Не косят, не жнут — рвут. Льнозаводчане начали теребление долгунца

Сельское хозяйство

Не косяць, не жнуць – рвуць

Ільнозавадчане пачалі церабленне даўгунцу

Здаецца, зусім нядаўна з дырэктарам ільнозавода Алёнай Юрынёнак выязджала на сяўбу паўночнага шоўку. Пазней, праязджаючы па дарозе на Калееўцы, абапал якой расце гэта культура, любавалася яе дружнымі ўсходамі. Лён прадпрыемства сёлета вырошчвае амаль на 2 310 гектарах. Сяўбу, падкормку, апрацоўку супраць шкоднікаў правялі з захаваннем тэхналогіі. Ён дружна зацвіў, і ад гэтага блакітнага мора было вачэй не адвесці. Для фарміравання каробачак з насеннем хапала вільгаці і цяпла.

Але прайшлі моцныя дажджы. Яны і шквалісты вецер месцамі літаральна прыбілі лён да зямлі. Балюча гля­дзець на пакручаныя пасевы. Такога маштабнага палягання не было некалькі гадоў запар. Таму церабіць складана.

Дырэктар ільнозавода Алёна Юрынёнак з механізатарам Андрэем Маісеевым вызначаюць спеласць ільну

У пятніцу дырэктара льнозавода сустрэла ў полі каля Ліпнікаў. Механізатар Андрэй Маісееў на церабілцы аб’яз­джаў краі поля, пакідаючы за сабой дзве льняныя стужкі. З кіраўніком яны вызначылі напаўняльнасць насеннем ільняной каробачкі і фазу спеласці.

— Механізатары падзелены на два атрады, — расказвала Алёна Юрынёнак. — Адны працуюць каля Мышак, Сяргеевіч, другія — на землях Браслаўскага раёна. Надвор’е пастаянна ўносіць свае карэктывы. Нам застаецца толькі строга выконваць тэхналогію.

 Церабіць – гэта значыць, вырываць расліны з каранямі.

Адразу пачалі пробнае церабленне. Праз некалькі дзён выйшлі на масавае і цярэбяць на зелянец: аб’язджаюць краі, дзеляць участкі на загоны. Гэта паспрыяе хутчэйшаму паспяванню льну. На палетках задзейнічаны 6 церабілак і 8 ільнокамбайнаў. На іх працуюць вопытныя механізатары.

На зелянец плануюць выцерабіць 500 гектараў. Астатняе абмалоцяць на насенне. Пасля цераблення стужкі льносаломкі вылежваюцца прама ў полі. Для гэтага патрэбны сонечныя дні і росныя раніцы. Каб атрымаць якасную трасту, яе абарочваюць, а пры неабходнасці ўспушваюць. І толькі пасля высыхання ­прэс-падборшчыкі падбяруць трасту, спрасуюць у рулоны і даставяць у шохі на захоўванне і для далейшай перапрацоўкі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.