«Адзінства ў імя міру»: Наталля Субко ўдастоена Ганаровай граматы

Общество

30 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прайшла ўрачыстасць «Адзінства ў імя міру», прысвечаная 65-годдзю Беларускага фонду міру. Сярод удзельнікаў маштабнага мерапрыемства былі і прадстаўнікі нашага раёна. Для старшыні праўлення раённай арганізацыі Наталлі Субко гэта сустрэча стала яшчэ і нагодай для прыемнай нечаканасці.

Цырымонія сабрала больш за тысячу прадстаўнікоў міратворчага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі і шэрага замежных дзяржаў. Сярод гасцей — дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі кіраўніцтва ААН, дыпламатычных місій, аблвыканкамаў, рэлігійных канфесій Беларусі, навукі і культуры. Пастаўшчыну на святочнай сустрэчы прадстаўлялі старшыня праўлення раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Наталля Субко, члены праўлення арганізацыі Галіна Казлоўская і Аляксандр Іванькоў.

Віншаванні з нагоды юбілею гучалі ад прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый. Сярод ганаровых удзельнікаў — намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка, старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава, старшыня праўлення Беларускага фонду Міру Максім Місько, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і іншыя.

«Адзінства ў імя міру»: Наталля Субко ўдастоена Ганаровай граматы

Сёння ў Беларускім фондзе міру больш за 230 тысяч членаў і звыш мільёна валанцёраў. Гэта людзі розных прафесій, якіх аб’ядноўвае імкненне да міру, незалежна ад нацыянальнасці, прафесійных інтарэсаў і дзяржаўных межаў. Арганізацыя таксама з’яўляецца адзіным кандыдатам ад Беларусі на атрыманне кансультатыўнага статусу назіральніка пры ААН.

Асаблівым момантам для пастаўчан стала ўзнагаро­джанне Наталлі Субко. За самаадданае служэнне справе міру, актыўную дабрачынную і гуманітарную дзей­насць, значны асабісты ўклад у рэалізацыю высакароднай місіі Беларускага фонду міру яна ўдастоена Ганаровай граматы. На працягу 9 гадоў Наталля Мечыславаўна была намеснікам старшыні праўлення раённай арганізацыі, а з гэтага года ўзначальвае яе. Узнагароду ёй уручыў біскуп Аляксандр Яшэўскі, старшыня Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі.

— Шчыра кажучы, гэта ўзнагарода стала для мяне поўнай нечаканасцю. Было вельмі прыемна і хвалююча атрымаць такую высокую ацэнку сваёй працы. Успрымаю яе не як асабістую адзнаку, а як прызнанне дзейнасці ўсёй нашай раённай арганізацыі, людзей, якія побач і дапамагаюць рэалізоўваць добрыя справы. Таксама выказваю шчырую ўдзячнасць старшыні абласнога праўлення Таццяне Уладзіміраўне Туманавай за падтрымку нашых ініцыятыў. Лічу, што працаваць дзеля міру, падтрымліваць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, і разам рабіць дабро — гэта вельмі важна, — падзялілася ўражаннямі Наталля Субко.

Крысціна Рубель
Фота даслала Наталля Субко



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.