Поставский лесхоз переехал в новое здание и стал площадкой для республиканского семинара

Главное Общество

Інвестыцыі ў аснашчэнне і камфортныя ўмовы працы

Павышэнне эфектыўнасці распрацоўкі цяжкадаступных лесасек, прымяненне сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікі, рацыянальнае выкарыстанне мяккаліставой сыравіны і іншыя актуальныя пытанні развіцця лясной гаспадаркі разглядаліся на рэспубліканскім семінары, які ў чацвер прайшоў на базе Пастаўскага лясгаса. У яго рамках адбылося ўрачыстае адкрыццё адміністрацыйнага будынка прадпрыемства.

У семінары ўдзельнічалі першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка, дырэктары «Беллесэкспарту» — Леанід Дзям’янік, «Белдзяржлесу» — Андрэй Таркан, вытворча-камерцыйнага прадпрыемства «Аута» — Віктар Лабунько, генеральныя дырэктары абласных лесагаспадарчых вытворчых аб’яднанняў.

Пасля адкрыцця мерапрыемства госці наведалі дрэваапрацоўчы цэх «Смалярня». Тут працуюць 37 чалавек. За чатыры месяцы бягучага года яны выпусцілі 4,6 тысячы кубічных метраў піламатэрыялаў. Амаль 15% прадукцыі выраблена з драўніны ліставых парод. 3,15 тысячы метраў кубічных адпраўлены на экспарт. Выручка ад рэалізацыі склала 2 032 тысячы рублёў. Сярэдняя зарплата — больш за 1 300 рублёў.

Альтанка на тэрыторыі лясгаса

Затым семінар прадоўжыўся на адной з дзялянак Груздаўскага лясніцтва. Удзельнікі мерапрыемства паназіралі за работай сучаснай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы і вывазцы драўніны, асабліва з цяжкадаступных месцаў, абмеркавалі правядзенне высечак, найноўшыя тэхналогіі пры пасадцы лесу, якасць лесааднаўлення, змяншэнне сабекошту прадукцыі, атрыманне большага выхаду дзелавой драўніны.

Пасля абеду адбылося ўрачыс­тае адкрыццё новага адміністрацыйнага будынка лясгаса. У 2019 годзе райвыканкам бясплатна перадаў гэтай арганізацыі будынак былой мытні. У ім праведзена вялікая работа, укла­дзены немалыя сродкі і ў выніку створаны камфортныя ўмовы для працы. Прыгожа аформлена тэрыторыя навокал: альтанка, арэлі, шмат кветак. Будынак стаў упрыгажэннем вуліцы Крупскай.

Стужку пераразаюць генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага вытворчага аб’яднання Юрый Заблоцкі, першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі, дырэктар ТАА «ВКП «Аута» Віктар Лабунько, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка і дырэктар Пастаўскага лясгаса Уладзімір Місачэнка

—Адрамантаваўшы адмі­ні­страцыйны будынак і абуладкаваўшы тэрыторыю вакол яго, вы яшчэ раз даказалі, што здольныя выконваць любыя задачы, — гаварыў, віншуючы лясгасаўцаў з наваселлем, першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. — Дзякуючы вопытнаму кіраўніцтву, лясгас рэзультатыўна працуе і паспяхова развіваецца, уваходзіць у лік наймацнейшых прадпрыемстваў раёна. Тут створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Па выніках выканання сацыяльна-эканамічных паказчыкаў за 2020 год яму прысуджана 2-е месца ў вобласці. Са студзеня па красавік экспарт прадукцыі, якая выпускаецца, склаў 113% да аналагічнага перыяду мінулага года. Калектыў не застаецца ў баку ад раённых спраў, дапамагае ў добраўпарадкаванні горада, аказвае спонсарскую дапамогу ў іншых сферах.

— Пастаўскі лясгас ва ўсім імкнецца быць сярод першых і найлепшых, — адзначыў Валянцін Шатраўка. — У гэтым мы сёння пераканаліся ў чарговы раз. Стаўка робіцца на мадэрнізацыю, прымяняюцца дакладны эканамічны разлік, найноўшыя тэхналогіі, прафесійны падыход да вырашэння вытворчых пытанняў, рацыянальна выкарыстоўваецца рэсурсны патэнцыял лясоў, падтрымліваецца парадак у структурных падраздзяленнях, набываецца сучасная тэхніка, паспяхова выконваюцца задачы, якія ставіць Міністэрства лясной гаспадаркі. Парадаваў адміністрацыйны будынак, у які ўдыхнулі другое жыццё. Цудоўна, калі інвестыцыі ўкладваюцца не толькі ў нарыхтоўку, перапрацоўку, тэхнічнае перааснашчэнне, але і ў стварэнне годных умоў працы. Жадаю і надалей не збаўляць тэмпаў, дабівацца высокіх вынікаў.

Закладка памятнай алеі ў гонар Года народнага адзінства

Дырэктар лясгаса Уладзімір Місачэнка падзякаваў кіраўніцтву Мінлясгаса, раёна, падрадным арганізацыям за разуменне, падтрымку, а таксама запэўніў, што кадравы патэнцыял прадпрыемства, яго тэхнічная аснашчанасць, лесасечны фонд, якім багатая Пастаўшчына, у сукупнасці і ў далейшым будуць спрыяць стабільнай рабоце.

У гонар Года народнага адзінства госці заклалі памятную алею.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Городская баня по ул. Октябрьской приносит пользу для души и тела
Во время акции «Дарим радость» наведён порядок на детской площадке в горпарке
Массовая вырубка лесов? Как обстоят дела в Поставском лесхозе? Интервью с Валерием Гарбулем



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.