Фоторепортаж: Последний звонок на центральной площади в Поставах (+видео)

Главное Образование

Пад гукі вальса і мелодыю званка

29 мая ў беларускіх школах празвінеў апошні званок, які абвясціў пра заканчэнне чарговага навучальнага года і стаў развітальным для навучэнцаў выпускных класаў. У апошні раз прагучаў ён і для 175 11-класнікаў і 294 9-класнікаў з нашага раёна. У суботу раніцай ва ўсіх агульнаадукацыйных установах Пастаўшчыны, за выключэннем СШ №4, дзе навучальны год завяршыўся 28 мая, прайшлі ўрачыстыя лінейкі. А вечарам таго дня выпускнікі 11-х класаў сабраліся на галоўнай плошчы горада на раённае свята апошняга званка.

На раённае свята «Апошні званок» у поўным складзе прыбылі выпускнікі Пастаўскай гімназіі, чатырох гарадскіх сярэдніх школ, Варапаеўскай, Дунілавіцкай, Лынтупскай, Навасёлкаўскай і Камайскай СШ. Прыгожыя і ўзрушаныя, у вызначаны час яны выстраіліся класамі на плошчы насупраць устаноўленай перад райвыканкамам сцэны, з якой віноўнікаў урачыстасці, педагогаў і бацькоў вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Ён адзначыў, што для выпускнікоў наступіў вельмі важны, хвалюючы і незабыўны дзень, які назаўсёды застанецца ў іх памяці: завяршаецца вучоба ў школе і пачынаецца самастойнае жыццё.

— Упэўнены, вы паспяхова здасце выпускныя і ўступныя іспыты, выбераце справу, якая падабаецца, і атрымаеце патрэбныя прафесіі. А калі закончыце вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы, вяртайцеся на сваю малую радзіму — Пастаўшчыну. Мы будзем вас вельмі чакаць, бо нам патрэбны кадры ўсіх спецыяльнасцей, — гаварыў Пётр Леанідавіч.

Самыя сардэчныя словы прызнання кіраўнік дэпутацкага корпусу выказаў настаўнікам, якія адкрылі для вучняў непаўторны свет ведаў, на працягу 11 гадоў вялі іх па сцяжынках любові і дабрыні, запалілі ў сэрцах агеньчык цікаўнасці і веры. Падзякаваў педагогам за добрасумленную працу, мудрасць, добрыя, спагадныя сэрцы і вернасць настаўніцкаму абавязку, пажадаў моцнага здароўя і творчых поспехаў. Здароўя, дабрабыту, цярпення зычыў і бацькам выпускнікоў, якія, на першы погляд, незаўважна дапамагалі сваім дзецям прайсці ўсе школьныя выпрабаванні, шчыра радаваліся іх перамогам і перажывалі няўдачы.

Пасля гэтага Пётр Леанідавіч уручыў заслужаныя ўзнагароды самым актыўным, захопленым, адораным навучэнцам, іх баць­кам і педагогам. Грашовымі прэміямі адзначаны 11-класнікі Варапаеўскай СШ Анжаліка Вырвіч і Валерый Мядзведзеў, 9-класнік гэтай школы Мацвей Бяззубенка, выпускніца гімназіі Лізавета Жамойдзь, яе малодшыя сяброўкі: 9-класніца Лізавета Афанасьева і 8-класніца Вікторыя Вітко, 11-класнік СШ №3 Яўгеній Жукаў, навучэнкі 9 і 5 класаў трэцяй гарадской школы Аляксандра Жыдкая і Ірына Гаўрыловіч. Усе яны ў бягучым навучальным го­дзе сталі пераможцамі і прызёрамі раённага, абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, абласнога конкурсу работ даследчага характару і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. Настаўнікі названых вучняў Лілія Брэская, Людміла Расоха, Аляксандр Гарны, Ігар Пракаповіч і Аляксандр Вавінскі атрымалі Падзякі райвыканкама і грашовыя прэміі, бацькі — Падзячныя пісьмы.

Свае ўзнагароды для выпускнікоў падрыхтаваў і райкам БРСМ. 37 самых дзейсных і верных членаў рэспубліканскага саюза моладзі адзначаны граматамі. Пры гэтым дзесяці юнакам і дзяўчатам іх уручыла на плошчы першы сакратар раённага камітэта Кацярына Малевіч, астатнія атрымалі граматы на лінейках у школах. 15 чалавек рэкамендаваны да паступлення ў розныя ВНУ краіны.

Калі завяршылася афіцыйная частка мерапрыемства, на сцэну выйшлі ўдзельнікі вакальных і танцавальных студый школ, цэнтраў дзяцей і моладзі, культуры і народнай творчасці раёна. Сярод юных артыстаў было шмат выпускнікоў. Словамі песень яны развітваліся з бесклапотным дзяцінствам, настаўнікамі і школьнымі сябрамі. Выпускнікі ж вялі саму канцэртную праграму, у якую арганічна ўпісаліся музычныя нумары ў выкананні Аляксандра Апанасевіча і Ганны Казлоўскай. З місіяй вядучых удала справіліся 11-класнікі СШ №1 Паліна Кухальская і СШ №2 Захар Вялікі.

Кожнага артыста плошча сустракала і праводзіла гучнымі апладысментамі. Моладзь шчыра весялілася і танцавала пад вядомыя мелодыі. А завяршальнымі акордамі раённага свята сталі развітальны школьны вальс і апошні званок, які яшчэ доўга будзе адгукацца ў сэрцах цяпер ужо дарослых дзяцей.

Фота Алены Шапавалавай і Наталлі Налей

Больше фото в наших группах
в Одноклассниках и ВКонтакте



Читайте также:
Как в средней школе №3 прошёл последний звонок?
29 выпускников СШ №4 навсегда попрощались с беззаботным детством



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.