14 кастрычніка пад вечар многія жыхары Дунілавіч — і дарослыя, і дзеці — спяшаліся не дамоў, а ў мясцовы СДК. Там праходзіў першы раённы конкурс «Супермама», арганізаваны Цэнтрам культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.
Кожная – непаўторная
Удзельніцамі спаборніцтва сталі 9 абаяльных, крэатыўных, творчых мам рознага ўзросту, прафесій і заняткаў і з рознай колькасцю дзяцей, якія прадстаўлялі сельскія і гарпасялковыя ўстановы культуры.
Самая старэйшая з канкурсантак — настаўнік біялогіі Варапаеўскай СШ Таццяна Насевіч — мае ганаровае званне «Маці-гераіня». Яго і ордэна Маці ўдастоена за тое, што нарадзіла і выхоўвае пяцярых дзяцей. У жыцці яна кіруецца прынцыпам: «Зрабі людзям дабро, і яно вернецца да цябе ўдвая».
Жыхарка Дунілавіч Алена Будзіч працуе ў 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Выхоўваючы дзвюх дачок і сына, у вольны ад хатніх клопатаў час любіць выпякаць тарты і частаваць імі блізкіх.
Ірына Косарава з Камай — повар і па прафесіі, і па прызванні. Жанчына клапоціцца пра харчаванне не толькі вучняў Камайскай СШ, але і сваёй вялікай, дружнай сям’і, дзе растуць трое дзетак.
Галоўны бухгалтар Пастаўскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Алёна Дзеравянка з Андрон — мама, з якой ніколі не бывае сумна блізкім. А ўсё таму, што яе жыццёвае крэда — «Што б ні здарылася — трэба танцаваць».
Вольга Лапкова, якая пражывае ў Лучаі, — мама-ціктокер з ветэрынарнай адукацыяй. Але яе ролікі не пра жывёл, а пра актыўныя сямейныя будні. Ну а працуе жанчына страхавым агентам у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне.
Лынтупчанка Алёна Тамашэвіч выдатна спраўляецца не толькі з двума сынамі. «Кухня, сцэна, агарод — усё пад сілу круглы год», — так коратка ахарактарызавала яна сябе.
Канкурсантка з Хаціл Аляксандра Малец паспяхова сумяшчае ў сабе мастацтва быць мамай траіх малых і творцам. Яна спыняе імгненне з дапамогай фотаапарата і лёгка спраўляецца нават з самымі складанымі цырульніцкімі задачамі.
Яшчэ адна жыхарка Варапаева — мама двух сыноў-пагодкаў Лучана Ганчарова, якая прадстаўляла Парыжскі СДК — гарманічна спалучае творчасць, спорт і стварэнне сямейнай утульнасці. Яе жыццёвы дэвіз — «Цэлься ў высокае, стварай з любоўю і спявай ад чыстага сэрца!»
З гутчанкай Надзеяй Ладукас жыццё становіцца салодкім не толькі дома, дзе муж і двое дзяцей, але і ва ўсім наваколлі. Без яе майстар-класа па роспісе імбірных пернікаў не праходзіць ні адно свята.
Раскрыліся ўсебакова
Знаёмства з канкурсанткамі членаў журы, якое ўзначаліла начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка, пачалося ў аўторак, 13 кастрычніка. Тады прадстаўнікі судзейскай калегіі перагледзелі відэавізіткі, дасланыя на першы, завочны, этап конкурсу «Я — мама». У 3-хвілінных відэароліках удзельніцы расказалі пра свае захапленні і жыццёвыя крэда, пазнаёмілі з дзецьмі і паказалі сямейныя будні. Усе падышлі да выканання задання вельмі творча. Хтосьці апавядаў пра сябе і сваю сям’ю ў вершах. Хтосьці даў дакладны рэцэпт сямейнага шчасця: колькі чаго неабходна пакласці, каб атрымалася «страва». А хтосьці дабавіў у прэзентацыю нотку гумару, падзяліўся яркімі асеннімі кадрамі сваёй сям’і.
Наступным этапам конкурсу стала фотавыстава «Сямейны альбом», якая разгарнулася ў фае Дунілавіцкага сельскага Дома культуры. Удзельніцы паказалі розныя моманты свайго жыцця, адкрыўшы старонкі сямейных гісторый. Пры гэтым пастараліся арыгінальна і прыгожа аформіць фотавыставы.
А затым пад гучныя апладысменты прысутных у зале родных, сяброў і знаёмых канкурсанткі выйшлі на сцэну, каб прадэманстраваць сваю эрудыцыю, кемлівасць і творчыя здольнасці. Першым выпрабаваннем для іх стаў конкурс «Разважалкі». У кароткіх відэароліках, якія дэманстраваліся на вялікім экране, маленькія дзеці тлумачылі нейкае слова, не называючы яго, а супермамы павінны былі здагадацца, пра што ідзе размова. І хоць часам гэта было няпроста зрабіць, з дапамогай падказак вядучага конкурснай праграмы Валерыя Жук’яна ўсе справіліся з заданнем. Не выклікаў цяжкасцей і конкурс «Жаночая інтуіцыя», дзе па асобных фрагментах трэба было вызначыць прадмет, страву, расліну або героя папулярнага мультфільма і назваць сам фільм. Мамы паказалі, што яны добрыя гаспадыні і раздзяляюць інтарэсы сваіх дзяцей.
Пасля разумовай нагрузкі ўдзельніцам прапанавалі заняцца творчасцю — з аднолькавага набору прадметаў: каляровай паперы, клею, дэкаратыўнай стужкі, фламастараў і сурвэтак — за 10 хвілін стварыць паштоўку, цацку, казачнага героя, дэкаратыўную кампазіцыю або карысную рэч для дома. Памочнікамі мам сталі іх дзеці. Прыемна было назіраць за тым, як дружна працавалі сямейныя каманды. Разам і прэзентавалі гатовыя работы. Улічваючы тое, што конкурс праводзіўся ў Дзень маці, многія зрабілі віншавальныя паштоўкі, а Таццяна Насевіч адразу падарыла яе сваёй маме, якая прысутнічала ў зале.
Тытулавалі ўсіх
Вызначыць пераможцу журы было няпроста. Усе ўдзельніцы пастараліся ўсебакова сябе праявіць. Таму без тытулаў і ўзнагарод — памятных дыпломаў, кветак і невялікіх падарункаў ад аддзела культуры райвыканкама і раённай арганізацыі РГА «Беларускі саюз жанчын» — не засталася ніводная. Званне самай клапатлівай мамы атрымала Аляксандра Малец, самай крэатыўнай — Лучана Ганчарова. Самымі абаяльнымі мамамі сталі Алёна Дзеравянка і Вольга Лапкова, самымі творчымі — Алёна Тамашэвіч і Ірына Косарава. Тытула самай моцнай мамы ўдастоена Надзея Ладукас, а самай сямейнай — Тацяна Насевіч. Што да звання «Супермама», то яно прысуджана Алене Будзіч. Ёй уручылі і статуэтку пераможцы.
Алена Шапавалава










