы лесавод».

Шлях даўжынёй у сорак гадоў

Сённяшнія поспехі, высокія вытворчыя паказчыкі і аўтарытэт Леаніда Руткоўскага сярод калег — гэта вынік доўгага, насычанага працоўнага шляху, які пачаўся яшчэ ў юнацтве. Нарадзіўся будучы лесавод у вёсцы Скрунды, што на Лынтупшчыне. Рос сярод прыгожай прыроды, таму і не дзіўна, што выбраў «лясную» прафесію. Сваю прафесійную пуцёўку ў жыццё атрымаў у Полацкім лясным тэхнікуме. З таго часу яго працоўная дзейнасць звязана з Лынтупскім лясніцтвам. Агульны стаж работы складае 43 гады. Больш за 15 з іх займае адказную пасаду памочніка ляснічага.

Фактычна адзіны запіс у працоўнай кніжцы сведчыць пра рэдкую ў наш час вер­насць аднойчы абранай прафесіі і аднаму калектыву. За гэтыя дзесяцігоддзі ў краіне і гаспадарцы змянілася многае: спецыялісты, тэхналогіі, тэхніка… Але нязменнымі засталіся шчырая любоў Леаніда Казіміравіча да лесу і яго пачуццё адказнасці за кожны даручаны метр дзяржаўнага зялёнага фонду.

Заслужанае прызнанне: Леанід Руткоўскі ўзнагароджаны знакам «Ганаровы лесавод»

Ад дакументаў да жывога лесу

Агульная плошча ўгоддзяў Лынтупскага лясніцтва складае больш за 13,7 тысячы гектараў, з якіх амаль 11,7 тысячы пакрытыя лесам. Кожны куток гэтых багатых лясных масіваў патрабуе гаспадарскай рукі.

— Леанід Руткоўскі не толькі мае глыбокія тэарэтычныя веды. Ён дысцыплінаваны, вынослівы, умее стратэгічна мысліць на гады наперад, — гаварыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Зарэкамендаваў сябе высокакваліфікаваным, адказным і прынцыповым работнікам, які ў поўным аб’ёме і заўсёды строга ў вызначаны тэрмін спраўляецца з пастаўленымі задачамі.

У ліку штодзённых службовых абавязкаў памочніка ляснічага — дакладнае вя­дзенне тэхнічнай дакументацыі, падрабязны ўлік ляснога фонду. Дзякуючы асабістай пільнасці і прынцыповасці Леаніда Казіміравіча забяспечваецца пастаянны кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства і парадак карыстання ляснымі багаццямі.

Пра работу Леаніда Руткоўскага красамоўна сведчаць лічбы, за кожнай з якіх ста­іць цяжкая праца на лясных дзялянках у любое надвор’е. Лесааднаўленне, догляд і ахова насаджэнняў — прыярытэтныя кірункі, дзе памочнік ляснічага паказвае выдатныя вынікі. Напрыклад, за 5 месяцаў бягучага года лесапаталагічнае абследаванне ў Лынтупскім лясніцтве выканана на 615,5 гектара пры планавым заданні 500 га. Гэта велізарны аб’ём работы, які дазваляе своечасова выяў­ляць захворванні дрэў і шкоднікаў, ратуючы цэлыя масівы ад гібелі. За мінулы год адвод лесасек пад высечкі галоўнага карыстання склаў 20 322 кубічныя метры (107,4% да плана).

Лес — рэсурс аднаўляльны, але, каб на месцы высечак або пашкоджаных стыхіяй дрэў выраслі новыя здаровыя дубравы ці хвойнікі, патрэбны прафесійны догляд. Пасадка лесу ў мінулым годзе ў Лынступскім лясніцтве праведзена на плошчы 6,5 гектара, сёлета — на 17,7, дапаўненне лясных культур — на 51,2 гектара. Дзякуючы строгаму выкананню тэхналогій прыжывальнасць лясных культур першага года пасадкі склала 87%.

Заслужанае прызнанне

Высокі прафесіяналізм і адданасць справе Леаніда Руткоўскага не першы раз адзначаюцца на высокім узроўні. У яго скарбонцы ўзнагарод ёсць нагрудны знак выдатнасці Міністэрства лясной гаспадаркі «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь», які ён атрымаў у верасні 2014 года, шматлікія граматы і падзякі.

Узнагароджанне сёлета нагрудным знакам «Ганаровы лесавод» — чарговая веха і цалкам заслужанае прызнанне яго старання. Калегі па лясгасе ведаюць Леаніда Казіміравіча як чалавека слова і справы, які не толькі ўзорна выконвае свае працоўныя абавязкі, але і прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і падзяліцца вопытам з маладым пакаленнем лесаводаў Пастаўшчыны.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Аляксандр Іванькоў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.