1 верасня бягучага года больш за 300 школ па ўсёй Беларусі перайшлі на сістэму «Электронная школа» з лічбавымі журналамі і дзённікамі. У пілотным праекце ўдзельнічаюць і дзве ўстановы адукацыі нашага раёна — СШ №1 Пастаў і гарадская гімназія. У чым сутнасць і перавагі новай сістэмы над ранейшай, карэспандэнт «ПК» разбіралася з дапамогай намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Наталіі Болгавай.
Наталія Яўгенаўна сустрэла мяне ў сваім рабочым кабінеце. На экране яе камп’ютара свяціўся надпіс «Добро пожаловать в электронную школу!» з прапановай выбраць уліковы запіс для ўваходу.
— Цяпер тут уся наша работа і мы самі, — кіўнула яна на камп’ютар і патлумачыла: — «Электронная школа» — гэта аўтаматызаваная сістэма, накіраваная на лічбавізацыю дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і спрашчэнне ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — педагогаў, навучэнцаў і бацькоў. Нас, педагогаў, яна павінна пазбавіць ад вялікай колькасці папер, дае нам магчымасць генерыраваць справаздачы, кіраваць эфектыўнасцю навучальнага працэсу і аналізаваць эфектыўнасць. Вучні бачаць расклад і тэмы ўрокаў, а таксама расклады гурткоў і званкоў. Ну а бацькі могуць кантраляваць наведванне дзецьмі вучэбных заняткаў, іх паспяховасць і паводзіны.
У «Электроннай школе» збіраюцца ўсе ўліковыя даныя па педагогах і дзецях, аж да псіхалагічных характарыстык навучэнцаў. Яны надзейна абароненыя ад пабочных асоб, бо сістэма знаходзіцца на дзяржаўным серверы, зайсці ў яе можна толькі маючы лагін і пароль. У кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу яны індывідуальныя.
«Электронная школа» – гэта не проста адмена папяровых дзённікаў. Гэта адзіная лічбавая прастора для ўсёй сям’і: ад актуальнага раскладу і дамашніх заданняў у рэжыме рэальнага часу да кантролю харчавання ў сталовай. Усе школьныя будні зараз даступныя ў адзін клік прама ў вашым смартфоне.
Як працаваць у сістэме, работнікам гімназіі падрабязна расказалі і паказалі на спецыяльных навучальных вебінарах да пачатку праекта. А яны ў сваю чаргу навучылі неабходнаму вучняў і бацькоў, раздаўшы ім атрыбуты доступу ў «Электронную школу». І калі на першым часе некаторыя бацькі негатыўна ўспрынялі новаўвядзенне, то цяпер многія актыўна карыстаюцца сістэмай. Для іх яна аказалася больш інфарматыўнай, чым ранейшая. Тут, акрамя іншага, можна паглядзець, што зададзена на дом дзіцяці, якая сума выстаўлена за харчаванне ў гімназіі, прачытаць адрасаваны канкрэтна табе каментарый настаўніка і інш.
Па словах Наталіі Болгавай, пакуль сістэма канчаткова не наладжана, бываюць збоі. У такіх выпадках на дапамогу прыходзіць тэхнічная служба падтрымкі. Для педагогаў створаны таксама чат у вайберы, дзе прысутнічае нават намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай. Ён адсочвае, якія праблемы ўзнікаюць, у тым ліку каб аператыўна іх ухіліць.
Зараз педагогі і іншыя работнікі гімназіі пераводзяць усю папяровую інфармацыю ў «лічбу». Але на працягу першай вучэбнай чвэрці паралельна з электроннымі журналамі паспяховасці класныя кіраўнікі вядуць яшчэ і папяровыя. Гэтак жа і з дзённікамі навучэнцаў. Адмовіцца ад рэальных журналаў і дзённікаў павінны ў другой вучэбнай чвэрці. А з 1 студзеня 2027 года на лічбавы фармат паступова пяройдуць усе ўстановы адукацыі краіны.
Алена Шапавалава

