17 кастрычніка Міёры на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2026» сустракалі найлепшых аграрыяў Прыдзвінскага краю. У іх ліку была і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам.
З удзелам ганаровых гасцей
Асноўнай пляцоўкай урачыстасці стала галоўная сцэна. Менавіта тут адбылося афіцыйнае адкрыццё фестывалю-кірмашу. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі хлебаробам Віцебшчыны. Сярод ганаровых гасцей свята былі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў і намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Юрый Шулейка. Яны, а таксама старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік звярнуліся да прысутных са словамі глыбокай павагі і ўдзячнасці за працу.
Сёлета Віцебская вобласць другі год запар пераадолела важкі рубеж у 1 мільён тон зерня з улікам рапсу і кукурузы.
За кожнай лічбай стаіць самаадданая, цяжкая і высокапрафесійная праца канкрэтных людзей. У прамовах адзначалася, што бягучы сельскагаспадарчы год патрабаваў ад аграрыяў максімальнай канцэнтрацыі сіл, высокага прафесіяналізму і мужнасці, бо надвор’е не раз выпрабоўвала на трываласць. Тым не менш, дзякуючы вернасці абавязку і сучасным тэхналогіям, Віцебшчына паказала годны вынік.
Сярод раёнаў вобласці на ўборцы зерневых і зернебабовых 1-е месца прысуджана Аршанскаму, дзе валавы намалот склаў больш за 127 тысяч тон, 2-е — Віцебскаму, 3-е — Докшыцкаму.
Пашана – перадавікам
Кульмінацыяй афіцыйнай часткі стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю. На сцэну адзін за адным падымаліся лідары жніва — людзі з мазолістымі рукамі і сціплымі ўсмешкамі. З россыпам высокіх дзяржаўных і абласных узнагарод вярнуліся дадому і нашы землякі, яшчэ раз даказаўшы, што пастаўская зямля багатая на працавітых, таленавітых і адданых сваёй справе людзей.
Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена калектыву ААТ «Навасёлкі-Лучай». Яе і сертыфікат на набыццё трактара «Беларус-1221» Ігар Сергяенка ўручыў дырэктару гаспадаркі Юрыю Шымчыку, пад кіраўніцтвам якога сельгаспрадпрыемства дэманструе стабільны рост, укараняе перадавыя тэхналогіі і з’яўляецца адным з флагманаў вытворчасці ў рэгіёне. Такая адзнака на вышэйшым дзяржаўным узроўні — гонар для ўсяго Пастаўскага раёна.
Не менш важкі ўклад у агульную скарбонку поспеху ўнеслі і непасрэдныя працаўнікі палёў, чыімі рукамі здабываецца хлеб. Механізатар КСУП «Рассвет Пастаўскі» Сяргей Дварко, які ўжо шмат гадоў працуе на палях ААТ «Сцяг Перамогі-агра», сёлета першым у раёне намалаціў запаветную тысячу тон збожжа. За самаадданую працу і высокае майстэрства Сяргей узнагароджаны Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А надзейнасць, працавітасць і адданасць справе вадзіцеля ААТ «Камайскі-агра» Паўла Кеўліча адзначаны Падзячным пісьмом і грашовай прэміяй.
Важкім пацвярджэннем высокага ўзроўню кіравання і арганізацыі працы стала ўручэнне Ганаровай граматы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта дырэктару ААТ «Хацілы-агра» Вячаславу Крыштафовічу. Гэта гаспадарка даўно і трывала асацыіруецца з высокай культурай земляробства і выдатнымі паказчыкамі. Таксама Падзяку старшыні аблвыканкама атрымаў механізатар Пастаўскага льнозавода Алег Маісееў.
Поспех у сельскай гаспадарцы немагчымы без дакладнага навуковага падыходу і кантролю. Жаночую мудрасць, прафесіяналізм і высокую адказнасць пастаўскіх аграрыяў на свяце ўвасабляла галоўны аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алена Касцюк. За свае глыбокія веды і высокія вынікі ў раслінаводстве яна атрымала Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Такой жа граматы ўдастоены і механізатар лясгаса Віктар Партасевіч, які ўбіраў збожжавыя ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і ўвайшоў у лік тысячнікаў раёна.
Падарункавы сертыфікат на 35 тысяч рублёў ад Пастаўскага малочнага завода на набыццё кормараздатчыка і аўтапаілак атрымаў калектыў ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Сертыфікаты ад гэтага прадпрыемства на 2 000 рублёў уручаны вадзіцелю ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрыю Квачу, механізатарам малочнага завода Валерыю Тарговічу і Мікалаю Адзінцу. Калектыў ААТ «Кураполле-агра» адзначаны сертыфікатам на набыццё навяснога абсталявання ад гандлёвага дома «Амкадор-агра».
Шчодры і вясёлы пастаўскі падворак
Да сустрэчы дэлегацый з усіх куткоў вобласці Міёры падрыхтаваліся маштабна і з душой. Горад літаральна расквітнеў: абнавіліся сацыяльныя аб’екты, адрамантаваны дарогі і жылыя дамы, а цэнтральная плошча ператварылася ў велізарную інтэрактыўную пляцоўку. Сапраўдным упрыгожваннем фестывалю сталі традыцыйныя дажыначныя снапы і караваі — сімвалы багацця нашай зямлі і шчодрасці душы беларускага селяніна.
Вуліца Кірава ператварылася ў калейдаскоп традыцый — менавіта там разгарнуліся тэматычныя падворкі раёнаў «Спадчынай жывём — душой багацеем». Пастаўскі падворак здалёк прыцягваў увагу шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу. Нашы землякі сустракалі ўсіх песнямі, жартамі і, безумоўна, шчодрымі пачастункамі. Галоўным брэндам пляцоўкі сталі знакамітыя пастаўскія сыры. Майстры народнай творчасці прэзентавалі сапраўдныя шэдэўры з саломы, гліны і тэкстылю.
Кіраўніцтва вобласці і ганаровыя госці фестывалю, наведваючы пастаўскі падворак, на якім выступаў народны ансамбль беларускай песні «Маладзіца» Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко, адзначылі высокі ўзровень арганізацыі, захаванне народных традыцый і самабытнасці краю. Нашы майстры і артысты змаглі стварыць атмасферу сапраўднай гасціннасці, паказаўшы, што на Пастаўшчыне ўмеюць не толькі шчыра і самааддана працаваць, але і весела святкаваць заканчэнне жніва.
Застанецца ў сэрцах
«Дажынкі-2026» падарылі ўсім незабыўныя эмоцыі. На працягу дня працавалі шматлікія лакацыі: гастранамічны кірмаш «Смакi восенi», спартыўныя пляцоўкі з конкурсамі па шчапанні дроў, выстава сучаснай магутнай сельскагаспадарчай тэхнікі. А на мясцовым возеры гасцей здзіўляла захапляльнае флайбард-шоу. Афіцыйная частка ўрачыстасці працягнулася грандыёзным канцэртам «Будзе хлеб — будзе і песня!», у якім прынялі ўдзел найлепшыя творчыя калектывы Віцебшчыны, а таксама запрошаныя зоркі беларускай і расійскай эстрады.
Яркім акцэнтам фестывалю стаў маляўнічы святочны феерверк, які расквеціў неба над набярэжнай возера. «Дажынкі-2026» завяршыліся, пакінуўшы пасля сябе не толькі прыгожыя ўспаміны і яркія фотаздымкі, але і новы імпульс для далейшай працы.
Сімвалічны дажыначны сноп перададзены Докшыцам, якія ў наступным годзе стануць галоўнай аграрнай сталіцай Віцебшчыны.
Анна Анішкевіч
Фота Наталлі Налей








