Новосёлковской СШ присвоено имя Героя Социалистического Труда Олега Володько

Важное Общество

З імем слаўнага земляка

У мінулую пятніцу ў Навасёлкаўскай СШ адбылася ўрачыстая лінейка з нагоды прысваення школе імя Героя Сацыялістычнай Працы Алега Валодзькі.

На мерапрыемства сабраліся ўсе навучэнцы школы. Прыбылі і ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Станіслаў Чымбург, намеснік начальніка аддзела па адукацыі Таццяна Русалоўская, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, намеснік кіраўніка гаспадаркі Славамір Шапель, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Мядзведзеў. Ад сям’і Алега Адольфавіча прысутнічалі яго зяць Васілій Сівіцкі і ўнучка Кацярына Грынчык.

Пра Алега Валодзьку ўспамінае Сяргей Чэпік

— Зямное жыццё Алега Ва­лодзь­кі абарвалася два гады назад. Але ён па-ранейшаму жыве сярод нас сваімі справамі і дасягненнямі. Тое, што мы бачым сёння ў Навасёлках, створана яго нястомнай працай, нераўнадушным сэрцам, імкненнем зрабіць жыццё сельскага чалавека лепшым, — гаварылі вядучыя мерапрыемства — намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Алена Ластоўская і 11-класнікі Максім Касцюк і Меліке Кулёнак.

Яны ўзгадалі працоўны шлях ветэрана, які больш за 40 гадоў узначальваў мясцовую гаспадарку — калгас імя Суворава — і зрабіў яе вядомай на ўвесь Савецкі Саюз. Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі, тут актыўна займаліся перапрацоўкай — працавалі 6 вытворчых цэхаў. Вялікая ўвага ўдзялялася развіццю сацыяльнай сферы: былі пабудаваны жылыя дамы, паліклініка, Дом культуры, гасцініца, школа… У 1981 годзе Алегу Валодзьку прысвоілі званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР, у 1988-м — званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён удастоены шэрага ордэнаў і медалёў.

Новая шыльда на будынку школы

— Алег Адольфавіч — гэта чалавек-легенда, — адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, які першым з гасцей узяў слова. — Ён вельмі шмат зрабіў не толькі для аграгарадка, але і для ўсёй Пастаўшчыны. Многія жыхары раёна любілі і паважалі яго, памятаюць і зараз. Хочацца, каб гэта памяць жыла як мага даўжэй, каб мы бралі прыклад са свайго земляка. Ён напісаў некалькі кніг. Чытайце іх, бо там біяграфія аўтара, яго багаты жыццёвы вопыт, — звярнуўся Сяргей Васільевіч да навучэнцаў. — Упэўнены, што прысваенне школе імя Алега Валодзькі будзе развіваць у вас патрыятызм, прымусіць яшчэ лепш вучыцца.

— Алег Валодзька жыў і працаваў для цяперашняга і будучых пакаленняў, не шкадуючы ні здароўя, ні сіл, — падхапіў эстафету памяці дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. — Ён пабудаваў шмат аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На жаль, зараз некаторыя, у прыватнасці лазня, басейн, не працуюць. Я разам з калектывам сельгаспрадпрыемства паспрабую іх аднавіць. Ну а вы, вучні, павінны ганарыцца тым, што будзеце вучыцца ў школе, названай імем Алега Адольфавіча. Поспехаў вам, добрых адзнак і выбраць правільную дарогу ў жыцці!

Адным з аб’ектаў, узведзеных намаганнямі старшыні былога калгаса імя Суворава, стала Навасёлкаўская СШ. Упершыню яна расчыніла свае дзверы для вучняў у красавіку 1983 года. З таго часу мінула амаль чатыры дзесяцігоддзі, але ў школе і сёння працуюць педагогі, якія адкрывалі яе разам з былым дырэктарам Уладзімірам Кавальскім і Алегам Валодзькам. Гэта Янія Анкудовіч, Сафія Скабёлкіна і Віктар Снапок. Кіраўнік установы адукацыі Валянціна Пяткевіч папрасіла іх і яшчэ адну ўдзельніцу той падзеі — настаўніцу-пенсіянерку Ніну Маціеўскую — выйсці наперад, а вучні ўручылі ветэранам кветкі. Ад педагогаў выступіла Янія Анкудовіч. Школьнікі прачыталі вершы, прысвечаныя слаўнаму земляку, і пад агульныя апладысменты адкрылі на будынку новую шыльду.

— Мы абяцаем з гордасцю несці імя Алега Адольфавіча Валодзькі і пацвярджаць яго годнымі здзяйсненнямі, — запэўніла прысутных напрыканцы ўрачыстасці Валянціна Пяткевіч.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Аляксандра Фалевич из Юнек выпекает вкусные торты, медовые пряники, безе, капкейки
Популярны ли мусорные контейнеры ЖКХ среди поставчан?
Уроженцы д. Ботьвины собственными силами благоустроили местное кладбище



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.