Игорю Прокоповичу — 60. Большое интервью с юбиляром

Главное Общество

Ігар Пракаповіч: «Чалавек старэе тады, калі страчвае цікавасць да жыцця»

Сёння вядомы краязнаўца, педагог і пісьменнік Ігар Пракаповіч святкуе юбілей — яму спаўняецца 60. Дарэчы, прыблізна такая ж лічба атрымаецца, калі палічыць усе напісаныя ім кнігі. А гэта тысячы старонак тэкстаў, прысвечаных роднай зямлі, яе гісторыі, славутасцям, людзям…

Ігар Міхайлавіч працуе не дзеля славы і прызнання, а па клічы сэрца і душы. І яго плённая праца заўважалася і заўважаецца ў літаратурных, краязнаўчых, педагагічных колах. Ён — Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя У. Караткевіча, пераможца абласнога конкурсу «Настаўнік года», пераможца рэспубліканскага конкурсу на найлепшае краязнаўчае выданне… А сёлета прызнаны найлепшым публіцыстам краіны — атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію за кнігу «Пастаўшчына».

Каго Ігар Пракаповіч лічыць па жыцці сваім настаўнікам? Якія кнігі для яго маюць асаблівую каштоўнасць? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні — у разгорнутым інтэрв’ю «Пастаўскаму краю».

— Ігар Міхайлавіч, якім было ваша дзяцінства?

— Яно прайшло на «местачковай» вуліцы Заслонава ў Паставах, якая вызначалася спакойным і мерным ладам жыцця. Аднак асабліва шмат успамінаў з дзяцінства звязана з вёскай Шыкавічы на Мядзельшчыне — там жылі мае бабуля з дзядулем і там бываў з братам кожнае лета.

Дзядуля Уладзімір Васільевіч і бабуля Паўліна Фёдараўна Звяругі
Бацькі Раіса Уладзіміраўна і Міхаіл Аляксандравіч
Ігар Пракаповіч у дзяцінстве

Вельмі многае, што ў маім жыцці звязана з паэзіяй, успрыманнем свету, пайшло менавіта з Шыкавіч. Там я адчуў, што такое прыгажосць прыроды, душэў­насць чалавечых зносін, ра­дасць адкрыццяў, смак беларускай мовы. У духоўным плане бабуля з дзядулем былі вельмі багатымі людзьмі, хаця і мелі не больш за чатыры класы адукацыі. Яны не чыталі «маралі», не абмяжоўвалі ўнутранай свабоды нейкімі забаронамі, але ўсім сваім ладам жыцця, уласным прыкладам вучылі, як трэба жыць на зямлі. Дзядуля раскрываў сакрэты рыбалкі, паказваў, якія дзе растуць грыбы і ягады. А яшчэ і пасьба кароў, сенакос, сяўба, капанне бульбы… Для нас, дзяцей, гэта былі незабыўныя ўражанні!

— З чаго пачалося ваша захапленне краязнаўствам?

— Гэта таксама ідзе з Шыкавіч. А яшчэ ад бацькі, які часта браў нас з братам на паляванне, рыбалку. Завязе невядома куды, а мне цікава: што гэта за мясціна, чым яна адметная? Таму, калі паўстала пытанне, куды паступаць пасля школы, асабліва не вагаўся: хацелася быць бліжэй да таго, што звязана з прыродай. Выбраў геаграфічны факультэт БДУ — і ні разу не пашкадаваў пра гэта.

У будаўнічым атрадзе. 1983-ці год
У войску пасля маршу, 1984-ты год.
Малады настаўнік СШ № 1. 1990-я гады

— Каго лічыце сваімі галоўнымі настаўнікамі?

— Я вучыўся ў пастаўскай СШ №2. Выдатнікам не быў — сярэдні бал меў 4,5 (па пяцібальнай сістэме — аўт.). У школе ўсе педагогі былі дасведчанымі спецыялістамі, выдзяліць кагосьці складана. Памятаю, напрыклад, як настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Аляксандраўна Катовіч ладзіла баль літаратурных герояў. У ім удзельнічаў увесь клас. Мы шылі касцюмы, развучвалі вершы, танцавалі. У мяне, дарэчы, была роля Ленскага (усміхаецца — аўт.).

З універсітэцкіх гадоў успа­мінаецца прэзідэнт беларускага геаграфічнага таварыства прафесар Валерый Станіслававіч Аношка. Ён далучыў мяне да дзейнасці гэтага таварыства — я і цяпер з’яўляюся членам яго вучонага савета.

Вучань 1-га класа СШ № 2 Ігар Пракаповіч. 1968-мы год.

— А ці вучыў хто паэтычнаму майстэрству?

— Цяга да літаратурнай творчасці была з дзяцінства. Спачатку вучыўся пісаць па ўзорах паэзіі, якая вывучалася ў школе. Пазней рашыўся паказаць вершы паэту Алесю Касцяню, яго і лічу сваім настаўнікам. Ён у той час працаваў у рэдакцыі раённай газеты. Яшчэ школьнікам я прынёс яму свой цыкл рускамоўных вершаў пра Паставы. Тады здавалася, што гэта амаль шэдэўры. Таму з хваляваннем чакаў, як мяне будуць хваліць, казаць, які я таленавіты. І раптам Алесь паказвае мой верш, увесь скрэслены чырвонай ручкай! Мой твар заліўся такой жа чырванню. Напэўна, месяц пасля гэтага не пісаў нічога. Але той выпадак стаў выдатным штуршком да самаўдасканалення і павышанай патрабавальнасці да ўсяго, што раблю.

Па-сапраўднаму захапіўся паэзіяй у старэйшых класах. Пісаў многа. Праўда, не магу сказаць, што вершы былі якаснымі, бо не ведаў на той час нават асноў тэорыі вершаскладання — проста хацелася выказацца. Дасведчанасць прыйшла пасля вучобы, удзелу ў семінарах маладых пісьменнікаў.

— Вы — аўтар вялікай колькасці краязнаўчых, паэтычных кніг. Якія з іх для вас асабліва значныя, каштоўныя?

— Чым больш часу працуеш над нейкай тэмай, тым прыемней бачыць вынік. Таму, адказваючы на пытанне, вылучу вучэбна-метадычны комплекс «Чароўны край — Пастаўшчына» і кнігу «Край беларускага сэрца — Мядзельшчына» (яна выйшла ў 2018 годзе аб’ёмам 654 старонкі — аўт.). Нарачанскі край — радзіма бацькоў — цікавіў мяне заўсёды. І спатрэбілася шмат часу і сіл, каб сабраць неабходны краязнаўчы матэрыял.

Увогуле, асаблівыя эмоцыі дорыць выхад любой кнігі, бо кожная з іх — гэта частка жыцця. Калі ў 1993 годзе ўбачыла свет маё першае геаграфічнае даследаванне «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна», а за ім і зборнік паэзіі «Рэха малітваў», адзначаны прэміяй часопіса «Маладосць», з’явілася адчуванне таго, што зроблена нешта істотнае.

На свяце беларускага пісьменства. 2016-ты год.

— Якой літаратуры самі аддаяце перавагу?

— У дзяцінстве вельмі захапляўся фантастыкай — «праглынуў» усё, што было ў дзіцячай і раённай бібліятэках. Многа чытаў мастацкай літаратуры. Аднак цяпер яна мяне мала цікавіць. Сёння аддаю перавагу дакументалістыцы, творам знаёмых краязнаўцаў і паэтаў. Што да любімых кніг, то гэта «Майстар і Маргарыта» М. Булгакава і «Гоя, або Цяжкі шлях пазнання» Л. Фейхтвангера. З паэтаў падабаюцца С. Ясенін, А. Блок, М. Багдановіч, У. Дубоўка. Гэтыя аўтары ідуць са мной па жыцці. З двума апошнімі існуе нейкая амаль містычная сувязь. Максім Багдановіч, як і я, нарадзіўся 9 снежня, а жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Дубоўкі я шмат вывучаў, напісаў кнігу, некалькі артыкулаў, правёў два літаратурныя семінары.

— Якія ў вас крыніцы натхнення і ці мяняюцца яны з узростам?

— Чым больш за плячыма гадоў, тым больш па-філасофску гля­джу на свет, больш разважаю. Калі быў маладзейшы, на гэта папросту не хапала часу. Трэба было ўладкоўвацца ў жыцці: будаваць дом ці вырашаць іншыя бытавыя пытанні. Праўда, крыніцы натхнення засталіся тымі ж. Па натуры я лірык, і расквеціць мой дзень можа любая дробязь — хоць жоўты лісточак на дрэве.

Па жыцці для мяне вельмі важная і значная падтрымка сям’і. Заўжды побач жонка, радуюць поспехамі дзве дачкі, пад­растаюць унук, дзве ўнучкі. У Паставах жыве мама. Ёй амаль 80, кожную раніцу і вечар я з ёй на сувязі. У многіх жыццёвых пытаннях дапамагаюць брат і цешча. Па магчымасці вяртаюся ў Шыкавічы. Бабуліна вёска і сёння для мяне — святое месца.

З жонкай Наталляй. 2009-ты год.

— Вы займаецеся края­знаўствам каля 40 гадоў. Няўжо яшчэ не ўсё на Пастаўшчыне вывучылі?

— Гадоў 7-8 назад мне здавалася, што асноўная краязнаўчая работа па нашым раёне завершана. Аднак за апошні час дадалося амаль паўтара дзясятка новых тэм для распрацоўкі. Частку з іх даследую разам з вучнямі — удзельнікамі гуртка Terra Inсognita. Далучыць школьнікаў да свайго, роднага, сёння як ніколі важна. На ўроках яны актыўна вывучаюць Егіпет ці Месапатамію, а свайго адметнага пад бокам не бачаць. Далёка не ўсе наведваліся ў Камаі, Лынтупы, Лучай, Дунілавічы і іншыя паселішчы, не ведаюць, якія выдатныя помнікі там знаходзяцца.

— Для працы з дзецьмі трэба шмат цярпення і сіл. На колькі гадоў сябе адчуваеце?

— Гадоў на 35-40. Гэта той узрост, калі ёсць вопыт, веды, а душа і пачуцці яшчэ захоўваюць чысціню і захопленасць жыццём. Мне падабаецца выраз: «Чалавек старэе, калі страчвае цікавасць да жыцця». Пакуль, на шчасце, вакол столькі незвычайнага і нязведанага…

Выступленне. 2010-ты год.
На рыбалцы. 2011-ты год.

— Што для вас было б найлепшым падарункам да юбілею?

— Хацелася б, каб была магчы­масць выдаць матэрыял, які ўжо напісаны. Напрыклад, гатовы рукапіс выдання «100 адметных мясцін Пастаўшчыны». Ні ў адным раёне Беларусі нічога падобнага, здаецца, яшчэ не выдавалася.

Я ўдзячны лёсу за падтрымку блізкіх, калег, сяброў. Ужо адна іх прысутнасць у маім жыцці — найвялікшы падарунак.

Іна Сняжкова
Фота даслаў Ігар Пракаповіч



Читайте также:
В зоне обслуживания страхового агента Елены Киёнок проживают 1142 человека
Работа здесь непростая, но интересная. Юрисконсульт УП «ЖКХ» Кристина Шилина
27 ноября в поставской СШ №3 прошел открытый диалог «Беларусь — это мы»



Tagged

1 комментарий по теме “Игорю Прокоповичу — 60. Большое интервью с юбиляром

  1. Случайно зашла на сайт ПК, и увидела, что сегодня Юбилей у Игоря Михайловича. На душе стало так тепло от воспоминаний об этом человеке, учителе, который «горит» работой, не просто пришел в класс к ученикам, а хочет поделиться своим опытом, знаниями! Вспомнила краеведческие походы, написание книги….
    Игорь Михайлович, от души поздравляю Вас с Юбилеем! Желаю Вам неиссякаемой энергии, бодрости, крепкого здоровья, семейного благополучия!
    Ваша ученица Соболь Инна

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.