Адным з традыцыйных беларускіх рамёстваў, якое ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны не толькі нашай краіны, але і ЮНЕСКА, з’яўляецца саломапляценне. Нягледзячы на тое, што яно развівалася і захавалася ў многіх народаў планеты, беларускія сувеніры, прадметы дэкору, мастацкія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Пляценне — вельмі старажытнае рамяство, якое з’явілася задоўга да ганчарства і ткацтва. Асвойваючы прыроднае асяроддзе, чалавек навучыўся пераплятаць галіны і карані дрэў, пасмы валасоў і палоскі скуры жывёл. Жыллё, рагожкі, вяроўкі, сасуды і адзенне — першыя плеценыя рэчы, вырабленыя з гэтых матэрыялаў. Відавочна, што выкарыстоўваць салому для стварэння карысных рэчаў чалавек пачаў тады, калі стаў вырошчваць хлеб.
У розных кутках зямлі людзі сеялі розныя зерневыя культуры. Напрыклад, у Японіі, Кітаі і В’етнаме культывавалі рыс, таму іх майстры славяцца мастацтвам пляцення з рысавай саломкі. У краінах Заходняй Еўропы палі засявалі пшаніцай, з яе сцяблін і рабілі ўтылітарныя рэчы. А ўсходнеславянскія народы — рускія, украінцы і беларусы — вырошчвалі пераважна жыта, і асноўным матэрыялам для пляцення ў іх была жытняя салома — самая доўгая і трывалая з усіх злакавых раслін. Спачатку сабраную салому сушылі. Потым, каб надаць ёй розныя адценні, вымочвалі ў гарачай вадзе з натуральнымі фарбавальнікамі: шалупіннем цыбулі, шышкамі, карой дрэў. З гатовага матэрыялу стваралі прадметы побыту, галаўныя ўборы, аксесуары, упрыгажэнні для дома і абярэгі.
Амаль кожны селянін умеў плесці з саломы. Навыкі гэтага рамяства перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Існавалі чатыры асноўныя тэхнікі саломапляцення. Самая пашыраная — спіральная — выкарыстоўвалася для вырабу вулляў, мэблі, рэчаў для захоўвання прадуктаў, скрыняў для адзення. У тэхніцы прамога і плоскага пляцення рабілі кошыкі, капелюшы, невялікія скрыначкі. А з дапамогай аб’ёмнага стваралі дэкаратыўныя прадметы і афармлялі царкоўныя інтэр’еры.
Развіццё прамысловасці не выцесніла саломапляценне. Яно па-ранейшаму папулярнае ў Беларусі. Дэкаратыўныя вырабы з саломкі можна набыць на кірмашах, выставах, у сувенірных крамах і вялікіх гандлёвых цэнтрах краіны. Калекцыі саламяных мастацкіх вырабаў захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях рэспублікі.
Задача – захаваць і перадаць
У наш час галоўнымі захавальнікамі і носьбітамі традыцый саломапляцення з’яўляюцца майстры Дамоў рамёстваў па ўсёй краіне. Яны зберагаюць выпрацаваныя на працягу шматлікіх стагоддзяў прыёмы работы з саломкай і перадаюць іх іншым.
На Пастаўшчыне адной з першых гэта пачала рабіць Галіна Карпенка. З’яўляючыся выпускніцай Кобрынскага вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у пачатку 1990-х гадоў яна прыйшла ў толькі што створаны клуб «Майстры» і распрацавала праграму па адраджэнні і пашырэнні саломапляцення. У хуткім часе да Галіны Карпенкі далучылася выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута імя С. М. Кірава Таццяна Петух, якая стала кіраўніком «Майстроў», а потым узначаліла Дом рамёстваў «Стары млын». Таццяна Мікалаеўна прывяла сюды былога метадыста Пастаўскага Дома піянераў Аліну Анкудовіч.
— У Доме піянераў Аліна Аркадзьеўна вяла гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці, які я наведвала школьніцай, — расказвала Таццяна Петух. — Там мы стваралі вырабы з розных прыродных матэрыялаў, у тым ліку з саломкі. Памятаю, да Раства заўсёды рабілі калядныя зоркі і падвясных павукоў. Пляценнем з саломкі Аліна Аркадзьеўна займалася з 1982 года, працягваючы сямейную традыцыю, якую пачалі яе маці і сястра. У клубе яна навучыла свайму рамяству вядомага ў раёне майстра па ткацтве габеленаў Жанну Глабенку.
Калі пастаўскі каледж сумесна з раённым цэнтрам занятасці насельніцтва распрацаваў праграму па падтрымцы занятасці, работнікі клуба «Майстры» пачалі выкладаць традыцыйныя напрамкі народнай творчасці для тых, хто жадаў атрымаць новую спецыяльнасць. Праз гэтыя курсы толькі па рабоце з саломкай штогод праходзіла каля 25 чалавек. Для адных пасля заканчэння навучання саломапляценне стала хобі, для іншых — прафесіяй. Як, напрыклад, для Таццяны Дзегцярук, якая спачатку працавала самастойна, а потым уладкавалася ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі і стварыла там студыю «Саламяныя фантазіі». Са студыі вырасла самабытны майстар Крысціна Брэская, якая зараз уваходзіць у штат Дома рамёстваў і разам з Таццянай Петух развівае саломапляценне. Яшчэ адзін носьбіт традыцый — Гераіма Танана — асвоіла яго самастойна падчас работы ў «Старым млыне».
Майстэрства на высокім узроўні
З таго часу, як з’явіўся клуб «Майстры», і па сёння ў Доме рамёстваў існуе гурток па саломапляценні і аплікацыі саломкай. Называецца ён «Саламяныя цуды». Творчае аб’яднанне папулярнае не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Апошнія могуць прыйсці на заняткі з канкрэтным запытам, напрыклад сплесці капялюш. І іх навучаць гэтаму.
Майстры Дома рамёстваў валодаюць усімі традыцыйнымі прыёмамі пляцення, а таксама аплікацыяй і інкрустацыяй саломкай для аздаблення рэчаў.
Іх складаныя і адначасова вытанчаныя работы нязменна займаюць прызавыя месцы ва ўсіх конкурсах, у якіх удзельнічаюць, з’яўляюцца падарункамі для гасцей Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», іншых важных мерапрыемстваў.
— Саломка — падатлівы, пластычны матэрыял, з якога можна зрабіць любую рэч — ад шкатулкі і дэкаратыўнага пано да аб’ёмнай скульптуры і ўпрыгажэнняў: бранзалетаў, завушніц і інш., — працягвала Таццяна Петух. — Нарыхтоўваем яе ўдзвюх з Крысцінай Брэскай пераважна на прыватных падворках, таму што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна жыта не вырошчваюць, а нам для вырабаў патрэбна доўгая салома. Жнём, як даўней, сярпом, потым каля месяца сушым і чысцім. Падчас нарыхтоўкі важна ўхапіць перыяд малочна-васковай спеласці калосся: тады ў сцябліне ёсць вільгаць, якая дазволіць саломцы быць мяккай.
Як творчыя асобы майстры па саломапляценні не любяць паўтарацца ў сваіх вырабах. Таму прыдумваюць новыя цікавыя кампазіцыі, спалучаюць саломку з рознымі, на першы погляд неспалучальнымі, матэрыяламі, выкарыстоваюць незвычайныя тэхнікі. І імкнуцца пастаянна паляпшаць якасць вырабаў.
Алена Шапавалава
Фота аўтара і з архіва Дома рамёстваў






