Специалисты Поставской райветстанции контролируют качество зеленой массы во время кормозаготовки

Сельское хозяйство

Якасны корм – высокія надоі і прывагі

Асновай рацыёну буйной рагатай жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд з’яўляецца сянаж. І важна не толькі закласці яго як мага больш, але і захаваць у ім пажыўныя рэчывы. Падчас корманарыхтоўкі якасць закладваемай зялёнай масы ў сянажныя траншэі кантралююць спецыялісты Пастаўскай райветстанцыі.

З галоўным ветэрынарным урачом раёна Андрэем Масцяніцам пабывала ў ААТ «Камайскі-агра». У той дзень закладвалі сянажную траншэю ў Дварчанах. Андрэй Іванавіч праверыў вільготнасць і тэмпературу зялёнай масы, якую амкадорам трамбаваў механізатар Леанід Счасны.

Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Андрэй Масцяніца вымярае вільготнасць і тэмпературу зялёнай масы

— У Беларусі распрацаваны тэхналагічны рэгламент нарыхтоўкі травяных кармоў, — расказваў Андрэй Масцяніца. — У «Камайскім» тэхналогія захоўваецца: траншэя вычышчана, пабелена, яе бакі закрыты чорнай поліэтыленавай плёнкай. Каб пясок не трапляў у траншэю, пад’язныя шляхі да яе высланы саломай. Тэмпература «зялёнкі» адпавядае норме — 32 градусы. Калі яна будзе вышэйшая за 37, маса можа «гарэць»,  што адмоўна адаб’ецца на якасці корму: у ім знізіцца ўтрыманне пратэіну, зменшыцца пажыўнасць. Каб гэтага не дапусціць,  вельмі важна сянажную масу добра трамбаваць. Яшчэ адна ўмова для атрымання якаснага сенажу — хуткае запаўненне траншэі — не больш за 3 дні. Таму гэта справа патрабуе зладжанай работы ўсіх звенняў тэхналагічнага ланцужка.

Каля фермы ў Свіранах работа проста кіпела! Поле, адкуль паступала зялёная маса ў сянажную траншэю, размешчана непадалёк фермы. Трактары хутка загружалі прычэпы і літаральна праз некалькі хвілін былі на разгрузцы. Механізатарам Паўлу Смільгіню і Сяргею Бразоўскаму не было калі перадыхнуць. Іх амкадоры інтэнсіўна рухаліся па траншэі, прыціскаючы вялікімі коламі здробненую масу.

Павел Смільгінь

Андрэй Масцяніца і тут праверыў нормы. Прыборы паказалі, што ўсё ў парадку.

Леанід Счасны

— Якасныя кармы — аснова прадукцыйнай жывёлагадоўлі, — гаварыў Андрэй Масцяніца. — У «Камайскім» корманарыхтоўка вядзецца з выкананнем усіх тэхналогій. У Навасёлках, Камаях, Буцавічах закладзеныя траншэі апламбаваны да зімы: яны герметычна закрыты двума слаямі плёнкі, якая зверху прыціснута мяшкамі з пяском. Нашы спецыялісты пастаянна трымаюць на кантролі якасць кармоў ва ўсіх гаспадарках раёна.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.