Камаи прошлого века. Путешествуем во времени благодаря фотоархиву Павла Давидовского

Главное История

Свой фотаскарб Камаі маюць…

Павел Давідоўскі ў сядзтбе ў Камаях

Машына часу ўсё ж такі існуе. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова адкрыць любы альбом са старымі здымкамі — чорна-белымі, выцвілымі, часам ледзьве жывымі ад «узросту», але ад гэтага яшчэ больш каштоўнымі.

Хіба гэта не магія — назіраць за тым, як жылі продкі нават сто гадоў назад? Бачыць, што яны апраналі, як працавалі і адпачывалі, у якіх умовах жылі і па якіх вуліцах хадзілі… Менавіта такія разважанні ў мяне ўзніклі пасля сустрэчы з жыхаром Камай Паўлам Давідоўскім. Яму ўдалося сабраць уражвальную калекцыю рарытэтных здымкаў, па якіх можна смела вывучаць гісторыю яго роднага мястэчка.

Камаі. Здымак зроблены ў часы 2-й сусветнай вайны

Знаёмства з Паўлам адбылося праз Facebook. Яго зацікавіла інфармацыя пра брукаваную дарогу Паставы—Вільня. У каментарыях ён апублікаваў здымак Камай 70-х гг., на якім добра бачная вымашчаная каменем мясцовая вуліца. Так я і даведалася пра існаванне ў гэтай сацыяльнай сетцы асобнай старонкі «Камаі/Kоmaje». Там Павел перыядычна публікуе фатаграфіі, зробленыя ў вёсцы ў мінулым стагоддзі.

Пачала знаёміцца з фотаматэрыялам, углядацца ў твары, дэталі… Колькі тут сюжэтаў! Вуліцы з саламянымі дахамі, мясцовыя вяселлі, касцёл і парафіяльнае жыццё, працоўныя калектывы, коні, брычкі і ўжо рарытэтная савецкая тэхніка на вясковых дарогах… І дзе можна было сабраць столькі здымкаў? Гэта толькі копіі або ёсць на руках і арыгіналы? Пытанняў узнікла шмат, і Павел згадзіўся на ўсе адказаць.

Брукаваная вуліца ў Камаях. 70-я гады ХХ стагоддзя.

Мы сустрэліся ў цэнтры аграгарадка. Тут за лічаныя крокі ад 415-гадовага касцёла знахо­дзіцца сядзіба Давідоўскіх. Яна ўяўляе сабой вялікі драўляны дом з прасторнай банкетнай залай і пакоямі для пражывання. Разлічаны аб’ект як на турыстаў, так і на мясцовых жыхароў, якія збіраюцца тут на самыя розныя мерапрыемствы — ад юбілеяў і вяселляў да памінальных сталоў.

У сядзібе ўсё стылізавана пад даўніну. Звяртаюць на сябе ўвагу вышыўкі, грампласцінкі, карункавыя сурвэткі. Але першае, што кідаецца ў вочы ў банкетнай зале, — вялікая экспазіцыя фотаздымкаў. Змешчаны яны ў храналагічнай паслядоўнасці. Спачатку можна ўбачыць Камаі яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны (здымкі гэтага часу знойдзены ў інтэрнэце), заканчваецца «выстава» фатаграфіямі 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

1930 г. Фота Яна Булгака
Першая Камунія. 1930-я
Сям’я Каравацкіх. 1927-мы год.

 

Кузня ў маёнтку Камаі. 1930-я. Каваль — Казімір Грэська.
1951 г. З архіва сям’і Грыбоўскіх.
1960-я.

 

1970-я.

1980-я.

1990-я.

Як расказаў малады гаспадар, на сцяне ў рамках вісяць якасныя раздрукоўкі. Арыгінальныя карткі ён захоўвае ў альбомах. Але перш чым пачаць іх гартаць, прашу суразмоўцу крыху расказаць пра сябе.

Павел нарадзіўся ў Камаях, тут вучыўся ў школе. Пасля скончыў педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка (мае дыплом настаўніка пачатковых класаў і беларускай мовы і літаратуры). Далейшую адукацыю атрымліваў ва Універсітэце Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне і ў Еўрапейскім калегіуме польскіх і ўкраінскіх універсітэтаў. Напрамак навучання — славянская філалогія. Ураджэнец Камай шмат часу прысвяціў даследаванню беларускай лацінкі і анамастыкі (раз­дзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны і геаграфічныя назвы). На гэтыя і іншыя тэмы напісаў паўсотні артыкулаў — навуковых і публіцыстычных.

— Цікавасць да гісторыі, края­знаўства і, у прыватнасці, да старых фотаздымкаў узнікла яшчэ ў дзяцінстве, — расказваў Павел Давідоўскі. — У маёй бабулі іх захавалася шмат, і пра кожны яна магла вельмі доўга расказваць. Фатаграфіі ў альбомах сямейныя. Гэта, напрыклад, мой прадзядуля. Ён прыехаў з Санкт-Пецярбурга і ў свой час быў кіраўніком спраў у мясцовага пана Чаховіча. А вось прабабуля Эмілія на здымку яшчэ часоў Першай сусветнай вайны (яна злева — аўт.).

Частку фатаграфій, што ёсць у калекцыі Паўла, прынеслі яму мясцовыя жыхары. Падчас наведання сядзібы многія звярталі ўвагу на выставу на сцяне і, пакапаўшыся ў сямейных архівах, прыносілі свае «экспанаты».

— Мне нават цяжка ўявіць, колькі цікавых, унікальных здымкаў яшчэ ёсць у альбомах камайцаў, — працягваў суразмоўца. — Прычым далёка не ўсе ўсведамляюць, якую вялікую каштоўнасць мае гэты матэрыял. Напрыклад, зусім нядаўна, восенню, я «выратаваў ад смерці» цэлы стос старых бабуліных фатаграфій. Калі не стала дзядулі, яна папросту вырашыла іх… спаліць. Літаральна з печкі выцягнуў. А то была б ім, як я жартую, «свяшчэнная інквізіцыя».

40-я гг. На здымку — бабуля Паўла Давідоўскага.

Здымкаў у калекцыі станавілася ўсё больш і больш, і Павел вырашыў паказаць іх шырокай аўдыторыі. Так узнікла ідэя стварыць старонку ў Facebook. Дзякуючы ёй здымкі змаглі ўбачыць выхадцы з Камай, якія сёння жывуць далёка ад Радзімы — у Аўстраліі, Амерыцы, шэрагу еўрапейскіх краін.

— Матэрыялу для напаўнення старонкі хопіць яшчэ не на адзін год, — прызнаўся Павел Давідоўскі. — Раблю гэта паступова, каб яна была «жывая», а не статычная. Тым больш што гэта не адзінае маё захапленне. Я вялікі прыхільнік падарожжаў. Пабываў у 33 краінах — пераважна вандраваў з сябрамі на ўласных аўтамабілях. За апошнія гады мы аб’ез­дзілі практычна ўсе раёны Беларусі. Нашу праграму падарожжаў мы назвалі «118+» (па колькасці раёнаў у нашай краіне — аўт.). Ужо распрацоўвалі маршруты па Украіне, Расіі, але планам перашкодзіла пандэмія.

Павел Давідоўскі ў Харватыі

Шмат часу камайскі энтузіяст прысвячае добраўпарадкаванню сядзібы. Напрыклад, летам на тэрыторыі сам каменем вымасціў кавалак дарогі. Таксама дапамагае ў вядзенні іншых кірункаў сямейнага бізнесу — у Давідоўскіх у вёсцы ёсць уласная крама. Узаемадзейнічае і з мясцовым ксяндзом Яцэкам Хутманам, у якога заўжды шмат ідэй і планаў па захаванні гістарычнай спадчыны Камайшчыны.

— Я пражыў у Польшчы 10 гадоў, але не шкадую, што вярнуўся на сваю малую радзіму, — падсумаваў суразмоўца. — Хаця, прызнаюся, сумна глядзець, як змяншаецца колькасць жыхароў у аграгарадку, у навакольных вёсках, як адыходзяць у вечнасць людзі, якія маладымі ўсміхаюцца са старых фотаздымкаў. Цяжка ўявіць, якімі будуць фатаграфіі Камай нават праз некалькі дзесяцігоддзяў. Бачу па архівах, што і гэтага часу дастаткова, каб змянілася карцінка жыцця. Дай Бог, з часам усё пабачым самі…

Іна Сняжкова
Фота аўтара і з архіва Паўла Давідоўскага



Читайте также:
Следы Первой мировой на Поставщине. Приглашаем в виртуальное историческое путешествие в деревню Можейки и околицы
Эхо публикации. Новые факты о старых брусчатках
Поставщина присоединилась к патриотическому проекту «Память сердца»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.